Другі закон 1 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Вось словы, якія прамовіў Майсей да ўсяго Ізраіля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафэлем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,
 
Гэта словы, якія прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфа, паміж Паранам, і Тафелам, і Лабанам, і Асэротам, і Дызагабам,

на адлегласьці ў адзінаццаць дзён [дарогі] ад Харэву праз горы Сэір да Кадэш-Барнэа.
 
на адлегласці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэба да Кадэс-Барнэ праз горы Сэір.

І сталася ў саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы [дзень] месяца прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля ўсё, што яму ГОСПАД загадаў сказаць ім.
 
У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад загадаў, каб ён сказаў ім.

Пасьля перамогі над Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, валадаром Башану, які жыў у Аштароце ў Эдрэі,
 
Пасля таго, як ён забіў Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, і Ога, цара Басана, які жыў у Астароце і ў Эдраі,

за Ярданам, у зямлі Мааў, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты, кажучы:
 
за Ярданам, у зямлі Мааба, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:

«ГОСПАД, Бог наш, прамовіў да нас на Харэве, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
 
«Госпад, Бог наш, прамаўляў да нас на Гарэбе, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.

Павярніцеся і выйдзіце, і ідзіце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгеў, і на бераг мора, у зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат.
 
Абярніцеся і выберыцеся, і ідзіце на гару амарэяў і да ўсіх суседзяў іх: у Арабе, і ў гарах, і ў Сэфэле, і ў Нагэбе, і на марскім узбярэжжы; у зямлю хананеяў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.

Глядзіце, Я даў вам гэтую зямлю. Увайдзіце, вазьміце на ўласнасьць зямлю гэтую, якую запрысяг ГОСПАД даць Абрагаму, Ісааку і Якубу, і насеньню іхняму пасьля іх”.
 
Вось, кажа, Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе ва ўласнасць, бо яе паабяцаў Госпад бацькам вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, што аддасць яе ім і іх нашчадкам пасля іх”.

І сказаў я вам у той час: “Не магу я адзін весьці вас;
 
І сказаў ён ім у той час: “Не магу я адзін весці вас;

ГОСПАД, Бог ваш, памножыў вас, і вось, сёньня вы шматлікія, як зоркі ў небе.
 
Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сёння вас так многа, як зорак у небе.

ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, няхай павялічыць вас у тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.
 
Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасць да гэтай лічбы многія тысячы і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.

Як я адзін панясу патрэбы вашыя, цяжары вашыя і спрэчкі вашыя?
 
Не магу я адзін забяспечыць вашы патрэбы, пераносіць вашы цяжары і спрэчкі.

Выберыце сабе ў каленах вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі”.
 
Абярыце сабе людзей мудрых і богабаязных, лад жыцця якіх выпрабаваны ў пакаленнях вашых, і я пастаўлю іх кіраўнікамі вашымі”.

І адказалі вы мне, і сказалі: “Добрая гэта рэч, якую ты кажаш зрабіць”.
 
Тады адказалі вы мне: “Добрая гэта рэч, што ты хочаш зрабіць”.

І выбраў я тады з начальнікаў каленаў вашых мужоў справядлівых і выспрабаваных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясятнікамі, дзясятнікамі і загадчыкамі працы для каленаў вашых.
 
Дык выбраў я тады з вашых пакаленняў мужоў мудрых і выпрабаваных, і паставіў іх князямі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, кіраўнікамі над пяццюдзесяццю, кіраўнікамі над дзесяццю і загадчыкамі працы для пакаленняў вашых.

І загадаў я судзьдзям вашым, кажучы: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва між чалавекам і братам ягоным, і прыхаднем.
 
У той час загадаў я суддзям вашым: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва, — суайчыннік ён ці прыбылец.

Не глядзіце на аблічча ў судзе, выслухайце як малога, так і вялікага. Ня бойцеся аблічча чалавека, бо гэта суд Божы. А справу, якая для вас будзе цяжкай, прынясіце да мяне, і я выслухаю яе”.
 
Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, не бойцеся ніводнай асобы, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа падавалася вам цяжкай, скіроўвайце да мяне, і я выслухаю”.

І я загадаў вам пра ўсе рэчы, якія вы маеце рабіць.
 
У той час загадаў я вам усё, што вы маеце рабіць.

І вырушылі мы ад Харэву і прайшлі ўсю пустыню гэтую, вялікую і страшную, якую вы бачылі, па шляху да гор Амарэйскіх, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа.
 
Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, якую вы бачылі, праз гару амарэйскую, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Барнэ.

І я сказаў вам: “Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, якія ГОСПАД, Бог наш, дае нам.
 
І сказаў я вам: “Вы прыйшлі да гары амарэйскай, якую мае нам даць Госпад, Бог наш.

Глядзі, ГОСПАД, Бог ваш, даў зямлю перад абліччам вашым, увайдзі і вазьмі яе ў валоданьне, як сказаў табе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і не палохайся”.
 
Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог твой, увайдзі і вазьмі яе ва ўладанне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; не бойся і нічога не палохайся”.

І падыйшлі вы ўсе да мяне, і сказалі: “Пашлём людзей перад абліччам нашым, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці”.
 
Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: “Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісці, і пра гарады, у якія маем увайсці”.

І было добрым у вачах маіх слова гэтае, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужоў, па адным з кожнага калена.
 
