Езэкііля 39 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І ты, сыну людзкі, праракай праз Гога і скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гля, Я на цябе, Гожа, галоўны княжа Мешэха а Фувала!
Ты ж, сын чалавечы, праракуй супраць Гога і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Гога, вялікага князя зямлі Масок і Тубал;
І зьвярну цябе, і павяду цябе, і вывяду цябе з паўночных старон, і прывяду цябе на горы Ізраелявы.
і Я павярну цябе, і прывяду цябе, і прыцягну з далёкай Поўначы ды завяду цябе на горы Ізраэля.
І выб’ю лук твой зь левае рукі твае, і выкіну стрэлы твае з правае рукі твае.
І зламаю твой лук у левай руцэ тваёй, і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
На горах Ізраелявых павалішся ты, ты а ўсі вяткі твае а люды, што з табою; усялякім дзярлівым птушкам а зьвяром палявым аддам цябе пажэрці.
На гарах Ізраэля ўпадзеш ты, і ўсе твае дружыны, і народы, якія з табою; драпежным птушкам усякага роду і дзікім звярам палявым на жыраванне аддаю Я цябе:
Ты павалішся ў чыстым полю, бо Я казаў, — агалашае Спадар СПАДАР. —
падзеш ты на адкрытым полі, бо Я гэта сказаў, — кажа Госпад Бог.
І прышлю цяпло на Маґоґа й меж тых, што жывуць нядбайна на абтоку; і даведаюцца, што Я — СПАДАР.
І спашлю Я агонь на Магога і на тых, хто бяспечна жыве на астравах, і пазнаюць яны, што Я — Госпад.
І ўчыню ведамым сьвятое імя Сваё сярод люду Свайго Ізраеля, і наперад не дазволю будзеніць сьвятога імені Свайго: і даведаюцца народы, што Я — СПАДАР, Сьвяты ў Ізраелю.
І імя Маё святое зраблю вядомым сярод народа Майго Ізраэля і не дазволю зневажаць імя Маё святое ў будучыні, і пагане пазнаюць, што Я — Госпад, Святы Ізраэлеў.
Вось, гэта прыйдзе й станецца, — агалашае Спадар СПАДАР, — таго дня, праз каторы Я казаў.
Вось, прыходзіць і спаўняецца! — кажа Госпад Бог, — гэта той дзень, аб якім сказаў Я.
І выйдуць жыхары местаў ізраелявых, і раскладуць цяпло, і будуць паліць зброю, шчыты а панцыры, лукі а стрэлы, булавы а дзіды, і сем год будуць паліць іх цяплом.
І выйдуць жыхары з гарадоў Ізраэля, і распаляць агонь, і спаляць зброю, маленькія і вялікія шчыты, і лукі, і стрэлы, і булавы, і дзіды, і сем гадоў агнём паліць гэта будуць.
І ня будуць берці дроў з поля ані сячы зь лясоў, бо будуць паліць зброю цяплом; і будуць глабаць тых, што глабалі іх, і здабываць здабытак у тых, што здабывалі ў іх’, — кажа Спадар СПАДАР.
І не будуць яны прыносіць дроў з палёў, ані высякаць з лясоў, бо зброю будуць паліць у агні, і будуць рабаваць тых, якія іх рабавалі, і будуць браць здабычу з тых, якія з іх бралі здабычу, — кажа Госпад Бог.
І станецца таго дня: Я дам Ґоґу месца там пахову ў Ізраелю, даліну падарожных на ўсход ад мора, і яна будзе задзержаваць падарожных, і там пахаваюць Ґоґа а ўвесь люд ягоны, і назавуць яе даліною множасьці Ґоґавае.
І станецца, што ў той дзень Я вызначу Гогу слаўнае месца — магілу ў Ізраэлі, даліну Абарым на ўсход ад Мора, якая перапыняе дарогу для тых, хто праходзіць міма, і там пахаваюць яны Гога і ўсё яго войска, і назавуць яе далінаю Войска Гога.
І сем месяцаў будзе дом Ізраеляў хаваць іх, каб ачысьціць зямлю.
І хаваць іх будуць ізраэльцы, каб ачысціць зямлю за сем месяцаў;
І будзе хаваць яго ўвесь люд зямлі, і будзе ім дзень славуты тым, што Я буду ўслаўлены, — агалашае Спадар СПАДАР. —
а яго пахавае ўвесь народ зямлі, і ў іх праславіцца дзень, у які Я буду ўслаўлены, — кажа Госпад Бог.
І людзёў кажначасных выдзяляць, па зямлі праходзячых, хаваць тых падарожных, што застануцца на зьверху зямлі, каб ачысьціць яе; як мінець сем месяцаў, яны будуць шукаць.
І яны вызначаць людзей, якія мусяць пастаянна ісці па зямлі і хаваць тых, якія засталіся на паверхні зямлі, каб яе ачысціць; а як пройдзе сем месяцаў, пачнуць яны шукаць
І пройдуць праходзячыя па зямлі, і абачаць косьць людзкую, і ўткнуць тычку ля яе, пакуль пахоўнікі не пахаваюць яе ў даліне множасьці Ґоґавае.
