Ераміі 41 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сталася сёмага месяца: Ізмайла, сын Нефані Елішаменка, з каралеўскага насеньня, і князі каралеўскія, ажно дзесяцёх чалавекаў зь ім, прышлі да Ґедалі Агікаменка да Міцпы, і разам елі хлеб там у Міцпе.
 
І было ў сёмы месяц: Ізмаэль, сын Натаніі, сына Элісамы, з роду царскага, і магнаты цара, і дзесяць чалавек з ім прыйшлі да Гадаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і там яны елі сумесна хлеб, у Міцпе.

І ўстаў Ізмайла Нефавёнак і дзесяцёх чалавекаў, што былі зь ім, і выцялі Ґедалю, сына Агікама Шафанёнка мячом, і забілі таго, каго кароль Бабілёнскі быў прызначыўшы за дзяржаўцу ў зямлі.
 
І падняўся Ізмаэль, сын Натаніі, і дзесяць чалавек, якія былі пры ім, і забілі мечам Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана. І забіў ён таго, якога цар Бабілона ўстанавіў кіраўніком зямлі.

І зразіў Ізмайла ўсіх Гэбрэяў, што былі зь ім, з Ґедалям, у Міцпе, і Хальдэяў, што апынуліся там, вояў.
 
І забіў Ізмаэль усіх жыхароў Юды, якія былі з Гадаліем у Міцпе, і халдэяў, якія там знаходзіліся, і ваяроў забіў Ізмаэль.

І сталася, назаўтрае па забіцьцю Ґедалі, і ніхто ня ведаў,
 
Наступнага дня па забіцці Гадаліі, калі яшчэ ніхто не ведаў,

І прышлі людзі із Шыхему, із Шыла а із Самары, асьмідзясят чалавекаў, з аголенымі барадамі й разьдзертым адзецьцям, і парэзаўшыся, з дарамі а кадзілам у руках, каб прынесьці да дому СПАДАРОВАГА.
 
прыйшлі людзі з Сіхэма, з Сіло і з Самарыі восемдзесят чалавек з аголенымі бародамі, раздзёртымі шатамі і нарэзамі на целе. І неслі яны ў руках дарункі і кадзіла, каб скласці ў ахвяру ў доме Госпада.

І вышаў Ізмайла Нефанёнак зь Міцпы наўпярэймы ім, і, ідучы, плакаў, і, як стрэў іх, сказаў ім: «Ідзіце да Ґедалі Агікаменка».
 
І выйшаў Ізмаэль, сын Натаніі, ім насустрач з Міцпы, крочыў і плакаў, ідучы. І калі сустрэў іх, сказаў ім: «Хадзіце да Гадаліі, сына Ахікама!»

І, як яны прышлі ў сярэдзіну места, Ізмайла Нефанёнак зарэзаў іх і кінуў у сярэдзіну ямы, ён а людзі, што былі зь ім.
 
І калі ўвайшлі яны ў сярэдзіну горада, пазабіваў іх Ізмаэль, сын Натаніі, і ўкінуў іх у яму, ён і людзі, якія былі з ім.

Было, адылі, меж іх дзесяцёх чалавекаў, што сказалі Ізмайлу: «Не забівай, бо мы маем скарбы ў полю, пшонку а ячмень а аліву а мёд»; дык ён узьдзержаўся й не забіў іх памеж братоў іхных.
 
І знайшліся паміж іх дзесяцёра мужоў, якія сказалі Ізмаэлю: «Не забівай нас, бо маем у полі схаваныя запасы: пшаніцу, ячмень, алей і мёд». Дык стрымаўся ён і не забіў іх разам з братамі іх.

Яма ж, у каторую Ізмайла ўкінуў трупы забітых ім людзёў дзеля Ґедалі, была тая, каторую кароль Аса выкапаў ад Ваашы, караля Ізраельскага; Ізмайла Нефанёнак напоўніў яе забітымі.
 
А яма ж, у якую кідаў Ізмаэль усе трупы людзей, якіх забіў, была тою вялікаю ямаю, якую зрабіў цар Аса супраць Баасы, цара Ізраэльскага; вось яе Ізмаэль, сын Натаніі, запоўніў забітымі.

