Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

1 да Цімафея 1 1-ы ліст да Цімафея 1 разьдзел

1 Паўла, апостал Ісуса Хрыста, па загадзе Бога, Збаўцы нашага, і Ісуса Хрыста, нашай надзеі,
2 Цімафею, улюбёнаму сыну ў веры: ласка, міласэрнасць ісупакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3 Я, ідучы ў Мацэдонію, прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб загадаў некаторым не крывіць навукі,
4 а таксама не займацца байкамі і радаводамі бясконца, якія выклікаюць больш спрэчак, чым настаўлення Божага ў веры.
5 Мэтай жа прыказання ёсць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумлення, і няўяўнай веры,
6 адвярнуўшыся ад чаго, некаторыя звярнуліся да пустаслоўя,
7 хочучы быць настаўнікамі закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.
8 Ведаем, што закон добры, калі ім хто законна карыстаецца,
9 ведаючы, што закон устаноўлены не для справядлівага, але для несправядлівых і непаслухмяных, бязбожных і грэшнікаў, разбэшчаных і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,
10 для распуснікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, брахуноў, крывапрысяжнікаў і супраць усяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы,
11 паводле Евангелля славы дабраславёнага Бога, якое мне даручана.
12 Дзякую Таму, Хто мяне ўзмацняе, Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, бо Ён палічыў мяне верным, ставячы на служэнне,
13 мяне, які раней блюзніў, пераследаваў і ачарняў, але атрымаў міласэрнасць, бо дзейнічаў па несвядомасці і з нявер’я.
14 Ласка ж Госпада нашага вылілася шчодра з вераю і любоўю, якая ў Ісусе Хрысце.
15 Вернае слова і вартае ўсякага прыняцця: Хрыстос Ісус прыйшоў на свет, каб збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы,
16 але атрымаў міласэрнасць дзеля таго, каб ува мне першым выявіў Хрыстос Ісус усю доўгацярплівасць на паказ тым, што павераць Яму на жыццё вечнае.
17 Валадару ж бессмяротнаму вякоў, нябачнаму, адзінаму [, мудраму] Богу ўшанаванне і слава на векі вечныя. Амін.
18 Гэты загад даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты вёў разам з імі добрае змаганне,
19 маючы веру і чыстае сумленне, якое страціўшы, некаторыя адступіліся ад веры,
20 з якіх Гіменэй і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб навучыліся не блюзніць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Цімафея, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012