Езэкііля 26 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І сталася адзінанцатага году, першага дня месяца: было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
І сталася: адзінаццатага года, у першы дзень месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
«Сыну людзкі! за тое, што кажа Тыр празь Ерузалім: "Ага! ён, брамы людаў, патрышчаны; нахінены да мяне; я папоўнюся, ён спустошаны; —
«Сын чалавечы, дзеля таго што Тыр сказаў Ерузаліму: “Ага”, была разбітая брама народаў; яна звярнулася да мяне, яна была багатая, а зараз спустошаная,
За тое гэтак кажа Спадар СПАДАР: — гля, Я на цябе, Тыру, і ўзьвяду на цябе шмат народаў, як мора падыймае хвалі свае.
таму вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Тыр, і зраблю, што пойдуць супраць цябе народы шматлікія, як накатвае мора хвалямі;
І яны абураць сьцены Тыру й разбураць вежы яго; Я таксама заскрабу пыл ягоны зь яго й зраблю яго голаю скалаю.
разваляць муры Тыра, і вывернуць яго вежы, і Я вымету з яго пыл яго ды зраблю з яго найчысцейшую скалу.
Будзе расьцягненьне сецяў сярод мора, бо Я казаў, — агалашае Спадар СПАДАР, — і ён стане здабыткам народам.
Ён стане на моры месцам сушэння сетак, бо Я сказаў — кажа Госпад, — і будзе ён на рабунак народам.
І дачкі ягоныя, што на полю, будуць забіты мячом; і даведаюцца, што Я — СПАДАР"».
Таксама дочкі яго, што жывуць на зямлі, загінуць ад меча, і даведаюцца, што Я — Госпад”.
Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гля! Я прывяду з поўначы на Тыр Невухаднецара, караля Бабілёнскага, караля каралёў, з коньмі а зь цялежкамі а з коньнікамі, і груд і шмат люду.
Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я навяду на Тыр Набукаданосара, цара Бабілона, з поўначы, цара цароў з конямі, і калясніцамі, і вершнікамі, і з войскам, і з мноствам народа.
Ён заб’ець мячом дачкі твае ў полю і збудуе ўмацаваньні супроці цябе, і насыпе наспы супроці цябе, і выставе шчыт супроці цябе;
Дачок тваіх, якія жывуць на зямлі, заб’е ён мечам, ды акружыць цябе ўмацаваннямі, і паставіць вакол вал, і шчыт паставіць супраць цябе,
І тараны пастанове супроці сьценаў тваіх, і сякірамі сваімі абура вежы твае.
асадныя павеці з таранамі наставіць супраць тваіх муроў і разваліць твае вежы зброяй сваёю.
Ад множасьці коні ягоных пыл іх пакрые цябе; ад грукату коньнікаў а колаў а цялежак затрасуцца сьцены твае, як увыйдзе ў места пераз пралом.
Ад многіх коней яго пакрые цябе іх пыл, ад грукату яго коннікаў, і колаў, і калясніц дрыжаць будуць твае муры, калі ўваходзіць будзе ў брамы твае, як пры ўваходзе ў здабыты горад.
Капытамі коні сваіх ён стопча ўсі вуліцы твае, заб’ець люд твой мячом і моцныя стаўпы твае выверне далоў.
Капытамі сваіх коней будзе таптаць ён усе вуліцы твае, народ твой мечам пазабівае, і наймагутнейшыя твае калоны паваляцца на зямлю.
І паглабаюць багацьці твае, і абернуць у здабытак тавары твае, і абураць сьцены твае, і разломяць любовыя дамы твае, і камяні твае і дзерва твае, і пыл кінуць у ваду.
Будуць знішчаны багацці твае, парабаваны будуць тавары твае, і разваляць яны муры твае, і дамы твае багатыя разбураць, і камяні твае, і дрэвы твае, і пыл твой кінуць у сярэдзіну водаў.
І спыню гук песьняў тваіх, граньня гарпаў тваіх ужо ня будзе чуваць.
І спыню Я голас тваіх песняў, і гук цытраў тваіх не будзе чутны,
І зраблю цябе, як голую скалу, і будзеш на расьцягненьне сецяў, ня будзеш ізноў будаваны; бо Я, СПАДАР, казаў», — кажа Спадар СПАДАР.
і зраблю Я з цябе найчысцейшую скалу; будзеш ты месцам сушэння сетак і не адбудуешся больш, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР Тыру: «Ці ад грукату ўпаду твайго, калі раненыя будуць уздыхаць, калі зьдзеецца забіцьцё сярод цябе, не здрыгануцца абтокі?
Вось што кажа Госпад Бог Тыру: “Ці ад гуку знішчэння твайго і стогнаў тваіх забітых, калі знішчаны будуць яны сярод цябе, не задрыжаць астравы?
І зыйдуць із пасадаў сваіх усі князі морскія і зьдзенуць уборы свае, і ськінуць вышываныя адзецьці свае, адзенуцца ў дрыготу, сядуць на зямлю, і што часіны будуць здрыгацца а зумлявацца зь цябе.
І ўсе князі мора сыдуць з пасадаў сваіх, і скінуць плашчы свае, здымуць шаты свае разнастайныя і апрануцца ў страх, сядуць на зямлі і, ашаломленыя, будуць дрыжаць без перапынку і трэсціся будуць з-за цябе.
І завядуць па табе пахоўную песьню, і скажуць табе: "Як загінула ты, населенае маравікамі, славутае места, дужое на мору, яно а жыхары яго, каторае палохала ўсіх жыхараў сваіх!
І яны будуць галасіць дзеля цябе ды скажуць табе: “О, як жа ты прапаў, морам заліты, слаўны горад, які быў волатам на моры, ты з тваімі жыхарамі, якіх баяліся ўсе!”
Цяпер здрыгануцца абтокі ў дзень упаду твайго, і спалохаюцца абтокі, што ў мору, ад адыходу твайго"»;
Цяпер будуць дрыжаць караблі ў дзень тваёй загубы, і астравы на моры ўстрывожацца з-за твайго канца”.
Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Як Я ўчыню цябе местам спусьцелым, як месты незаселеныя, узьніму глыбіні на цябе, і пакрыюць цябе вялікія воды;
Вось так кажа Госпад Бог: “Калі Я зраблю цябе горадам спустошаным, як гарады, у якіх ніхто не жыве, і калі навяду на цябе вялікую бездань, і воды вялікія цябе накрыюць,
То зьвяду цябе з тымі, што адышлі ў яму, зь людам даўнейшага часу, пасаджу цябе ў нізкія часьці зямлі, у вечныя разьвярненьні, з тымі, што адходзяць у яму, каб ты ня было населенае; і дам харашыню зямлі жывых.
сцягну цябе з тымі, хто сыходзіць у магілу, да людзей даўніх часоў, і памяшчу цябе ў глыбінях зямлі, як руіны, навечна, з тымі, якія сыходзяць у магілу, так, каб больш не жыў ты ды больш не паўстаў у зямлі жывых.
І ўчыню цябе жахам, і ня будзеш; і будуць шукаць цябе, і ўжо ніколі ня знойдуць цябе», — агалашае Спадар СПАДАР.
Я ператвару цябе ў нікчэмнасць, і ты перастанеш існаваць, і будуць шукаць цябе, і ніколі не знойдуць навек”, — кажа Госпад Бог».