Езэкііля 20 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сталася сёмага году, пятага месяца, дзясятага дня месяца, што некатрыя із старцоў Ізраелявых прышлі папытацца ў СПАДАРА й селі перад імною.
 
І сталася сёмага года, пятага месяца, дзесятага дня таго ж месяца прыбылі некаторыя са старэйшын Ізраэля, каб парадзіцца з Госпадам, ды селі яны перада мною.

Тады было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
 
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Сыну людзкі! гукай старцом Ізраелявым і скажы ім: "Гэтак кажа Спадар: ’Ці вы прышлі папытацца ў Мяне? Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — Я не дазволю вам пытацца ў Мяне’".
 
«Сын чалавечы, кажы старэйшынам Ізраэля і скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Ці вы прыйшлі запытацца ў Мяне? Жыву Я, не адкажу вам”, — кажа Госпад Бог.

Ці будзеш судзіць іх, судзіць, сыну людзкі? агіды айцоў іхных паведай ім.
 
Ці ж будзеш судзіць іх, ці будзеш судзіць, сын чалавечы? Пакажы ім агіднасці бацькоў іх.

І скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Таго дня, калі Я абраў Ізраеля, і падняў руку сваю насеньню дому Якававага, і азнайміўся ім у зямлі Ягіпецкай, як Я падняў руку ім, кажучы: Я — СПАДАР, Бог ваш, —
 
І скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “У той дзень, калі Я выбраў Ізраэль і падняў руку Маю, прысягаючы нашчадкам дому Якуба, і з’явіўся ім у зямлі Егіпецкай ды падняў руку Маю, прысягаючы на іх карысць і кажучы: “Я — Госпад, ваш Бог”,

Таго дня Я падняў руку ім, вывесьці іх ізь зямлі Ягіпецкае да зямлі, што Я выглядзеў ім, што цячэць малаком а мёдам, харашыня ўсіх земляў.
 
у той дзень Я падняў руку Маю да іх, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай у зямлю, якую ім выбраў, якая ацякала малаком і мёдам, якая вылучаецца пасярод усіх земляў”.

Тады сказаў Я ім: "Кажны агіду аччу сваіх адкіньце й балванамі ягіпецкімі ня плюгаўцеся: Я — СПАДАР, Бог ваш!"
 
І сказаў Я ім: “Хай кожны выкіне агіднасці з вачэй сваіх, і не апаганьвайцеся ідаламі егіпецкімі; Я — Госпад, Бог ваш”.

Але яны збунтаваліся й не хацелі слухаць Мяне: ніхто не адхінуў агідаў аччу сваіх і не адхінуў балваноў ягіпепкіх. Тады Я сказаў: Я выльлю абурэньне Свае на іх, дакончу гнеў Свой на іх сярод зямлі Ягіпецкае.
 
І ўзбунтаваліся яны, і не захацелі Мяне слухаць; не адкінуў ніхто агіднасці з вачэй сваіх, і не пакінулі ідалаў егіпецкіх. І вырашыў Я выліць гнеў Свой на іх ды спагнаць абурэнне Сваё на іх у зямлі Егіпта.

Я ўчыніў, адылі, дзеля імені Свайго, каб яно ня будзенілася перад народамі, сярод каторых яны, на каторых ачох Я аб’явіўся ім, дзеяў, каб весьці іх ізь зямлі Ягіпецкае.
 
І зрабіў Я дзеля імя Майго, каб не было яно зняважана на вачах паганаў, сярод якіх знаходзіліся і сярод якіх Я з’явіўся ім, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай.

Дзеля таго вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае і прывёў іх на пустыню,
 
І Я вывеў іх з зямлі Егіпецкай, і завёў у пустыню,

І даў ім уставы свае, і паведаміў ім суды Свае, каторыя, калі поўне чалавек, то будзе жыць імі;
 
і даў ім прыказанні Мае, і аб’явіў ім законы Мае, каб, спаўняючы іх, чалавек жыў сярод іх.

І таксама Я даў ім сыботы Свае, каб былі знакам меж Мяне й іх, каб ведалі, што Я СПАДАР, Каторы ўсьвячае іх.
 
Акрамя таго, даў ім і суботы Мае, каб былі знакам паміж Мною і імі і каб ведалі, што Я — Госпад, Які іх асвячае.

