Ераміі 1 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Словы Ярэмы Гілчанка ізь сьвятароў, што ўв Анафофе, у зямлі Веняміновай,
 
Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, з ліку святароў, якія былі ў Анатоце, у зямлі Бэньяміна.

Да каторага было слова СПАДАРОВА за дзён Ёсі Амосёнка, караля Юдэйскага, трынанцатага году дзяржавы ягонае.
 
Да яго скіраваў Госпад слова ў дні Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, у трынаццатым годзе яго царавання,

І яно было за дзён Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага, аж да канца адзінанцатага году Сэдэкі Ёсянка, караля Юдэйскага, аж да перасяленьня Ерузаліму ў пятым месяцу.
 
і было ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да канца адзінаццатага года Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да перасялення Ерузаліма ў пятым месяцы.

І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
 
Госпад скіраваў да мяне слова, кажучы:

«Уперад, чымся Я ўхармаваў цябе ў жываце, Я знаў цябе, і ўперад, чымся ты вышаў з улоньня, Я пасьвяціў цябе; за прароку народам Я даў цябе».
 
«Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлонні, Я ведаў цябе, і перш, чым выйшаў ты з нутра, Я пасвяціў цябе і паставіў цябе прарокам для народаў».

І сказаў: «Ах, Спадару СПАДАРУ, вось, я ня ўмею гукаць, бо дзяцюк я».
 
І сказаў я: «О Госпадзе, Божа! Дык жа я не ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!»

І сказаў СПАДАР імне: «Не кажы: "Я дзяцюк", бо да ўсіх, куды Я пашлю цябе, ты пойдзеш, і, што Я раскажу табе, будзеш гукаць.
 
І сказаў мне Госпад: «Не кажы: “Я юнак”, бо ты пойдзеш да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, і будзеш казаць усё, што Я табе даручу.

Ня бойся відаў іхных, бо з табою Я, каб вывальніць цябе», — агалашае СПАДАР.
 
Не бойся іх, бо Я з табою, каб цябе ратаваць», — кажа Госпад.

І выцягнуў СПАДАР руку Сваю, і даткнуўся да вуснаў маіх, і сказаў імне СПАДАР: «Я ўлажыў словы Свае ў вусны твае.
 
І працягнуў Госпад руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне: «Вось, перадаў Я словы Мае вуснамі тваімі;

Гля, сядні Я прызначыў цябе над народамі а над каралеўствамі, выкараняць а разбураць, губіць а ськідаць, будаваць а садзіць».
 
зірні: даю табе сёння ўладу над валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў».

І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы: «Ярэма, што бачыш ты?» І я сказаў: «Пруток ізь міндальнага дзерва я бачу».
 
І скіраваў Госпад да мяне наступнае слова: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І адказаў я: «Бачу я галінку міндальнага дрэва Таго, Хто чувае».

Тады сказаў СПАДАР імне: «Ты добра бачыў, бо Я чукавы да слова Свайго, каб выпаўніць гэта».
 
Госпад жа сказаў мне: «Добра бачыш, бо Я чуваю над словам Маім, каб споўніць яго».

І было слова СПАДАРОВА да мяне ўдругава, кажучы: «Што ты бачыш?» І я сказаў: «Бачу кіпячы гаршчок, зьвернены на поўнач».
 
Другі раз скіраваў Госпад слова Сваё да мяне: «Што ты бачыш?» І сказаў я: «Бачу я кацёл, што кіпіць, і яго месціва з паўночнага боку».

І сказаў СПАДАР імне: «З поўначы закіпіць бяда на ўсіх жыхараў гэтае зямлі;
 
І сказаў мне Госпад: «Ад поўначы распрастрэцца ліха на ўсіх жыхароў зямлі,

Бо гля, Я гукаю ўсі радзімы паўночных каралеўстваў, — агаласіў СПАДАР, — і прыйдуць яны, і пастановяць кажны пасад свой ля ўходу брамаў Ерузалімскіх, і на ўсіх сьценах яго навокал, і ля ўсіх местаў юдэйскіх.
 
бо вось, Я склічу ўсе валадарствы поўначы, — кажа Госпад, — і прыйдуць яны, і паставяць кожны свой пасад ля ўваходу ў брамы Ерузаліма, і супраць усіх муроў яго навокал, і супраць усіх гарадоў юдэйскіх.

І я выдам суд Свой на іх за ўсі нягоднасьці іхныя, што пакінулі Мяне, і кадзілі багом іншым, і кланяліся вырабам рук сваіх.
 
І выдам прысуды Мае на іх за ўсю іх ліхоту, што пакінулі Мяне, і палілі кадзіла чужым багам, ды пакланяліся творам рук сваіх.

А ты паперажы сьцёгны свае, устань і скажы ім усе, што Я табе расказую; не лякайся відаў іхных, каб Я не зьлякаў цябе перад імі.
 
Ты, вось, перапаяшы сцёгны свае, устань і гавары ім усё, што Я табе загадваю. Не бойся іх, каб Я часам не напоўніў цябе страхам перад імі.

А Я вось, Я пастанавіў цябе сядні местам умацаваным, зялезным стаўпом а мядзянымі сьценамі супроці ўсяе зямлі, супроці каралёў юдэйскіх, супроці князёў яе, супроці сьвятароў яе й супроці люду зямлі.
 
Вось, сёння Я раблю цябе мураванай цвярдыняй, жалезным слупам і медным мурам супраць усёй зямлі, для цароў юдэйскіх, для кіраўнікоў іх і святароў, і для народа зямлі.

Яны будуць ваяваць із табою, але не перамогуць цябе, бо з табою Я, каб выбаўляць цябе», — агалашае СПАДАР.
 
І будуць яны ваяваць супраць цябе, але не змогуць цябе перамагчы, бо Я з табою, — кажа Госпад, — каб ратаваць цябе».