Слова мне спадабалася, і я выбраў паміж вас дванаццаць мужчын, па адным з кожнага пакалення іх.

І яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі да даліны Эшколь, і агледзелі яе.
 
Яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Нэгэлескал, і агледзелі зямлю.

І ўзялі яны ў рукі свае плады той зямлі, і прынесьлі нам, і паведамілі нам, і сказалі: “Добрая тая зямля, якую дае нам ГОСПАД, Бог наш”.
 
І ўзялі яны плады тае зямлі, і прынеслі нам, і сказалі: “Добрая тая зямля, якую мае даць нам Госпад, Бог наш”.

Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова ГОСПАДА, Бога нашага.
 
Але вы не хацелі ісці і не паверылі слову Госпада, Бога вашага.

І наракалі ў намётах сваіх, і казалі: “З нянавісьці да нас вывеў нас ГОСПАД з зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.
 
І наракалі ў палатках сваіх, і казалі: “Ненавідзіць нас Госпад, таму і вывеў нас з зямлі Егіпецкай, каб выдаць нас у рукі амарэяў ды пагубіць.

Куды пойдзем? Браты нашыя напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: “Народ той шматлікі і большы за нас, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; і бачылі мы таксама там сыноў Анака”.
 
Куды пойдзем? Нашы браты напалохалі сэрца наша, кажучы: арод той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака”.

І сказаў я вам: “Не дрыжыце і ня бойцеся іх.
 
Дык сказаў я вам: “Не дрыжыце і не бойцеся іх.

ГОСПАД, Бог наш, Які ідзе перад намі, будзе ваяваць за нас, як зрабіў Ён у Эгіпце на вачах нашых,
 
Госпад Бог, Які ёсць правадыр ваш, Сам будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Егіпце на вачах вашых.

і ў пустыні, дзе ты бачыў, як ГОСПАД, Бог твой, насіў цябе, як носіць чалавек сына свайго, на ўсім шляху, якім вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў месца гэтае.
 
Бачыў ты сам на пустыні, як Госпад, Бог твой, насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.

Але вы так і не паверылі слову ГОСПАДА, Бога вашага,
 
Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,

Які ішоў перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца для табару вашага — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам шлях, якім маеце ісьці, а ўдзень — у воблаку”.
 
Які ідзе перад вамі ў дарозе і вызначае месца, на якім вам належыць ставіць палаткі, паказваючы вам шлях: ноччу — агнём, каб асвятляць вам дарогу, удзень — у слупе воблачным”.

І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых, і разгневаўся, і прысягнуў, кажучы:
 
Калі Госпад пачуў голас слоў вашых, то разгневаўся, і прысягнуў, і сказаў:

“Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я прысягнуў даць бацькам вашым,
 
“Не ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакалення ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,

акрамя Халева, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я зямлю гэтую, па якой ён хадзіў, бо ён спаўняў [слова] ГОСПАДА”.
 
за выключэннем Калеба, сына Ефоны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён рабіў усё, каб быць паслухмяным Госпаду”.

Таксама на мяне загневаўся ГОСПАД з-за вас, кажучы: “І ты туды ня ўвойдзеш.
 
Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і казаў: “І ты туды не ўвойдзеш,

Егошуа, сын Нуна, які стаіць перад абліччам тваім, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён дасьць Ізраілю ў валоданьне [зямлю].
 
але Ешуа, сын Нуна, твой паслугач, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён размяркуе зямлю Ізраэлю.

Дзеці вашыя, пра якіх вы гаварылі, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, якія сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць туды; ім Я дам зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.
 
Дзеці вашы, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашы, якія сёння не разумеюць, што добрае або ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я зямлю [гэту], і яны завалодаюць ёю.

А вы павярніце і рушце ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага”.
 
А вы павярніце ды адыдзіце ў пустыню па дарозе праз мора Чырвонае”.

І адказалі вы мне, і сказалі: “Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш”. І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.
 
І адказалі вы мне: “Зграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш”. І вы падперазаліся зброяй і выправіліся на гару.

І сказаў ГОСПАД мне: “Скажы ім: "Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя"”.
 
Госпад сказаў мне: Скажы ім: “Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я не з вамі, каб не пападалі вы перад ворагамі вашымі”.

І я прамаўляў да вас, і вы не паслухалі, і супрацівіліся слову ГОСПАДА, і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.
 
Сказаў я, ды вы не паслухалі, і супрацівіліся загаду Госпадаву, і, гнаныя пыхаю, вы ўзышлі на вяршыню гары.

І выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія жылі на той гары, і пагналі вас, як робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.
 
Дык выйшаў супраць вас амарэй, які жыў на той гары, і пагнаў вас, як звычайна гоняць пчолы, і пабіў вас ад Сэіра аж да Хормы.

І вярнуліся вы, і плакалі перад абліччам ГОСПАДА, але ГОСПАД ня выслухаў голасу вашага і не прыхіліў вуха да вас.
 
І вярнуліся вы і плакалі перад Госпадам, але Госпад не выслухаў вас і не захацеў звярнуць увагі на голас ваш.

І былі вы ў Кадэшы шмат дзён, столькі дзён, колькі там заставаліся.
 
І прабылі вы ў Кадэсе на працягу таго доўгага часу, пакуль вы там заставаліся.