Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Песня з Песняў 1 Песня з Песняў 1 разьдзел

1 Песня з песняў Саламона.
2 «Хай ён пацалуе мяне пацалункам вуснаў сваіх!» «Бо каханне тваё лепшае за віно;
3 за водар тваіх найлепшых алейкаў. Алеек разліты — імя тваё; таму любяць цябе дзяўчаты».
4 «Прываблівай мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадар, у пакоі свае»; «Радавацца і цешыцца будзем табою, помніць больш пра каханне тваё, чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!»
5 «Чарнявая я, але зграбная, дочкі Ерузаліма, як палаткі Кедара, як заслоны Саламона.
6 Не глядзіце, што я смуглявая, бо апаліла мяне сонца. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, даручылі мне пільнаваць вінаграднік, а я свайго вінаградніку не ўпільнавала.
7 О ты, якога любіць душа мая, пакажы, дзе ты пасеш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між статкаў таварышаў тваіх».
8 «Калі не ведаеш, о найпрыгажэйшая сярод жанчын, то выйдзі і ідзі па слядах статка, ды пасві казлянят сваіх каля палатак пастухоў.
9 Я ўпадобніў цябе, сяброўка мая, да жарабіцы ў калясніцы фараона.
10 Гожыя шчокі твае пад завушніцамі, шыя твая — у каралях.
11 Мы зробім табе залатыя завушніцы са срэбранымі ўкрапінамі».
12 «Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разліваў водар свой.
13 Улюбёны мой для мяне — пучок кіпера, што ляжыць на грудзях маіх.
14 Улюбёны мой для мяне — быццам гронка кіпровая у вінаградніках Эн-Гадзі».
15 «О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о, якая ты прыгожая: вочы твае галубіныя».
16 «О, які прыгожы ты, улюбёны мой, о, які прывабны! Ложак наш у кветках,
17 бэлькі дамоў нашых кедравыя, столь наша — з кіпарысу».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песня з Песняў Саламонава, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012