Езэкііля 1 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сталася трыццатага году, чацьвертага месяца, пятага дня месяца, як я быў меж палоненікаў ля ракі Хевар, што адчыніліся нябёсы, і я бачыў Божыя відзені.
 
І здарылася гэта ў трыццаты год, у пяты дзень чацвёртага месяца, калі я знаходзіўся сярод палонных ля ракі Кэбар, што адкрыліся нябёсы і бачыў я з’яву Божую.

Пятага дня месяца, каторы пятага году палону караля Егояхіна,
 
У пяты дзень месяца, а гэта быў пяты год ад перасялення цара Ёахіна,

Выразьліва было слова СПАДАРОВА Езэкіелю Вузянку, сьвятару, у зямлі Хальдэйскай, ля ракі Хевар, і рука СПАДАРОВА была там на ім.
 
Госпад прамовіў да святара Эзэкіэля, сына Буза, у зямлі халдэяў ля ракі Кэбар; і супачыла на ім там рука Госпада.

І бачыў я, і вось, буйны вецер веяў з поўначы, вялікі булак, і падаючы агонь ізь зіхценьням навокал яго, а ізь сярэдзіны яго штось бліскала, як бліскучы бруштын, ізь сярэдзіны цяпла.
 
І я паглядзеў: і вось, віхор дзьмуў з поўначы, і велізарная хмара, і агонь палымнеючы, ды бляск кругом яго, і з сярэдзіны яго — штосьці накшталт злітка золата са срэбрам, — гэта значыць з сярэдзіны агню;

Таксама ізь сярэдзіны яго вышла падобнасьць чатырох жывых стварэньняў, і такі быў выгляд іх: падобнасьць людзіны ў іх;
 
і ў сярэдзіне яго — штосьці накшталт чатырох істот жывых; і мелі яны такі выгляд: быў у іх выгляд чалавека.

і ў кажнага зь іх чатыры крылы;
 
Кожная з іх мела па чатыры твары і па чатыры крылы;

І ногі іхныя — простыя ногі, і ступы ног іхных — як ступы нагі цяляці, і блішчэлі, як бліск паліраванае бронзы;
 
ногі іх былі прамыя, а ступні ног іх былі падобныя да ступняў ног цяляці, і блішчалі яны, як медзь ззяючая.

І рукі людзкія пад крыламі на чатырох старанах іхных, чатыры віды а чатыры крылы ў вусіх чатырох;
 
І пад крыламі мелі яны рукі чалавечыя па чатырох баках. Твары ж і крылы былі ва ўсіх чатырох:

Крылы іхныя датыкакаліся адно да аднаго; яны не абарачаліся, як яны йшлі; ішлі кажны проста наперад.
 
крылы іх прылягалі адны да другіх; яны не адварочваліся, калі ішлі; але кожная істота ішла проста перад сабою.

Што да падобнасьці відаў іхных, то від чалавека й морда лява з права ў вусіх чатырох; і пыск вала зь лева ў вусіх чатырох; і ґлюґа арла таксама ў вусіх чатырох.
 
Падабенства ж твараў іх: кожная з чатырох істот мела з правага боку аблічча чалавека і выгляд ільва, а з левага боку кожная з чатырох мела выгляд вала і выгляд арла.

Гэткія былі віды іхныя. І віды іхныя, і крылы іхныя выцягненыя ўгару, два кажнага датыкаліся адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхныя.
 
І крылы іх былі скіраваныя ўгару; два крылы прылягалі адно да аднаго, і два закрывалі целы іх.

І йшлі кажны проста наперад; куды дух меў ісьці, туды яны йшлі; ідучы не абарачаліся.
 
І кожная ішла напрасткі: ішлі туды, куды іх вяло імкненне духу, і, ідучы, не адварочваліся.

Што да падобнасьці жывых стварэньняў, то выгляд іх як жарыны, як выгляд палаючых сьветачаў, што хадзілі памеж жывых стварэньняў; цяпло блішчэла, і зь цяпла выходзіла маланка.
 
І ў сярэдзіне між тымі істотамі жывымі — штосьці накшталт вугалёў, падобных да паходняў, што рухаюцца між тымі істотамі жывымі; і агонь кідаў яркі бляск, ды з агню ўздымаліся маланкі.

І жывыя стварэньні беглі й зварачаліся, як выгляд бліску маланкі.
 
І істоты жывыя ішлі і вярталіся назад, накшталт маланкі, што бліскае.

І як я глядзеў на жывыя стварэньне абачыў адно кола на зямлі каля жывых стварэньняў у чатырох выглядаў іх.
 
І калі прыгледзеўся я да тых істот жывых, то пры кожнай з тых істот жывых знаходзілася на зямлі адно кола.

Што да выгляду колаў, то падобныя да колеру бэрылу, і падобнасьць адна ў вусіх чатырох; і выгляд іх і выраб іх, быццам было кола ў сярэдзіне кола.
 
