Ёны 1 разьдзел
Кніга прарока Ёны
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І было слова СПАДАРОВА Ёну Амітаёнку, кажучы:
І было слова Госпада да Ёны, сына Амаці:
«Устань, пайдзі да Ніневы, места вялікага, і гукай да яго, што ўзышло ліха іхнае перад відам Маім».
«Устань ды ідзі ў Нініву, вялікі горад, і праракуй у ёй, бо злачыннасць яе дайшла да Мяне».
І ўстаў Ёна, каб уцячы да Таршышу ад віду СПАДАРОВАГА, і зышоў да Яфы, і знашоў караб, што плыў да Таршышу; і даў плату, і зышоў да карабля, каб прыплыць ізь імі да Таршышу ад віду СПАДАРОВАГА.
Дык устаў Ёна, каб уцячы ў Тарсіс ад аблічча Госпада, і сышоў у Ёпэ, і знайшоў карабель, які плыў у Тарсіс, і заплаціў належную плату ды сеў у яго, каб плысці з імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.
Але СПАДАР пусьціў вялікі вецер на мора, і ўзьнялася вялікая бура на мору, і думалі, што караб разаб’ецца.
А Госпад кінуў на мора моцны вецер, і паднялася вялікая бура на моры, так што караблю пагражала разбіццё.
І зьлякаліся маравікі, і крычэлі кажны да свайго бога, і выкінулі ў мора рэчы, што былі ў караблю, каб палягчыць сабе гэтым; а Ёна зышоў на далоўе боку карабля, і лёг, і моцна заснуў.
Дык напалохаліся маракі, і кожны прызываў свайго бога, і кінулі яны ў мора ладунак, які быў на караблі, каб зрабіць яго лягчэйшым. А Ёна сышоў у нутро карабля, лёг і моцна заснуў.
І дабліжыўся да яго начэльнік карабля, і сказаў яму: «Што табе, што ты так моцна сьпіш? устань, гукай да Бога свайго, можа ўспомне тый Бог праз нас, і мы не загінем».
І прыйшоў да яго стырнавы, і сказаў яму: «Што ты спіш? Устань і прызывай Бога твайго, можа, Бог успомніць пра нас, і мы не папрападаем».
І сказалі адзін аднаму: «Пайдзіма, і кіньма на жэрабя, і даведаемся пераз каго гэта вялікае ліха на нас». І кінулі на жэрабя, і пала жэрабя на Ёну.
І казалі маракі адзін другому: «Хадзем, кіньма жэрабя і даведаемся, чаму гэтае няшчасце прыйшло на нас». І кінулі жэрабя, і жэрабя выпала на Ёну.
І сказалі яму: «Скажы ж нам, чаму, з чые прычыны сталася гэтае вялікае ліха? які твой занятак? і скуль прышоў? і што за край твой? зь якога народу ты?»
Дык спыталіся ў яго: «Скажы нам, з якой прычыны гэтае няшчасце напаткала нас? Чым ты займаешся і адкуль ты ідзеш? Якая зямля твая ды з якога ты народа?»
І сказаў ім: «Гэбрэй я, і СПАДАРА, Бога нябёснага, я баюся, Каторы ўчыніў моры й сушу».
І сказаў ён ім: «Я — гебрай, і баюся Госпада, Бога Нябеснага, Які стварыў мора і сухмень».
І зьлякаліся тыя людзі лякам вялікім, і сказалі яму: «Што гэта ты зрабіў?» бо ведалі тыя людзі, што ад віду СПАДАРОВАГА ён уцякаў, бо прызнаўся ім.
Тады вялікі страх ахапіў людзей, і яны пыталіся ў яго: «Чаму ты гэта зрабіў?» Даведаліся бо людзі, што ён уцякаў ад аблічча Госпада, бо ён сам прызнаўся ім.
І сказалі яму: «Што нам зрабіць із табою, каб сьціхла мора нам?» бо мора ўсе болей узбуралася.
І яны пыталіся ў яго: «Што маем зрабіць з табою, каб мора перастала бушаваць вакол нас?» Бо мора ўсё болей і болей хвалявалася.
І сказаў ім: «Падыйміце мяне й кіньце мяне ў мора, — і змоўкне мора вам; бо ведаю я, што за мяне гэта вялікая бура на вас».
І сказаў ён ім: «Вазьміце мяне і кіньце ў мора, і мора перастане хвалявацца супраць вас; бо ведаю, што дзеля мяне паднялася гэтая бура супраць вас».
І моцна веславалі тыя людзі, каб зьвярнуцца на сушу, і не маглі, бо мора болей а болей узбуралася ля іх.
І веславалі людзі гэтыя, каб вярнуцца да сухмені, але не маглі, бо мора падымалася супраць іх.
І гукалі да СПАДАРА, і сказалі: «Молім Цябе, СПАДАРУ, дай хай не загінем за душу гэтага чалавека, і не ўскладай на нас кроў нявінную, бо ты, СПАДАРУ, як захоця зробіш».
Дык прызывалі яны Госпада і казалі: «О Госпадзе, просім Цябе, хай не загінем мы з прычыны душы гэтага чалавека, і не абцяжарвай нас крывёю нявіннаю, бо Ты, Госпадзе, як захочаш, так і зробіш».
І паднялі Ёну, і кінулі яго ў мора, і перастала мора гневацца.
І ўзялі яны Ёну, і кінулі ў мора, і мора перастала шалець.
І баяліся тыя людзі страхам вялікім СПАДАРА, і абракалі аброк СПАДАРУ, і абяцалі абятніцы.
І агарнуў людзей вялікі страх перад Госпадам, і складалі яны ахвяры Госпаду, і давалі прырачэнні.