І захапіў Ізмайла ў палон усю астачу люду, што ў Міцпе, дачкі каралеўскія і ўвесь люд, што застаўся ў Міцпе, каторых Невузар-Адан, начэльнік катаў, паручыў Ґедалі Агікаменку; дыкжэ іх узяў у палон Ізмайла Нефанёнак і пашоў, каб перайсьці да сыноў Амонавых.
 
І павёў Ізмаэль рэшту людзей, якія былі ў Міцпе, таксама дачок царскіх, якіх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, даручыў Гадаліі, сыну Ахікама. І забраў іх Ізмаэль, сын Натаніі, і адышоў, каб перайсці да сыноў Амона.

І пачуў Ёганан Карэажонак а ўсі вайводцы, што зь ім, праз усе ліха, што зрабіў Ізмайла Нефанёнак,
 
І пачуў Ёханан, сын Карэя, і іншыя кіраўнікі войскаў, якія з ім былі, пра ўсё ліха, якое ўчыніў Ізмаэль, сын Натаніі,

І ўзялі ўсіх людзёў, і пайшлі біцца з Ізмайлам Нефанёнкам, і знайшлі яго ля вялікіх водаў, што ў Ґівеоне.
 
і, сабраўшы ўсіх людзей, пайшлі яны ваяваць з Ізмаэлем, сынам Натаніі. І сустрэлі яны яго пры вялікіх водах у Габаоне.

І сталася, як увесь люд, што быў зь Ізмайлам, абачыў Ёганана Карэажонка а ўсіх вайводцаў зь ім, тады яны ўзрадаваліся.
 
І калі народ, які быў з Ізмаэлэм, убачыў Ёханана, сына Карэя, ды ўсіх кіраўнікоў войскаў, якія былі з ім, то ўсіх ахапіла радасць.

Дык увесь люд, што Ізмайла ўзяў у палон зь Міцпы, адвярнуўся ад яго, і навярнуліся й пашлі да Ёганана Карэажонка.
 
І адвярнуўся ўвесь народ, які ўзяў у палон Ізмаэль у Міцпе, і перайшоў да Ёханана, сына Карэя.

Але Ізмайла Нефанёнак ўцёк ад Ёганана з асьма чалавекамі і пайшоў да сыноў Амовавых.
 
А Ізмаэль, сын Натаніі, уцёк з васьмю людзьмі ад Ёханана і адышоў да сыноў Амона.

І ўзяў Ёгаван Карэажонак а ўсі вайводцы, што былі зь ім, астачу люду, каторую ён зьвярнуў ад Ізмайлы Нефанёнка зь Міцпы, просьле тога як ён забіў Ґедалю Агікаменка: дужасілаў, людзёў ваенных а жанкі а дзеці а легчанцоў, каторыя ён зьвярнуў зь Ґівеону.
 
А Ёханан, сын Карэя, і іншыя кіраўнікі войска, якія былі з ім, забралі ўсю рэшту людзей, якіх ён забраў у Ізмаэля, сын Натаніі, якія прыйшлі з Міцпы пасля таго, як ён забіў Гадалію, сына Ахікама, мужчын, здатных да бітвы, жанчын і дзяцей, і еўнухаў, якіх вывеў з Габаона.

І пашлі, і жылі ў сялібе Хімгам ля Бэтлеему, каб ісьці а прысьці да Ягіпту
 
І пайшлі яны, і затрымаліся ў Герут-Хамааме, які блізка да Бэтлехэма, каб сабрацца і пайсці ў Егіпет,

Ад Хальдэяў, бо баяліся іх, бо Ізмайла Нефанёнак забіў Ґедалю Агікаменка, каторага кароль Бабілёнскі прызначыў за дзяржаўцу ў зямлі.
 
далей ад халдэяў, бо баяліся іх, бо Ізмаэль, сын Натаніі, забіў Гадалію, сына Ахікама, якога цар Бабілона прызначыў кіраўніком у краіне.