Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Нэгэміі 1 Нэгэміі 1 разьдзел

1 Словы Нэгэміі, сына Гахаліі. І сталася ў месяцы Каслеў, у дваццатым годзе, быў я ў крэпасці Сузы,
2 І прыйшоў Ханані, ён і адзін з братоў маіх, некалькі чалавек з Юды; ды я спытаўся ў іх пра юдэяў, якія ўратаваліся і пазбеглі няволі, і пра Ерузалім.
3 І яны сказалі мне: «Тыя засталіся, хто там, у той правінцыі, ухаваўся ад няволі, знаходзяцца яны ў вялікім горы і ганьбе; і мур Ерузаліма развалены, і брамы яго спалены агнём».
4 І, пачуўшы гэтыя словы, я сеў і заплакаў, і смуткаваў многа дзён, і посціў, і маліўся перад абліччам Бога Нябеснага.
5 І казаў я: «Прашу Цябе, Госпадзе, Божа Нябесны, Божа магутны і вельмі страшны, Які пільнуе запавет і аказвае міласэрнасць тым, хто любіць Цябе ды захоўвае Твае прыказанні;
6 хай вуха Тваё будзе чуйным і вочы Твае адкрытымі, каб пачуць маленне паслугача Твайго, якім я малюся перад Табою сёння днём і ноччу за сыноў Ізраэля, паслугачоў Тваіх, ды прызнаюся ў грахах сыноў Ізраэля, якімі мы грашылі супраць Цябе. Я і дом бацькі майго таксама грашылі,
7 мы сталі злачынцамі перад Табою і не захавалі прыказанняў, і пастаноў, і законаў, якія Ты даў Майсею, паслугачу Твайму.
8 Успомні слова, якое даў Ты паслугачу Твайму, Майсею, кажучы: “Калі будзеце грашыць, дык Я вас рассею паміж народамі;
9 а калі да Мяне навернецеся і будзеце Мае прыказанні пільнаваць і спаўняць іх, дык хоць будзеце вы на канцы неба, і адтуль збяру вас і вярну ў месца, якое выбраў, каб прабывала там імя Маё”.
10 Бо самі яны — паслугачы Твае і народ Твой, якіх Ты вызваліў моцай Тваёй вялікай і рукою Тваёй магутнаю.
11 Малю, Госпадзе, хай чуйным будзе вуха Тваё да малітвы паслугача Твайго і да малення паслугачоў Тваіх, якія хочуць славіць імя Тваё; і зрабі, каб пашчаслівілася сёння паслугачу Твайму, і дай яму мець у гэтага чалавека ласку». Я бо быў падчарны пры цару.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Нэгэміі, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012