Да Галятаў 1 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Павал, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
Паўла, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галятыі:
і ўсе браты, што са мною, цэрквам Галатыі:
ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста,
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і ад Госпада Ісуса Хрыста,
Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з цяперашняга веку злога паводле волі Бога і Айца нашага,
Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вырваць нас з нягодаў цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага,
Якому слава на вякі вякоў. Амэн.
Якому слава на векі вечныя. Амін.
Дзіўлюся, што вы гэтак хутка перакінуліся ад Таго, Які паклікаў вас да ласкі Хрыста, да іншага дабравесьця,
Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, які паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага евангелля,
якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць некаторыя, якія вас трывожаць і хочуць перамяніць Эвангельле Хрыстовае.
якое і не ёсць іншае, але, напэўна, знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Евангелле Хрыстова.
Але калі нават мы ці анёл з неба будзе дабравесьціць вам насуперак таму, што мы дабравесьцілі вам, няхай будзе адлучаны!
Але калі б нават мы або анёл з неба дабравесціў вам нешта іншае, чым тое, што мы дабравесцілі вам, хай будзе анатэма!
Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто дабравесьціць вам насуперак таму, што вы прынялі, няхай будзе адлучаны!
Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: калі б хто дабравесціў вам звыш таго, што атрымалі вы, хай будзе анатэма!
Бо ці ж я на людзей спадзяюся, ці на Бога? Ці шукаю, каб спадабацца людзям? Бо калі б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыста.
Людзям я цяпер дагаджаю ці Богу? Ці я імкнуся людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, не быў бы паслугачом Хрыстовым!
Паведамляю ж вам, браты, што Эвангельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека;
Паведамляю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ёсць з волі чалавека,
бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся яму, але праз аб’яўленне Ісуса Хрыста.
Бо вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Царкву Божую і нішчыў яе,
Чулі вы, пэўна, аб паводзінах маіх калісьці ў юдэйстве, як звыш меры пераследаваў я Царкву Божую і ваяваў з ёю,
і апярэджваў у Юдэйстве многіх аднагодкаў у родзе маім, будучы найбольшым рупліўцам традыцыяў бацькоў маіх.
і вылучаўся ў юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, з’яўляючыся найбольш руплівым аб бацькоўскіх традыцыях сваіх.
Калі ж спадабалася Богу, Які аддзяліў мяне ад улоньня маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,
Калі ж спадабалася [Богу], Які выбраў мяне яшчэ ва ўлонні маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,
адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, я адразу не зьвярнуўся да цела і крыві
каб аб’явіць мне Сына Свайго і каб я дабравесціў пра Яго сярод паганаў, не даў я супачынку целу і крыві
і не ўзыйшоў у Ерусалім да апосталаў, якія былі раней за мяне, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў апосталаў, але выправіўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамаск.
Пасьля, праз тры гады, я ўзыйшоў у Ерусалім пабачыцца з Пятром і быў у яго пятнаццаць дзён.
Толькі пасля трох гадоў прыйшоў я ў Ерузалім убачыць Кіфу і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
А з іншых апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Госпадавага.
З іншых апосталаў не бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадава.
А што пішу вам, вось, перад Богам [сьведчу], што не хлушу.
А ў тым, што пішу вам, вось, перад Богам не хлушу.
Пасьля я пайшоў у краіны Сірыі і Кілікіі.
Потым пайшоў я ў ваколіцы Сірыі і Цыліцыі.
А з аблічча я быў невядомы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце,
З твару быў я невядомы цэрквам Юдэі, якія былі ў Хрысце,
а толькі чулі яны, што той, які некалі перасьледаваў іх, цяпер дабравесьціць веру, якую раней нішчыў,
а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці пераследаваў іх, цяпер дабравесціць веру, якую раней нішчыў,
і славілі за мяне Бога.
і праз мяне славілі Бога.