Езэкііля 2 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І Ён сказаў імне: «Сыну людзкі, стань на ногі свае, і Я буду гукаць да цябе».
 
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, стань на ногі твае, і Я буду гаварыць да цябе».

І ўвыйшоў у мяне дух, як Ён гукаў імне, і пастанавіў мяне на ногі мае, і я пачуў гукаючага імне.
 
І ўвайшоў у мяне дух, калі Ён да мяне гаварыў, і паставіў мяне на ногі мае, і я пачуў, як Ён да мяне прамаўляў

І Ён сказаў імне: «Сыну людзкі, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраелявых, да народаў бунтоўных, што збунтаваліся супроці Мяне; яны а айцове іхныя выступілі супроці Мяне аж дагэтуль.
 
і сказаў: «Сын чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраэля, да народа адступнікаў, што адвярнуліся ад Мяне; яны і бацькі іх выступаюць супраць Мяне аж да сённяшняга дня.

Сынове іхныя, да каторых Я пасылаю цябе, закалянелага віду й цьвярдога сэрца. І ты скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР".
 
І гэта людзі з тварамі без сораму і закамянелымі сэрцамі; Я пасылаю цябе да іх, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад Бог”.

І яны, ці будуць яны слухаць, ці адмовяцца слухаць (бо яны дом бунтоўны), даведаюцца, адылі, што быў прарока памеж іх.
 
А ці паслухаюць яны цябе, ці пагардзяць, — бо гэта народ упорысты, — аднак будуць ведаць, што прарок ёсць між імі.

Але ты, сыну людзкі, ня бойся іх, і словаў іхных ня бойся, хоць чупчыньнікі а цернь із табою, і ты жывеш меж скорпіёнаў; словаў іхных ня бойся ані палохайся відаў іхных, дарма што яны бунтоўны дом.
 
Такім чынам, ты, сын чалавечы, не бойся іх, ані палохайся слоў іх, нават калі вакол цябе будуць чартапалох і цярноўнік ды калі ты апынешся сярод скарпіёнаў. Не бойся іх слоў і не бойся іх твараў, бо гэта народ упорысты.

І ты будзеш гукаць ім словы Мае, ці будуць яны слухаць ці адмовяцца, бо яны бунтоўныя.
 
Такім чынам, ты будзеш казаць ім словы Мае, — ці будуць яны слухаць, ці пагардзяць, бо яны ўпорыстыя.

Але ты, сыну людзкі, слухай, што Я скажу табе: ня будзь бунтоўны, як гэны бунтоўны дом; адчыні вусны свае й зьеж, што Я дам табе»
 
А ты, сын чалавечы, слухай, што Я табе скажу, і не будзь упорысты, як гэты народ бунтоўны; адчыні вусны свае і з’еж, што Я табе даю».

І як глянуў я, вось, рука выцягнена да мяне, і, гля, кніжны зьвіток у ёй.
 
І паглядзеў я: і вось, выцягнулася рука да мяне, у якой быў скрутак кнігі. І разгарнуў Ён яго перада мною; а быў ён спісаны з аднаго і другога боку, і былі ў ім запісаны нараканні, і галашэнні, і бедаванні.

І разгарнуў яго перад імною, і запісаны з добрага й благога боку, і напісана на ім: «Галашэньне, уздыханьне а вык».