1 Быў адзін чалавек у Раматаіме-Цуфіце з гары Эфраіма, на імя Элькана, сын Ерахама, сына Элію, сына Тогу, сына Суфа, эфраімец.
2 І ён меў дзвюх жонак: імя адной Ганна, а імя другой Фанэна. І ў Фанэны былі сыны, а ў Ганны дзяцей не было.
3 І штогод той чалавек хадзіў са свайго горада, каб пакланіцца і ўскласці ахвяру Госпаду Магуццяў у Сіло. Былі ж там два сыны Гэлі: Хофні і Пінхас, святары Госпада.
4 Такім чынам, прыходзіў дзень, і Элькана ўскладаў ахвяру і даваў жонцы сваёй Фанэне і ўсім яе сынам і дочкам па частцы,
5 а Ганне даваў адну найлепшую частку, бо Ганну ён любіў; але Госпад замкнуў улонне яе.
6 Таксама яе суперніца чыніла шкоду і вельмі дакучала ёй, каб яе засмучаць, таму што Госпад замкнуў яе ўлонне.
7 І так яна рабіла многія гады; калі тая прыходзіла ў святыню Госпада, яна, у зручны момант, [моцна] узрушвала яе. Ганна пасля таго плакала і не прымала ежы.
8 Дык сказаў ёй Элькана, муж яе: «Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? І чаму сумуе сэрца тваё? Ці ж я табе не мілейшы, чым дзесяць сыноў?»
9 Ганна ўстала, калі ў Сіло скончылі есці і піць і калі святар Гэлі сядзеў на крэсле перад брамай святыні Госпада.
10 Паколькі Ганна была сумная душою, яна малілася Госпаду, горка плачучы,
11 і давала абяцанне, кажучы: «Госпад Магуццяў, калі Ты, глянуўшы, убачыш смутак паслугачкі Сваёй і прыгадаеш мяне, і не забудзешся на паслугачку Сваю, і паслугачцы Сваёй дасі дзіця мужчынскага полу, то аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцця яго, і лязо не дакранецца да галавы яго».
12 Дык, калі яна памнажала малітвы перад Госпадам, здарылася, што Гэлі прыглядаўся да яе вуснаў.
13 А Ганна гаварыла ў глыбіні сэрца свайго; і толькі варушыліся вусны яе, але голасу не было чуваць, таму Гэлі падумаў, што яна п’яная,
14 і сказаў ёй: «Дакуль будзеш п’яная? Працверазей трохі ад віна, з-за якога ты п’яная!»
15 Ганна, адказваючы, прамовіла: «Не, гаспадару мой, бо я вельмі нешчаслівая жанчына: я не піла ані віна, ані чагосьці, што можа ап’яніць, але выліваю я душу сваю перад Госпадам.
16 Не лічы паслугачку сваю за адну з дачок Бэліяла, бо я з-за вялікага болю і смутку свайго гаварыла да сённяшняга моманту».
17 Гэлі тады сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі, а Бог Ізраэля хай споўніць просьбу тваю, пра што маліла Яго».
18 І яна сказала: «О, няхай знойдзе паслугачка твая ласку ў вачах тваіх». І адышла тая жанчына дарогаю сваёй, і ела, і аблічча яе не было ўжо такім, як раней.
19 І падняліся назаўтра рана, і пакланіліся перад Госпадам. І пайшлі ў дарогу зваротную, і прыбылі ў дом свой у Раме. А Элькана пазнаў жонку сваю Ганну, і Госпад прыгадаў яе.
20 І здарылася па нейкім часе, што Ганна пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Самуэль, таму што ад Госпада выпрасіла яго.
21 Муж яе Элькана і ўвесь дом яго пайшоў, каб ускласці гадавую ахвяру Госпаду і споўніць абяцанне сваё.
22 І Ганна не пайшла, бо яна сказала мужу свайму: «Не пайду, пакуль хлапчаня не будзе аднята ад грудзей, і завяду яго, і ён стане перад абліччам Госпада і застанецца там назаўсёды».
23 Адказаў ёй Элькана, муж яе: «Рабі, што табе здаецца добрым, і заставайся, пакуль яго не адымеш ад грудзей; і я малюся, каб Госпад здзейсніў слова Сваё». Дык засталася жанчына і карміла сына свайго, пакуль не адняла яго ад грудзей сваіх.
24 І павяла яго з сабою пасля таго, як адняла, з трохгадовым быком, адной эфай мукі і з бурдзюком віна; і прывяла яго ў дом Госпада ў Сіло. А хлопец быў яшчэ дзіцём.
25 І прынеслі яны ў ахвяру быка, і прадставілі хлопца Гэлі.
26 І сказала тады Ганна: «Прашу, гаспадару мой, хай жыве душа твая, гаспадару; я тая самая жанчына, якая стаяла тут перад табой і маліла Госпада.
27 Маліла я пра гэтае дзіця, і споўніў Госпад просьбу маю, аб якой я прасіла ў Яго.
28 Таму і даручаю яго Госпаду; на ўсе дні, колькі будзе жыць, ён адданы на службу Госпаду». І пакланілася там Госпаду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая кніга Самуэля, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012