Але збунтаваўся супроці Мяне дом Ізраеляў на пустыні: у вуставах Маіх не хадзілі й судамі Маімі пагрэбавалі, каторыя, калі поўне іх чалавек, то будзе жыць імі; сыботы Мае яны вельмі збудзенілі. І маніўся выліць Я палкі гнеў Свой на іх на пустыні, каб выгубіць іх.
 
І дом Ізраэля ўзбунтаваўся супраць Мяне ў пустыні: не жылі яны паводле прыказанняў Маіх і законы Мае адкінулі, спаўняючы якія, чалавек жыць імі будзе, і суботы Мае надта апаганілі. Дык Я сказаў, што вылью абурэнне Маё на іх у пустыні і іх знішчу.

І дзеяў Я, адылі, дзеля імені Свайго, каб яно ня будзенілася перад народамі, на каторых ачох Я вывеў іх.
 
І зрабіў Я паводле імя Майго, каб не было яно зняважана перад народамі, з якіх Я вывеў іх на вачах іх.

Але й таксама Я падняў руку Сваю ім на пустыні, што не прывяду іх да зямлі, каторую даў, каторая цячэць малаком а мёдам, харашыня ўсіх земляў;
 
Але падняў Я таксама руку Сваю супраць іх у пустыні, каб не ўводзіць іх у зямлю, якую Я даў ім, якая ацякае малаком і мёдам, выбранніцу з усіх земляў;

Бо судамі Маімі яны пагрэбавалі, а што да ўставаў Маіх, то не хадзілі ў іх, але збудзенілі сыботы Мае, бо сэрца іхнае йшло за балванамі іхнымі.
 
бо адкінулі яны законы Мае, і не спаўнялі прыказанняў Маіх, і суботы Мае апаганілі, бо ішло за ідаламі сваімі сэрца іх.

І пашчаджала іх вока Мае, каб не загубіць іх, і ня ўчыніла зьнішчэньня ім на пустыні.
 
І пашкадавала вока Маё іх, каб не вынішчыць іх; і не выгубіў Я іх у пустыні.

І Я сказаў дзяцём іхным на пустыні: у вуставах айцоў сваіх не хадзіце, судоў іхных не заховуйце й балванамі іхнымі ня плюгаўцеся.
 
Сказаў жа Я сынам іх у пустыні: “Не хадзіце паводле пастаноў бацькоў вашых, і не пільнуйце іх загады, ды не апаганьвайцеся ідаламі іх.

Я — СПАДАР, Бог ваш: у вуставах Маіх хадзіце, суды Мае дзяржыце й паўніце іх.
 
Я — Госпад, Бог ваш. Жывіце паводле прыказанняў Маіх і законы Мае пільнуйце і выконвайце іх,

І сыботы Мае сьвяціце, і будуць яны знакам меж Мяне й вас, каб вы ведалі, што Я — СПАДАР, Бог Ваш.
 
і святкуйце суботы Мае, каб былі яны знакам паміж Мной і вамі і каб ведалі вы, што Я — Госпад, Бог ваш”.

І збунтаваліся супроці Мяне дзеці: у вуставах Маіх не хадзілі й судоў Маіх не дзяржалі, каб паўніць іх, каторыя, калі поўне іх чалавек, то жывець імі, сыботы Мае збудзенілі. І маніўся Я выліць палкі гнеў Свой на вас, спагнаць гнеў Свой на іх на пустыні.
 
І супрацівіліся Мне тыя сыны; не жылі паводле прыказанняў Маіх і не захоўвалі законы Мае, каб спаўняць іх, — калі іх спаўняе чалавек, то ён жыве імі, — і апаганілі суботы Мае. І Я вырашыў, што вылью абурэнне Маё на іх і ўчыню гнеў Мой над імі ў пустыні.

Але Я зьвярнуў руку Сваю і ўчыніў дзеля імені Свайго, каб яно ня будзенілася на ачох народаў, на чыіх ачох Я вывеў вас.
 
Але адвярнуў Я руку Сваю і вырашыў дзеля імя Майго, каб не зневажаць яго на віду народаў, ад якіх Я вывеў іх на вачах іх.

Таксама падняў Я руку Сваю ім на пустыні, каб рассыпаць іх меж народаў і разьвеяць іх па краёх
 
Ізноў падняў Я руку Маю на іх у пустыні, каб разагнаць іх паміж народаў і раскінуць па чужых землях,

За тое, што не паўнілі судоў Маіх, але пагрэбавалі ўставамі Маімі, і збудзенілі сыботы Мае, і за балванамі айцоў іхных былі вочы іхныя.
 
