Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Захарыі 1 Захарыі 1 разьдзел

1 У восьмы месяц на другі год Дарыя прамовіў Госпад да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы:
2 «Загневаўся вельмі Госпад на бацькоў вашых.
3 Ды скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Звярніцеся да Мяне, — кажа Госпад Магуццяў. —
4 Не будзьце, як бацькі вашы, якіх заклікалі даўнейшыя прарокі і казалі: “Пакіньце шляхі вашы ліхія і намеры вашы благія, — гэта кажа Госпад Магуццяў”; і яны не паслухалі і не звярнулі ўвагі на Мяне, — кажа Госпад. —
5 Дзе цяпер бацькі вашы? Ды ці ж прарокі жывуць вечна?”
6 А ўсё ж такі ці ж словы Мае і загады Мае, якія даручыў Я слугам Маім, прарокам, ці ж не закранулі яны бацькоў вашых? І яны навярнуліся і казалі: “Як маніўся Госпад Магуццяў зрабіць з намі адносна паводзін нашых і ліхоццяў нашых — так і зрабіў з намі”».
7 У дваццаць чацвёрты дзень адзінаццатага месяца, гэта значыць месяца Тэбэт, у другі год Дарыя Госпад прамовіў да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы:
8 «Бачанне меў я ноччу: і вось, коннік на рыжым кані стаяў сярод міртаў у лагчыне; і за ім коні рыжыя, рабыя і белыя.
9 І я запытаўся: “Што значаць яны, гаспадару мой?” І анёл загаварыў са мной, і сказаў мне: “Я растлумачу табе, што яны абазначаюць”.
10 І сказаў коннік, які стаяў сярод міртаў, гэтыя словы: “Гэта, вось, тыя, каго Госпад паслаў абысці зямлю”.
11 І яны адказалі анёлу Госпадаваму, які стаяў сярод міртаў, і паведамілі: “Абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля абжытая і жыве спакойна”.
12 І сказаў анёл Госпадаў гэтыя словы: “Госпадзе Магуццяў, як доўга яшчэ Ты не злітуешся над Ерузалімам і гарадамі Юды, на якія загневаўся? Гэта сямідзесяты год”.
13 Ды адказаў Госпад анёлу, які гаварыў да мяне, словамі добрымі, словамі суцяшальнымі.
14 І анёл, які гаварыў да мяне, сказаў: “Абвясці: вось што кажа Госпад Магуццяў: “Любоў апякуючая ў Мяне да Ерузаліма і Сіёна з вялікай руплівасцю,
15 але вялікім гневам Я гневаюся на пыхлівыя народы, бо Я крыху загневаўся, а яны павялічылі ліха”.
16 Таму вось што кажа Госпад: “Вяртаюся ў Ерузалім з міласэрнасцю. У ім будзе пабудаваны Мой дом, — кажа Госпад Магуццяў, — і грунтвага пройдзе над Ерузалімам”.
17 Ды яшчэ абвяшчай: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Зноў перапоўняцца гарады мае маёмасцю, і зноў пацешыць Госпад Сіён, і зноў абярэ Ерузалім”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Захарыі, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012