Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Дзеі 1 Дзеі Апосталаў 1 разьдзел

1 Перш, што праўда, стварыў я аповед, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і чаму навучаць
2 аж да дня, у які быў узяты [у неба], даўшы даручэнні праз Духа Святога апосталам, якіх Ён выбраў.
3 Па Сваёй смерці даў Ён ім многа доказаў, што Ён жывы, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды прамаўляючы пра Валадарства Божае.
4 І пры супольным пасілку загадаў ім не выходзіць з Ерузаліма, але чакаць абяцання Айца: «Аб чым вы чулі ад Мяне,
5 што Ян хрысціў вадою, а вось вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Святым».
6 Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраны, кажучы: «Госпадзе, ці не ў гэты час адновіш царства Ізраэля?»
7 Ён жа сказаў ім: «Не ваша [справа] ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец Сваёй уладаю,
8 але калі атрымаеце моц ад сышоўшага на вас Духа Святога, тады будзеце Мне сведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па край зямлі».
9 І, калі гэта сказаў, на вачах іх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй.
10 Калі яны так углядаліся ў неба, як Ён падымаўся, вось, два мужы ў белых шатах паўсталі каля іх,
11 і сказалі яны: «Мужы галілейскія, чаго стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, Які ўзяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго, што ўзыходзіць у неба».
12 Тады вярнуліся яны ў Ерузалім з гары, званай Аліўнай, якая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу.
13 І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў святліцу, дзе і заставаліся, Пётра і Ян, Якуб і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сімон Зэлот ды Юда Якубаў.
14 Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, ды братамі Яго.
15 У тыя дні, устаўшы пасярод братоў, — а там была грамада людзей каля ста дваццаці чалавек, — Пётра сказаў:
16 «Мужы браты, здзейснілася тое, што ў Пісанні прадказаў Дух Святы вуснамі Давіда пра Юду, які быў правадыром тых, што ўзялі Ісуса,
17 што ён быў залічаны да нас і быў прызначаны яму ўдзел у гэтым служэнні.
18 Ён, вось, атрымаў зямлю як узнагароду за злачынства і, рынуўшыся, раздзёрся напалам, ды вылілася ўсё нутро яго.
19 І гэта стала вядома ўсім жыхарам Ерузаліма, так што гэтае поле на іх мове было названа Гакельдама, гэта значыць Поле Крыві.
20 Бо ў Кнізе псальмаў напісана: “Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве”, і: “Хай служэнне яго атрымае хто іншы”.
21 Дык трэба, каб адзін з тых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль уваходзіў і выходзіў з намі Госпад Ісус,
22 пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у які Ён быў узяты ад нас, каб стаўся адзін з іх разам з намі сведкам уваскрэсення Яго».
23 І прызначылі двух: Язэпа, называнага Барсабам, па мянушцы Справядлівы, ды Мацея.
24 І ў малітве прасілі: «Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, якога аднаго з гэтых двух выбраў
25 заняць месца той паслугі і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб адысці на сваё месца».
26 І кінулі між імі жэрабя, і жэрабя выпала на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі святых Апосталаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012