Езэкііля 18 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было імне слова Спадарова, кажучы:
 
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Што гэта вам, што вы кажаце гэтую прыказь узглядам зямлі Ізраелявае, кажучы: "Бацькі елі кіслае віно, а дзеці нагналі аскому на зубах?"
 
«Чаму ў вас у народзе паўтараеце між сабою гэтую прыказку ў зямлі Ізраэля, кажучы: “Бацькі з’елі няспелы вінаград, а аскома — на зубах у дзяцей”?

Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — вы наперад ня будзеце ўжываць гэтае прыказі ў Ізраелю.
 
Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не паўтарайце больш гэтае прыказкі ў Ізраэлі.

Абач, усі душы гэтыя Мае: як душа айцова, так таксама душа сыньняя — Мае яны; душа, што грэша, памрэць.
 
Вось, усе душы Мае: як душа бацькі, так і душа сына Мая; душа, што зграшыла, памрэ.

Але калі людзіна справядлівая і робе суд а справядлівасьць;
 
І чалавек, калі ён справядлівы, спаўняе закон і справядлівасць,

Ня ела на горах ані ўздыймала аччу сваіх да балваноў дому Ізраелявага, ані плюгавіла жонкі прыяцеля свайго, ані бліжылася да жонкі, здаленае за нечысьць;
 
не есць на ўзгорках і вачэй сваіх не падымае на ідалаў дому Ізраэля, і не ганьбіць жонку блізкага, і не набліжаецца да жонкі ў час яе нячыстасці,

І людзіна нікога ня ўціскала, зварачала даўжбіту заклад ягоны, не займалася глабаньням, давала хлеб галоднаму й накрывала голага адзецьцям;
 
і не крыўдзіць нікога, вяртае закладзенае даўжніку, не рабуе, падае хлеб свой галоднаму і голага апранае ў вопратку,

Не пазычала на працэнты ані брала прыросту, ад бяспраўя аддаляла руку сваю, чыніла запраўды суд меж людзіны й людзіны;
 
не займаецца ліхвярствам і не вымагае працэнтаў, беражэ руку сваю ад несправядлівасці, справядліва вырашае паміж чалавекам і чалавекам,

Хадзіла ў вуставах Маіх, дзяржала суды Мае, каб здойсьніць праўду: яна справядлівая, яна напэўна будзе жыць, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
захоўвае Мае прыказанні і пільнуе Мае законы, каб рабіць праўду, — такі чалавек справядлівы і жыць будзе, — кажа Госпад Бог.

Калі ў яго народзіцца сын глабаньнік, што разьлівае кроў, і робе што-лень із гэтых брату свайму,
 
А калі ён народзіць сына ліхога, які пралівае кроў і які вінаваты ў адным з гэтых злачынстваў,

І не паўніць ніякага з гэтых абавязкаў, але таксама на горах еў і сплюгавіў жонку прыяцеля свайго,
 
якіх сам ніколі не рабіў, які есць на ўзгорках і які ганьбіць жонку свайго блізкага,

Уціскаў убогага а беднага, глабае, не варочае закладу, але ўздыймае вочы свае да балваноў, робе агіды,
 
крыўдзіць беднага і ўбогага, рабуе, не аддае закладзенага, і падымае вочы свае на ідалаў, і дапускаецца агіднасці,

Пазычае на працэнты й бярэць прырост; дык мае ён жыць? Ня мае жыць: ён робе ўсі гэтыя агіды, ён канечне памрэць; кроў ягоная будзе на ім.
 
займаецца ліхвярствам і вымагае працэнтаў, — ці ж такі будзе жыць? Не, не будзе. Дапускаўся бо ўсіх гэтых злачынстваў, таму ён напэўна памрэ; кроў яго спадзе на яго самога.

Цяпер абач, у яго нарадзіўся сын, што бача ўсі грахі айца свайго, каторыя гэты робе, і разважае, і ня робе такіх:
 
Калі бо хто народзіць сына, які бачыў усе грахі бацькі свайго, якіх ён дапусціўся, збаяўся і не рабіў падобнага да гэтага,

Ня еў на горах ані ўзьнімаў аччу сваіх да балваноў дому Ізраелявага, ня сплюгавіў жонкі прыяцеля свайго,
 
не еў на ўзгорках, і не падымаў вачэй сваіх на ідалаў дому Ізраэля, і не ганьбіў жонкі блізкага свайго,

Нікога ня ўціскаў, ня браў закладу, ня глабаў, даваў хлеб свой галоднаму і накрываў адзецьцям голага,
 
і не крыўдзіў чалавека, закладзенага не затрымліваў і не рабаваў, даваў хлеб свой галоднаму, і голага апранаў у вопратку,

Не адыймаў рукі свае ад убогага, ня браў працэнтаў ані прыросту, чыніў суды Мае, хадзіў у вуставах Маіх; ён ня мае памерці за бяспраўе айца свайго, ён канечне мае жыць.
 
адварочваў руку сваю ад крыўды, не займаўся ліхвярствам і не патрабаваў працэнтаў, спаўняў законы Мае і выконваў Мае прыказанні, — такі не памрэ дзеля злачыннасці бацькі свайго, але будзе жыць.

Айцец ягоны, за тое, што ён уціскаючы ўціскаў, глабаючы глабаў брата й рабіў нядобрае меж люду свайго, гля, ён мае памерці ў бяспраўю сваім.
 
Бацька яго, бо строіў падкопы і рабаваў, і рабіў злое ў сваім народзе, вось, ён памрэ дзеля сваёй злачыннасці.