І выгляд тых колаў, і выраб іх — накшталт хрызаліта, і ўсе чатыры мелі аднолькавы выгляд; і здавалася, што былі яны зроблены так, што адно кола было ў другім.

Як яны йшлі, яны хадзілі на чатыры стараны свае; як яны йшлі, яны не абарачаліся.
 
Маглі яны хадзіць у чатырох напрамках; і, калі ішлі, не адварочва-ліся.

Што да абадоў, то яны былі такія высокія, што былі страшныя; і ў вусіх чатырох абадоў было поўна ачоў навокал.
 
А абады іх былі велізарныя і жахлівага выгляду; і абады іх былі поўныя вачэй вакол усіх чатырох.

І як ішлі жывыя стварэньне ішлі й колы ля іх; і як падыймаліся ізь зямлі жывыя стварэньні, падыймаліся й колы.
 
А калі гэтыя істоты жывыя рухаліся, таксама і колы іх рухаліся разам з імі; і калі істоты падымаліся з зямлі, падымаліся таксама і колы.

Куды духу надабе было йсьці, яны йшлі туды; і колы падыймаліся побач іх, бо дух жывых стварэньняў быў у колах.
 
Куды кіраваў іх дух, каб ісці, туды ішлі, і колы адначасова падымаліся, ідучы за імі; бо дух жывых істот знаходзіўся ў колах.

Як ішлі гэныя, ішлі гэтыя; і як гэныя стаялі, стаялі гэтыя; і як гэныя падыймаліся ізь зямлі, колы падыймаліся побач іх, бо дух жывых стварэньняў быў у колах.
 
Калі рухаліся гэтыя істоты, рухаліся і колы, і калі спыняліся, таксама і колы затрымліваліся; і калі яны падымаліся з зямлі, і колы падымаліся таксама, і колы ішлі за імі, бо дух жывых істот знаходзіўся ў колах.

І падобнасьць над галавамі жывых стварэньняў — прасьцяг, як падобнасьць зумяваючага крышталю, прасьцягненага зьверху над галавамі ў іх.
 
І над галовамі гэтых істот жывых было штосьці накшталт цвярдыні нябеснай, быццам крышталь ірдзеючы, раскінуты над іх галовамі ўгары.

І пад прасьцягам былі крылы іхныя, проста адно ля аднаго; у кажнага два — пакрыцьце ім на целы іхныя.
 
А пад цвярдыняй былі паднятыя крылы іх, адно каля аднаго; і кожная жывая істота пакрывала сваё цела двума крыламі.

І як яны йшлі, чуў шум крылаў іхных, як шум вялікіх водаў, як голас Усемагучага, гом сумятні, гоман табару; як яны адзержаваліся — апушчалі крылы свае.
 
І калі яны ішлі, чуў я шум крылаў, як шум многіх водаў, як голас Усемагутнага: калі яны ішлі, быў водгук аглушальны, як шум лагера ваеннага; і калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.

І быў голас зьверху прасьцягу, каторы над галавамі іхнымі; як яны адзержаваліся, апушчалі крылы свае.
 
Бо калі чуўся голас над цвярдыняй нябеснай, якая была над іх галовамі, яны спыняліся і крылы мелі апушчаныя.

І над прасьцягам, што над галавамі іхнымі, быў выгляд шафіру, падобнасьць пасаду; і на падобнасьці пасаду падобнасьць выгляду чалавека, зьверху над ім.
 
І над цвярдыняю нябеснаю, якая ўзвышалася над іх галовамі, было штосьці, што мела выгляд каменя сапфіравага, накшталт пасада; і на ім быццам постаць чалавека зверху.

І я бачыў падобнасьць бруштыну, як выгляд цяпла навокал яго ў ім, ад выгляду сьцёгнаў ягоных угару; і ад выгляду сьцёгнаў ягоных далоў я бачыў быццам выгляд цяпла, і было зьзяньне навокал яго.
 
І ўбачыў я штосьці накшталт злітка золата са срэбрам, які выглядаў, як агонь кругом яго, пачынаючы ад таго, што выглядала, як сцёгны, і вышэй; і ўніз ад таго, што выглядала, як сцёгны, убачыў я штосьці, як агонь, які ззяе вакол яго.

Як выгляд вясёлкі, што ў булаку ў дзень дажджу, такі быў выгляд зьзяньня навокал. Гэта быў выгляд падобнасьці сьці СПАДАРОВАЕ. І як я абачыў, паў на від і чуў голас гукаючага,
 
Як з’яўленне вясёлкі на воблаку ў дажджлівы дзень, такі быў той бляск наўкола. Гэтае бачанне падобнае да славы Госпада. І ўбачыў яго, і ўпаў на твар мой, ды пачуў я голас Таго, Хто гаварыў.