Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Выслоўяў 1 Кніга Выслоўяў 1 разьдзел

1 Прыпавесці Саламона, сына Давідава, цара Ізраэльскага, [пададзены дзеля таго,]
2 каб спасцігнуць мудрасць і настаўленне, каб зразумець словы мудрасці;
3 каб атрымаць веды ў навучанні: справядлівасць, прыказанне і законнасць;
4 каб простым людзям прыдаць кемлівасці, юнаку — ведаў і развагі.
5 Мудры слухае і павялічвае веды, а разумны прыдбае ўмеласць:
6 зверне ўвагу на прытчу і алегорыю, словы мудрых і іх загадкі.
7 Шанаванне Госпада ёсць аснова ведаў. Мудрасці і навучання адцураюцца бязглуздыя.
8 Сыне мой, слухай перасцярогі бацькі свайго і не адхіляй запавету маці сваёй,
9 бо яны — вянок годнасці на галаве тваёй і каралі на шыі тваёй.
10 Сыне мой, калі цябе будуць прыцягваць грэшнікі, не прыставай да іх.
11 Калі яны скажуць: «Пойдзем з намі! Наладзім засаду дзеля забойства, наставім прыхавана пасткі на бязвіннага;
12 праглынём іх, як пекла: тых, што жывуць, і здаровых, як тых, што сыходзяць у магілу;
13 знойдзем усякую каштоўную маёмасць, запоўнім дамы свае здабыткамі;
14 далучы долю сваю да нашай, хай будзе адна кішэнь для ўсіх нас»;
15 сыне мой, не хадзі з імі, утрымай нагу сваю ад іх сцежак.
16 Бо ногі іх бягуць да злачынства і спяшаюцца, каб праліць кроў.
17 Дарэмна закідваецца сетка перад вачамі мноства птушак.
18 Яны наладжваюць засаду дзеля ўласнага забойства і задумваюць злачынствы супраць сваіх душ.
19 Такі шлях у кожнага, хто імкнецца да нарабаванага: захоплівае ён душу таго, хто валодае [нарабаваным].
20 Мудрасць гукае па плошчах, на вуліцах падымае голас свой,
21 на важнейшым месцы дарог шматлюдных крычыць, каля ўваходу ў гарадскую браму гучаць яе словы:
22 «Дакуль жа, невукі, будзеце любіць невуцтва, а насмешнікі — жадаць для сябе высмейвання, і недасведчаныя — ненавідзець навукі?
23 Звярніцеся да майго выкрывання: вось, удыхну ў вас дух мой і выкажу вам словы мае.
24 Бо вось, я клікала, а вы адмовіліся, працягнула руку сваю, але не было нікога, хто заўважыў бы яе.
25 Вы пагрэбавалі ўсякаю маёю парадаю і адхілілі мае папрокі.
26 Такім чынам, і я буду смяяцца з вашай пагібелі і кпіць буду, калі прыйдзе да вас трывога.
27 Калі накінецца, як бура, страх, і пагібель узнікне, быццам віхура, калі апануе вас бяда і цесната.
28 Тады прызываць будуць мяне, а не выслухаю, рупліва шукаць мяне будуць, а не знойдуць мяне.
29 З-за таго, што настаўленне ненавідзелі і не выбралі страх Госпадаў,
30 не згадзіліся з маёю парадаю і пагрэбавалі ўсім маім выкрываннем.
31 І вось, хай яны спажываюць плён свайго шляху, насычаюцца сваімі парадамі.
32 Адступніцтва невукаў заб’е іх, а нядбаласць бязглуздых загубіць іх.
33 А той, хто слухае мяне, і прытулак ад страху знойдзе, і спакойны будзе, пазбавіўшыся страху перад ліхімі людзьмі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выслоўяў Саламонавых, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012