Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Адкрыццё 1 Адкрыццё Яна 1 разьдзел

1 Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб аб’явіў паслугачам Сваім, што павінна стацца ў хуткім часе; і, паслаўшы праз анёла Свайго, Ён даў знак слузе Свайму Яну,
2 які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста пра ўсё, што бачыў.
3 Шчасны той, хто чытае і чуе словы прароцтваў ды захавае тое, што ў іх напісана; бо час блізкі.
4 Ян сямі цэрквам у Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад пасадам Яго,
5 і ад Ісуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, Першародны з памерлых і Валадар валадароў зямных. Яму, Які ўзлюбіў нас, і абмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёй,
6 і зрабіў нас царамі і святарамі Богу і Айцу Свайму, Яму слава і валадарства на векі вечныя. Амін.
7 Вось жа, прыходзіць на аблоках, і ўбачыць Яго ўсякае вока, і тыя, што Яго прабілі, і залямантуюць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амін.
8 Я — Альфа і Амега, [ Пачатак і Канец,] — кажа Госпад Бог, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, Усемагутны.
9 Я, Ян, брат ваш і сутрывалец у прыгнёце, і ў Валадарстве і ў цярпенні Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмас, дзеля слова Божага і сведчання аб Ісусе.
10 Я быў у захапленні духа ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,
11 які казаў: «[Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, і] што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам [, што ў Азіі]: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыцэю».
12 Я павярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў,
13 і паміж светачаў залатых Кагосьці, быццам Сына Чалавечага; Ён апранутыў доўгія шаты і падпяразаны пад грудзі залатым поясам;
14 галава ж Яго і валасы былі белыя, як чыстая воўна, быццам снег, і вочы Яго як полымя агню,
15 і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Яго падобны да гуку бурлівых водаў,
16 і Ён трымаў у правай руцэ Сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаўся меч двусечны востры, і твар Яго зіхацеў, як сонца ў магутнасці сваёй.
17 І, убачыўшы Яго, паў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку Сваю на мяне, кажучы: «Не бойся! Я — Першы, і Апошні,
18 і жывы; і быў мёртвым, і вось жывы на векі вечныя, і маю ключы смерці і пекла.
19 Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсць і што павінна стацца пасля.
20 Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правай руцэ, і сямі светачаў залатых: сем зорак — гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем светачаў — гэта сем цэркваў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Святога Апостала Яна Багаслова, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012