Ёны 1 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было слова ГОСПАДА да Ёны, сына Амітая, кажучы:
 
І было слова Госпада да Ёны, сына Амаці:

«Устань, ідзі ў Нініву, горад вялікі, і кажы супраць яго, бо ўзышло ліхоцьце іхняе перад аблічча Маё».
 
«Устань ды ідзі ў Нініву, вялікі горад, і праракуй у ёй, бо злачыннасць яе дайшла да Мяне».

І ўстаў Ёна, каб уцячы ў Таршыш ад аблічча ГОСПАДА, і зыйшоў у Яфу, і знайшоў карабель, які плыў у Таршыш; і даў плату, і зыйшоў на карабель, каб плыць з імі ў Таршыш ад аблічча ГОСПАДА.
 
Дык устаў Ёна, каб уцячы ў Тарсіс ад аблічча Госпада, і сышоў у Ёпэ, і знайшоў карабель, які плыў у Тарсіс, і заплаціў належную плату ды сеў у яго, каб плысці з імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.

Але ГОСПАД пусьціў вялікі вецер на мора, і ўзьнялася вялікая бура на моры, і думалі, што карабель разаб’ецца.
 
А Госпад кінуў на мора моцны вецер, і паднялася вялікая бура на моры, так што караблю пагражала разбіццё.

І напалохаліся маракі, і крычалі кожны да бога свайго, і выкінулі ў мора рэчы, што былі на караблі, каб быў лягчэйшым; а Ёна зыйшоў у сярэдзіну карабля, і лёг, і моцна заснуў.
 
Дык напалохаліся маракі, і кожны прызываў свайго бога, і кінулі яны ў мора ладунак, які быў на караблі, каб зрабіць яго лягчэйшым. А Ёна сышоў у нутро карабля, лёг і моцна заснуў.

І наблізіўся да яго корнік, і сказаў яму: «Што табе, што ты сьпіш? Устань, кліч да Бога свайго, можа, узгадае Бог пра нас, і мы не загінем».
 
І прыйшоў да яго стырнавы, і сказаў яму: «Што ты спіш? Устань і прызывай Бога твайго, можа, Бог успомніць пра нас, і мы не папрападаем».

І сказалі адзін аднаму: «Хадземце, кіньма жэрабя, і даведаемся, праз каго гэтае ліха [прыйшло] на нас». І кінулі жэрабя, і выпала жэрабя на Ёну.
 
І казалі маракі адзін другому: «Хадзем, кіньма жэрабя і даведаемся, чаму гэтае няшчасце прыйшло на нас». І кінулі жэрабя, і жэрабя выпала на Ёну.

І сказалі яму: «Скажы нам, з якой прычыны гэтае ліха [прыйшло] на нас? Які занятак твой? Адкуль ты прыйшоў? З якога ты краю і з якога народу?»
 
Дык спыталіся ў яго: «Скажы нам, з якой прычыны гэтае няшчасце напаткала нас? Чым ты займаешся і адкуль ты ідзеш? Якая зямля твая ды з якога ты народа?»

І ён сказаў ім: «Я — Гебрай, і я баюся ГОСПАДА, Бога нябёсаў, Які ўчыніў мора і сухазем’е».
 
І сказаў ён ім: «Я — гебрай, і баюся Госпада, Бога Нябеснага, Які стварыў мора і сухмень».

І спалохаліся тыя людзі страхам вялікім, і сказалі яму: «Чаму ты гэта зрабіў?», бо даведаліся тыя людзі, што ён уцякае ад аблічча ГОСПАДА, бо ён абвясьціў ім [гэта].
 
Тады вялікі страх ахапіў людзей, і яны пыталіся ў яго: «Чаму ты гэта зрабіў?» Даведаліся бо людзі, што ён уцякаў ад аблічча Госпада, бо ён сам прызнаўся ім.

І сказалі яму: «Што нам зрабіць з табою, каб сьціхла мора?», бо мора ўсё больш бушавала.
 
І яны пыталіся ў яго: «Што маем зрабіць з табою, каб мора перастала бушаваць вакол нас?» Бо мора ўсё болей і болей хвалявалася.

І ён сказаў ім: «Вазьміце мяне і кіньце ў мора, і супакоіцца мора, [якое] супраць вас, бо я ведаю, што з-за мяне гэтая бура вялікая супраць вас».
 
І сказаў ён ім: «Вазьміце мяне і кіньце ў мора, і мора перастане хвалявацца супраць вас; бо ведаю, што дзеля мяне паднялася гэтая бура супраць вас».

І моцна веславалі тыя людзі, каб вярнуцца на сухую зямлю, і не маглі, бо мора больш і больш бушавала супраць іх.
 
І веславалі людзі гэтыя, каб вярнуцца да сухмені, але не маглі, бо мора падымалася супраць іх.

І клікалі яны да ГОСПАДА, і сказалі: «ГОСПАДЗЕ, молім Цябе, няхай не загінем мы за душу чалавека гэтага, і не ўскладай на нас кроў нявінную, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, як захочаш, так і зробіш».
 
Дык прызывалі яны Госпада і казалі: «О Госпадзе, просім Цябе, хай не загінем мы з прычыны душы гэтага чалавека, і не абцяжарвай нас крывёю нявіннаю, бо Ты, Госпадзе, як захочаш, так і зробіш».

І яны паднялі Ёну, і кінулі яго ў мора, і перастала мора гневацца.
 
І ўзялі яны Ёну, і кінулі ў мора, і мора перастала шалець.

І напалохаліся тыя людзі страхам вялікім перад ГОСПАДАМ, і складалі яны ахвяры ГОСПАДУ, і абяцалі абяцаньні.
 
І агарнуў людзей вялікі страх перад Госпадам, і складалі яны ахвяры Госпаду, і давалі прырачэнні.