Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Да Галатаў 1 Ліст да Галатаў 1 разьдзел

1 Паўла, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
2 і ўсе браты, што са мною, цэрквам Галатыі:
3 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і ад Госпада Ісуса Хрыста,
4 Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вырваць нас з нягодаў цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага,
5 Якому слава на векі вечныя. Амін.
6 Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, які паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага евангелля,
7 якое і не ёсць іншае, але, напэўна, знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Евангелле Хрыстова.
8 Але калі б нават мы або анёл з неба дабравесціў вам нешта іншае, чым тое, што мы дабравесцілі вам, хай будзе анатэма!
9 Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: калі б хто дабравесціў вам звыш таго, што атрымалі вы, хай будзе анатэма!
10 Людзям я цяпер дагаджаю ці Богу? Ці я імкнуся людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, не быў бы паслугачом Хрыстовым!
11 Паведамляю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ёсць з волі чалавека,
12 бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся яму, але праз аб’яўленне Ісуса Хрыста.
13 Чулі вы, пэўна, аб паводзінах маіх калісьці ў юдэйстве, як звыш меры пераследаваў я Царкву Божую і ваяваў з ёю,
14 і вылучаўся ў юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, з’яўляючыся найбольш руплівым аб бацькоўскіх традыцыях сваіх.
15 Калі ж спадабалася [Богу], Які выбраў мяне яшчэ ва ўлонні маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,
16 каб аб’явіць мне Сына Свайго і каб я дабравесціў пра Яго сярод паганаў, не даў я супачынку целу і крыві
17 і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў апосталаў, але выправіўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамаск.
18 Толькі пасля трох гадоў прыйшоў я ў Ерузалім убачыць Кіфу і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
19 З іншых апосталаў не бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадава.
20 А ў тым, што пішу вам, вось, перад Богам не хлушу.
21 Потым пайшоў я ў ваколіцы Сірыі і Цыліцыі.
22 З твару быў я невядомы цэрквам Юдэі, якія былі ў Хрысце,
23 а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці пераследаваў іх, цяпер дабравесціць веру, якую раней нішчыў,
24 і праз мяне славілі Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Галатаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012