Вы скажаце, адылі: "Чаму не нясець сын бяспраўя айца свайго?" Калі сын рабіў суд а справядлівасьць, дзяржаў усі ўставы Мае і паўніў іх, ён канечне мае жыць.
 
І вы кажаце: “Чаму сын не адказвае за правіны бацькі?” Дык жа сын спаўняў закон і справядлівасць, захоўваў усе Мае прыказанні і выконваў іх, таму павінен жыць.

Душа, што ізгрэша, памрэць; сын не панясець бяспраўя айца, ані айцец не панясець бяспраўя сына; справядлівасьць справядлівага будзе на ім, і нягоднасьць нягоднага будзе на ім.
 
Душа, якая грашыць, памрэ; сын хай не адказвае за правіннасць бацькі, ані бацька — за правіннасць сына. Справядлівасць справядлівага будзе яму залічана, і бязбожнасць бязбожніка на яго спадзе.

Але калі нягоднік адвернецца ад усіх грахоў сваіх, што ён рабіў, і дзяржыць усі ўставы Мае, і робе суд а справядлівасьць, канечне будзе жыць, не памрэць.
 
Калі ж бязбожнік адвернецца ад усіх сваіх грахоў, якіх дапусціўся, і будзе захоўваць усе прыказанні Мае і спаўняць закон і справядлівасць, будзе жыць, не памрэ.

Усі выступы ягоныя, што ён зрабіў, ня будуць залічаны яму; у справядлівасьці сваёй, што ён рабіў, ён будзе жыць.
 
Усе злачыннасці яго, якіх дапусціўся, не будуць яму залічаны; у справядлівасці сваёй, якую робіць, жыць будзе.

Нягож Я зычу сьмерці грэшніка, — агалашае Спадар СПАДАР, — ці не валей, каб адвярнуўся ад дарогаў сваіх і жыў?
 
Ці ж воля Мая, каб загінуў бязбожнік, — кажа Госпад Бог, — і не тая, каб адвярнуўся ад дарогі сваёй ліхой і жыў?

Але калі справядлівы адвернецца ад справядлівасьці свае й будзе рабіць бяспраўе, зробе подле ўсіх агідаў, што нягоднік робе, ці мае ён жыць? уся справядлівасьць ягоная, што ён рабіў, ня будзе менавана; за ізраду сваю, што ён ізрадзіў, і за грэх свой, што ён ізграшыў, за іх ён памрэць.
 
Калі ж справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе рабіць несправядлівасць паводле ўсіх агіднасцей, якіх звычайна дапускаецца бязбожнік, ці ж такі будзе жыць? Уся справядлівасць яго, якую чыніў, не будзе залічана яму; у крывадушнасці, якой крывадушнічаў, і ў граху сваім, якім грашыў, — у іх памрэ.

Вы, адылі, скажаце: "Дарога Спадарова няправільная". Паслухайце ж, доме Ізраеляў: ціж дарога Мая ня правільная? ці ня ваша дарога няправільная?
 
І вы кажаце: “Несправядлівая дарога Госпада”. Дык слухайце, дом Ізраэля! Ці ж Мая дарога не ёсць справядлівая, і ці не болей вашы дарогі ёсць несправядлівыя?

Калі справядлівы адварачаецца ад справядлівасьці свае й робе бяспраўе, і памірае ў ім — за бяспраўе свае, што ён зрабіў, ён памрэць.
 
Калі бо справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе рабіць несправядлівасць, то памрэ; памрэ дзеля грахоў, якія чыніў.

Ізноў, калі нягоднік адвернецца ад нягоднасьці свае, што ён рабіў, і робе суд а справядлівасьць, ён захавае душу сваю.
 
І калі грэшнік адвернецца ад грахоўнасці сваёй, якой дапусціўся, і будзе спаўняць закон і справядлівасць, ён захавае душу сваю пры жыцці;

Затое, што ён разважае й адварачаецца ад усіх выступаў, што ён зрабіў, ён канечне будзе жыць, не памрэць.
 
бо адумаўшыся і адвярнуўшыся ад усіх злачыннасцей сваіх, якіх дапусціўся, будзе жыць, не памрэ.

І кажаце вы, доме Ізраеляў: "Няправільная дарога Спадарова". Доме Ізраеляў, ці Мая дарога ня правільная? ці ня вашы дарогі няправільныя?
 
І дом Ізраэля кажа: “Несправядлівая дарога Госпада”. Ці ж дарогі Мае несправядлівыя, доме Ізраэля, і ці не болей вашы дарогі несправядлівыя?

Затым, кажнага подле дарогаў ягоных буду судзіць вас, доме Ізраеляў, — агалашае Спадар СПАДАР; — пакайцеся й адвярніцеся ад усіх выступаў сваіх, дык бяспраўе ня будзе вам спатыкненьням.
 
Таму, дом Ізраэля, буду судзіць кожнага паводле яго шляхоў, — кажа Госпад Бог. — Навярніцеся і пакайцеся ва ўсіх сваіх грахах, і не будзе ў вас спакусы для злачыннасці.

Адкіньце ад сябе ўсі выступы вашы, каторымі вы выступалі, і зрабіце сабе новае сэрца а новы дух; бо нашто паміраць вам, доме Ізраеляў?
 
Адкіньце ад сябе ўсе грахі свае, у якіх жылі, і стварыце сабе новае сэрца і новы дух. І навошта мелі б вы паміраць, дом Ізраэля?

Бо Я ня зычу сьмерці паміраючага, — агалашае Спадар СПАДАР; дык навярніцеся й жывіце».
 
Бо Я не хачу смерці грэшніка, — кажа Госпад Бог. — Навяртайцеся і жывіце!