за тое, што законы Мае не спаўнялі, і пагардзілі Маімі прыказаннямі, і суботы Мае апаганілі, і на ідалаў бацькоў сваіх яны падымалі вочы.

Затым Я даў ім нядобрыя ўставы а суды, каторымі яны не маглі б жыць,
 
Дзеля таго Я і даў ім законы нядобрыя, і пастановы, паводле якіх не маглі жыць;

І сплюгавіў іх собскімі дарамі іхнымі, тым, што праводзілі перазь цяпло кажнага, што адчыняе ўлоньне, каб спустошыць іх, каб даведаліся, што Я — СПАДАР’".
 
і Я апаганіў іх ахвярамі іх, калі яны ахвяроўвалі ўсё, што першароднае, каб абудзіць у іх страх ды каб даведаліся, што Я — Госпад».

Затым, сыну людзкі, гукай дому Ізраеляваму й скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Яшчэ гэтым айцове вашы блявузґалі на Мяне, ізраджаючы Мяне ізрадаю:
 
Дзеля таго кажы, сын чалавечы, дому Ізраэльскаму, і кажы ім: «Гэта кажа Госпад Бог: “Яшчэ і тым зняважылі Мяне бацькі вашы, калі выракліся яны Мяне, пагарджаючы Мною,

Як Я прывёў іх да зямлі, праз каторую падняў руку Сваю даць яе ім, яны глянулі на кажны высокі ўзгорак і на кажнае рассахатае дзерва, і абракалі там аброкі свае, і там давалі квелячыя дары свае, і клалі там духмяныя пахі свае, і ўзьлівалі там узьліваньні свае.
 
і калі Я ўвёў іх у зямлю, над якою Я ўзняў руку Маю, каб даць яе ім, убачылі яны кожны ўзгорак высокі і кожнае густалістае дрэва, і ўсклалі там свае ахвяры, і выклікалі гнеў там ахвярамі сваімі; і там ускладалі свае пахкія ахвяры, і ўчынялі ўзліванні свае”.

І сказаў Я ім: "Што гэта за ўзвышша, на каторае вы ходзіце?" І названа імя яго Бама дагэтуль’".
 
І Я казаў ім: “Што ёсць той узгорак, на які вы ўзыходзіце?” І называюць яго “ўзгоркам” аж па сённяшні дзень».

Затым кажы дому Ізраеляваму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Ці не дарогаю бацькоў вашых вы плюгавіцеся? і за агідамі іхнымі ці не бязуліце вы?
 
Таму скажы дому Ізраэля: «Вось што кажа Госпад Бог: “Канешне, шляхам бацькоў вашых вы апаганьваеце сябе, і распуснічаеце з іх ідаламі,

Бо як вы нясіце дары, як праводзіце сыноў сваіх перазь цяпло, вы плюгавіцеся ўсімі сваімі балванамі аж дагэтуль; ці вы будзеце пытацца ў Мяне, доме Ізраеляў? Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — вы ня будзеце пытацца ў Мяне.
 
і пры ўскладанні дароў вашых, калі праводзіце сыноў вашых праз агонь, вы апаганьваецеся з усімі ідаламі вашымі аж па сённяшні дзень, ды Я адкажу вам, дом Ізраэля? Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не дазволю, каб вы ў Мяне шукалі парады.

І таго, што прыходзе вам удум, ані ня будзе, што вы кажаце: "Будзем, як пагане, як радзімы краёў, служыць дзерву а каменю".
 
І тое, што вам на думку прыходзіць, не станецца ніколі, калі вы кажаце: “Будзем, як народы і як плямёны з іншых земляў, служыць дрэву і каменю”.

Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — напэўна дужою рукою а выцягненым цаўём а вылітым гневам я буду радзіць вас;
 
“Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — Я буду валадарыць над вамі моцнай рукою і плячом узнятым, ды са страшным абурэннем.

І вывяду вас дужою рукою а выцягненым цаўём а вылітым гневам ізь людаў, і зьбяру вас із краёў, ідзе вы рассыпаны,
 
І выведу вас спаміж народаў, і збяру вас з земляў, у якіх вы былі параскіданы; моцнай рукой і ўзнятым плячом, і са страшным абурэннем.

І прывяду вас на пустыню людаў, і там буду прававацца з вамі від да віду.
 
І прывяду вас у пустыню тых народаў, і буду вас судзіць там да твару тварам.

