Ераміі 21 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА, як кароль Сэдэка прыслаў да яго Пашгура Малшанка а Софоню Маасэенка, сьвятара, кажучы:
 
Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, калі цар Сэдэцыя паслаў да яго Пасура, сына Мэльхіі, і святара Сафонію, сына Маасіі, каб яму сказалі:

«Папытайся, калі ласка, праз нас у СПАДАРА, бо Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, ідзець на нас вайною; можа СПАДАР зьдзее штось такое, як усі Ягоныя чудосы, і тый адступе ад нас».
 
«Спытай пра нас Госпада, бо Набукаданосар, цар Бабілона, абвясціў нам вайну. Можа, Госпад учыніць нам штосьці паводле ўсіх цудаў Сваіх, ды той адступіць ад нас».

І сказаў ім Ярэма: «Гэтак скажыце Сэдэку:
 
І сказаў ім Ярэмія: «Так адкажыце Сэдэцыі:

"Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: ’Гля, я абярну назад ваенную зброю, што ў руках вашых, катораю вы ваюеце з каралём Бабілёнскім і з Хальдэямі, што аблягаюць вас вонках сьцяны, і зьбяру іх у сярэдзіне места гэтага;
 
гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я адвярну назад зброю, якая ў вашых руках і з якой вы ваюеце супраць цара Бабілонскага і халдэяў, якія аблягаюць вас звонку муроў, і збяру яе ў сярэдзіне гэтага горада.

І Я Сам буду ваяваць із вамі рукою выцягненаю і цаўём моцным, нават у гневе, пале і ў вялікім абурэньню;
 
І буду ваяваць Я супраць вас узнятаю рукою і дужым плячом, з гневам, лютаваннем і вялікім абурэннем.

І вытну жывучых у гэтым месьце, людзіну й статак: яны памруць ад вялікае ліпучкі.
 
І паб’ю жыхароў гэтага горада, людзей і жывёлу; паўміраюць яны ад вялікай пошасці.

І просьле гэтага, — кажа СПАДАР, — я аддам Сэдэку, караля Юдэйскага, а слугаў ягоных а люд а засталых у месьце гэтым ад ліпучкі, ад мяча а ад галадові, — у руку Невухаднецара, караля Бабілёнскага, і ў руку непрыяцеляў іхных, і ў руку тых, што шукаюць душаў іхных; і ён зразе іх лязом мяча, ён не пашчаджае іх, не пажалее альбо не паспагадае’".
 
А потым, — кажа Госпад, — Я выдам Сэдэцыю, цара Юдэйскага, і слуг яго, і народ яго, якія ацалеюць у гэтым горадзе ад заразы, ад меча і ад голаду, у рукі Набукаданосара, цара Бабілонскага, ды ў рукі ворагаў іх, ды ў рукі тых, якія цікуюць на іх душу. І ён заб’е іх вастрыём меча, і не будзе іх шкадаваць, не будзе мець літасці, ні міласэрнасці”.

А люду гэтаму скажы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Гля, Я сулю вам дарогу жыцьця й дарогу сьмерці:
 
І скажы гэтаму народу: гэта кажа Госпад: “Вось, Я прапаную вам дарогу жыцця і дарогу смерці.

Хто застанецца ў месьце гэтым, памрэць ад мяча а ад галадові а ад ліпучкі; а тый, што выйдзе й паддасца Хальдэям, што аблягаюць вас, будзе жыць, і душа ягоная будзе яму за здабытак;
 
Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і заразы. Хто ж выйдзе, каб аддацца ў няволю халдэям, якія аблягаюць вас, будзе жыць ды будзе яму душа яго замест здабычы.

Бо Я абярнуў від Свой супроці места гэтага, — кажа СПАДАР, — на ліха, а не на дабро, — агалашае СПАДАР: — яно будзе аддана ў руку караля Бабілёнскага, і спале цяплом’".
 
Накіраваў бо Я Сваё аблічча на гэты горад на ліха, а не на дабро, — кажа Госпад. — Будзе ён выдадзены ў рукі цара Бабілонскага, які спаліць яго агнём”.

А што да дому караля Юдэйскага, то слухайце слова СПАДАРОВА:
 
Адносна дома цара Юдэйскага слухайце слова Госпада:

"Доме Давідаў! гэтак кажа СПАДАР: ’Правуйце суд нараніцы і вывальняйце глабанага з рукі ўцісканьніка, каб гнеў Мой не зьявіўся, як цяпло, і не запалаў, і няма гасячага, — за ліха ўчынкаў вашых.
 
“Дом Давіда! Гэта кажа Госпад: “Судзіце справядліва раніцай, вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля, каб часам не ўзняўся гнеў Мой, як агонь, ды не разгарэўся так, што не будзе каму загасіць, з прычыны ліхоты ўчынкаў вашых”.

Гля, Я супроці цябе, жыхарка даліны, скала раўніны, — агалашае СПАДАР, — каторыя кажаце: "Хто зыйдзе на нас? і хто ўвыйдзе ў гасподы нашы?"
 
“Вось, Я да цябе, жыхарка даліны, скала на раўніне, — кажа Госпад. — Вы гаворыце: “Хто нападзе на нас? І хто ўвойдзе ў дамы нашы?”

Бо Я даведаюся да вас подле пладоў учынкаў вашых, — агалашае СПАДАР, — і запалю цяпло ў лесе тваім, і яно пажарэць усе навокал яго’"».
 
А Я пакараю вас паводле плёну ўчынкаў вашых, — кажа Госпад, — і запалю агонь у лесе яе, і паглыне ён усё вакол яе».