Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

1 Пятра 1 1-ы ліст Пётры 1 разьдзел

1 Пётра, апостал Ісуса Хрыста, перасяленцам, расцярушаным у Понце, у Галатыі, у Кападоцыі, у Азіі і ў Бітыніі,
2 выбраным наканаваннем Бога Айца пры асвячэнні Духам, дзеля паслухмянасці і пакраплення Крывёй Ісуса Хрыста: хай ласка і супакой будуць вам шчодра памножаны.
3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які ў вялікай міласэрнасці Сваёй праз уваскрэсенне з памерлых Ісуса Хрыста адрадзіў нас да жывой надзеі,
4 да спадчыны незнішчальнай, і беззаганнай, і неўвядальнай, што захавана на нябёсах для вас,
5 якія магутнасцю Божай праз веру захоўваецеся дзеля збаўлення, прыгатаванага аб’явіцца ў апошні час.
6 З гэтага радуйцеся, хоць цяпер мусіце пасмуткаваць крыху дзеля шматлікіх выпрабаванняў,
7 каб выпрабаваная ваша вера выявілася шмат даражэйшай за золата — яно, хоць і выпрабавана ў агні, ды ідзе на загубу, — на славу, пахвалу і гонар пры з’яўленні Ісуса Хрыста.
8 Яго, хоць не бачылі, вы любіце і хоць цяпер не бачыце Яго, але верыце і цешыцеся радасцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,
9 дасягаючы праз веру вашу збаўлення душ.
10 Гэтага збаўлення шукалі і выглядалі прарокі, якія прадказвалі будучую для вас ласку,
11 даследуючы, калі і на якую пару паказваў Дух Хрыстоў, Які ў іх прабываў і Які прадказваў пакуты Хрыста і пазнейшую славу.
12 Ім было адкрыта, што не ім самім, а вам служыла абвешчанае праз іх, якія абвяшчалі вам Евангелле праз Духа Святога, спасланага з неба, у што заглянуць прагнуць і анёлы.
13 Для гэтага, падперазаўшы сцёгны вашага розуму, чуваючы, майце моцную надзею на ласку, прызначаную вам у аб’яўленні Ісуса Хрыста.
14 Як паслухмяныя дзеці, не кіруйцеся вашымі ранейшымі жаданнямі, калі вы былі яшчэ несвядомымі,
15 але ва ўсіх паводзінах будзьце таксама святымі на ўзор Святога, Які вас паклікаў,
16 бо напісана: «Будзьце святымі, бо Я — Святы».
17 І калі Айцом завеце Таго, Хто без аглядкі на асобы судзіць кожнага паводле яго ўчынкаў, дык у страху праводзьце час пражывання вашага,
18 ведаючы, што адкуплены вы ад марнага жыцця вашага, перададзенага вам бацькамі, не знішчаемым срэбрам або золатам,
19 але найкаштоўнейшай Крывёй Хрыста, як Ягняці без заганы і без спракуды,
20 Які быў прызначаны перад стварэннем свету, але аб’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,
21 якія праз Яго ўверылі ў Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вера ваша і надзея былі скіраваны да Бога.
22 Ачысціўшы душы вашы паслухмянасцю праўдзе дзеля здабыцця шчырай братняй любові, [праз Духа] ад чыстага сэрца адны другіх любіце,
23 як адроджаныя не са знішчальнага семя, але з незнішчальнага праз Бога жывога, Які трывае, [на векі],
24 бо кожнае цела — як трава, і ўсякая слава яго — як кветка травы. Засохла трава — і кветка апала.
25 Але слова Госпада трывае вечна. Гэта вось слова прынесена вам як добрая вестка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст Пётры, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012