Як прававаўся з айцамі вашымі на пустыні зямлі Ягіпецкае, так буду прававацца з вамі, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
Падобна як судзіў Я вашых бацькоў у пустыні зямлі Егіпецкай, так і вас судзіць буду, — кажа Госпад Бог, —

І ўчыню, што вы пойдзеце пад розкаю, і прывяду вас у вязі змовы.
 
і правяду вас пад палкай Маёю, і правяду вас у путах запавету.

І вычышчу з памеж вас бунтаўнікоў а выступнікаў, і вывяду іх із краю, ідзе яны перабываюць, але ня ўвыйдуць яны ў зямлю Ізраельскую; і даведаецеся, што Я — СПАДАР.
 
І аддзялю ад вас парушальнікаў і бязбожнікаў, і выведу іх з зямлі, дзе пражываюць, і ў зямлю Ізраэля не ўвойдуць яны, і даведаецеся вы, што Я — Госпад”.

Узглядам вас, доме Ізраеляў, — гэтак кажа Спадар СПАДАР: — ідзіце, служыце кажны балваном сваім і потым, бо вы ня слухаеце Мяне, але наперад сьвятога імені Майго ня будзеньце дарамі а балванамі сваімі;
 
Ды вось, дом Ізраэля, гэта кажа Госпад Бог: “Хай кожны ідзе за сваімі ідаламі і служыць ім. Але потым ці не будзеце слухаць Мяне і ці ўжо болей не будзеце апаганьваць Маё святое імя вашымі ахвярамі і вашымі ідаламі?

Бо на сьвятой гары Маёй, на гары вышыні Ізраелявае, — агалашае Спадар СПАДАР, — там будзе служыць Імне ўвесь дом Ізраеляў, увесь у зямлі; там буду прыяць і там буду пытаць узьнесеньняў вашых і пачаткаў прыносаў вашых з усімі пасьвячэньнямі вашымі.
 
Бо на святой гары Маёй, на высокай гары Ізраэльскай, — кажа Госпад Бог, — там увесь дом Ізраэля будзе Мне служыць: усе, — кажу, — што на зямлі, на якой будуць Мне спагадныя; і там буду шукаць вашых ахвяр і першых дароў вашых ва ўсіх асвячэннях вашых.

З прыемным пахам зычліва вас прыйму, як вывяду вас ізь людаў і зьбяру вас із краёў, куды вы былі рассыпаны; і ўсьвячуся ў вас у ваччу народаў.
 
Прыму вас, як мілы пах, калі выведу вас пасярод чужых народаў і збяру вас з тых земляў, у якіх вы былі параскіданыя, і асвячуся ў вас перад вачамі гэтых народаў.

І даведаецеся, што Я — СПАДАР, як Я прывяду вас да зямлі Ізраелявае, да краю, праз каторы Я падняў руку Сваю даць айцом вашым.
 
І будзеце ведаць, што Я — Госпад, калі прывяду вас у зямлю Ізраэльскую, у зямлю, за якую падняў Я руку Сваю, каб даць яе бацькам вашым.

І ўспомніце там дарогі свае, каторымі вы сплюгавіліся, і вы будзеце брыдзіцца сабою ў вачох сваіх за ўсе ліха, што вы ўчынілі.
 
І ўзгадаеце там шляхі вашы ды ўсе злачынствы вашы, якімі вы апаганіліся, і самі адчуеце гідкасць да сябе, калі падумаеце аб усіх вашых ліхотах, якіх дапусціліся.

І даведаецеся, доме Ізраеляў, што Я — СПАДАР, як Я ўчыню з вамі дзеля імені Свайго, ня подле нягодных дарогаў вашых ані подле згубных учынкаў вашых’, — агалашае Спадар СПАДАР"».
 
І даведаецеся, што Я — Госпад, калі спагадаю Вам дзеля Майго імя, не дзеля вашых ліхіх шляхоў ды вашых найгоршых злачынстваў, дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог».

І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 

«Сыну людзкі, зьвярні від свой на паўдня й кажы супроці паўдня, і праракай супроці лесу паўднявога поля,
 

І кажы паўднявому лесу: "Слухай слова СПАДАРОВА: гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гля! Я запалю цяпло ў цябе, і яно пажарэць кажнае вагкое дзерва й кажнае сухое дзерва; ня будзе пагашана палаючае полымя, і ўсі віды ад паўдня аж да поўначы згараць у ім.
 

І абача кажнае цела, што Я, СПАДАР, запаліў яго, яно ня будзе пагашана’"».
 

Тады сказаў я: «Ах, Спадару Божа! яны кажуць імне: "Ці ня гукае ён прыпавесьці?"»