і будуць яны хадзіць па зямлі, абыходзячы яе; і калі ўбачаць яны костку людскую, дык паставяць ля яе знак, аж пакуль не пахаваюць яе грабары ў даліне Войска Гога.
І таксама імя места будзе: "Гамона". Гэтак ачысьцяць зямлю’".
Таксама назва горада будзе Амона, і ачысцяць яны зямлю”.
Ты ж, сыну людзкі, гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Кажы птушкам кажнага пер’я й кажнаму зьвераняці палявому: ’Зьбірайцеся й прыходзьце, зьбірайцеся з аколіцаў на Мой аброк, што абракаю вам, аброк вялікі на горах Ізраелявых, каб вы елі мяса й пілі кроў.
А ты, сын чалавечы, — гэта кажа Госпад Бог, — кажы птушкам усякага роду і ўсім дзікім звярам палявым: “Збірайцеся, спяшайцеся, прыходзьце з усіх бакоў да Маёй ахвяры, якую Я ахвярую вам, вялікую ахвяру на гарах Ізраэля; каб елі вы мяса і пілі кроў!
Мяса дужых будзеце есьці і піць кроў князёў зямлі, бараноў, ягнят а казлоў, валоў, — усі зь іх укормленыя на Вашане.
Цела ваяроў будзеце есці і кроў магнатаў зямлі будзеце піць; усе бараны, ягняты, і казлы, і быкі — жывёла тлустая з Басана;
І будзеце есьці тук, пакуль не пад’ясьце досыць; і піць кроў, пакуль ня ўп’іцеся з Майго аброку, каторы Я аброк вам.
і спажываць будзеце тлушч дасыта, і кроў будзеце піць, аж будзеце п’яныя ад ахвяры, якую Я ахвярую для вас.
Гэтак пад’ясьце із столу Майго коні а цялежак дужасілаў а ўсіх вояў, — кажа Спадар СПАДАР. —
І пры Маім стале насыціцеся канём і запражным калясніцы, волатам і ўсякім ваяром”, — кажа Госпад Бог.
І Я зьяўлю славу Сваю меж народаў, і ўсі народы абачаць суд Мой, што Я ўчыніў, і руку Маю, што Я палажыў на іх.
І пакладу Маю славу сярод паганаў, ды ўсе пагане ўбачаць Мой суд, які правяду, і таксама руку Маю, якую на іх пакладу.
Дык даведаецца дом Ізраеляў, што Я — СПАДАР, Бог іх, адгэтуль і далей.
І даведаецца дом Ізраэля, што Я — Госпад, іх Бог адгэтуль і назаўсёды,
І даведаюцца народы, што ў бяспраўю сваім быў забраны ў палон дом Ізраеляў; бо яны ізрадзілі Мяне, за тое Я схаваў від Свой ад іх і даў іх у руку непрыяцеляў іхных; гэтак яны ўсі паваліліся ад мяча.
І пагане зразумеюць, што ізраэльцы дзеля сваёй правіннасці былі захоплены, бо адышлі ад Мяне, і Я аблічча Маё схаваў ад іх і аддаў іх у рукі іх ворагаў, і пападалі яны ўсе ад меча.
Подле нечысьцяў іхных і подле выступаў іхных Я ўчыніў ім і схаваў від свой ад іх’"».
Я зрабіў з імі паводле іх нячыстасці і паводле іх злачынстваў, і аблічча Маё схаваў ад іх.
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Цяпер Я зьвярну палон Якава і паспагадаю ўсяму дому Ізраеляваму, і буду завідны за Сваё сьвятое імя.
Дзеля гэтага вось што кажа Госпад Бог: “Цяпер Я змяню долю Якуба, і пашкадую ўвесь дом Ізраэля, і прыму руплівасць пра Сваё святое імя.
І пачуюць ганьбу сваю а ізраду, што яны ізрадзілі Мяне, як жылі бясьпечна ў зямлі сваёй, і ніхто іх ня страшыў,
І будуць несці яны сваю ганьбу і ўсю нявернасць, якой дапусціліся адносна Мяне, калі жылі бяспечна на зямлі Сваёй, і ніхто не будзе іх непакоіць.
Як зьвярну іх ізь людаў і зьбяру іх ізь земляў непрыяцеляў іхных, і ўсьвячуся ў іх на ачох шмат народаў;
І пасярод народаў выведу іх, і забяру іх з земляў іх ворагаў, і асвячуся сярод іх на віду многіх паганаў,
Тады яны даведаюцца, што Я — СПАДАР, Бог іх, каторы прычыніў, што яны пайшлі ў палон меж народаў; зьбер іх, адылі, да собскае зямлі іхнае, і не пакінуў зь іх нікога там.
і зразумеюць яны, што Я — Госпад, іх Бог, бо перасялю іх ад паганаў, збяру іх зноў у Сваёй зямлі, і не пакіну там аніводнага з іх.
І ўжо ня буду хаваць віду Свайго ад іх, бо выльлю дух Свой на дом Ізраеляў», — агалашае Спадар СПАДАР.
І больш не схаваю аблічча Майго ад іх, бо вылью Дух Мой на дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог».