Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Да Ціта 1 Ліст да Ціта 1 разьдзел

1 Паўла, паслугач Божы і апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці,
2 у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае,
3 і аб’явіў у свой час Сваё слова, даручаючы мне вясціць яго па загадзе Бога, Збаўцы нашага,
4 Ціту, умілаванаму сыну ў супольнай веры: ласка і супакой ад Бога Айца і [Госпада] Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
5 Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў:
6 калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці.
7 Належыць бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п’яніца, не авантурнік, не сквапны да ліхой карысці,
8 але гасцінны, ласкавы, сумленны, справядлівы, святы, старанны,
9 які трымаецца праўдзівага слова паводле навукі, вернай слову, каб здатны быў ён схіляць да здаровай навукі нават тых, якія выступаюць супраць выкрыцця.
10 Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды спакуснікаў, асабліва з абрэзаных,
11 каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ліхой карысці.
12 Сказаў жа адзін з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты».
13 Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,
14 не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.
15 Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверуючым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне.
16 Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай справы няздатныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Ціта, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012