1 І паказаў мне чыстую раку вады жыцця, ззяючую, светлую, як быццам крышталь, якая выцякае з пасада Бога і Ягняці.
2 На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі было дрэва жыцця, што прыносіць дванаццаць пладоў, штомесяц даючы плод свой, і лісце дрэва — для лячэння народаў.
3 І не будзе ўжо больш нічога праклятага. І пасад Бога і Ягняці ў ім будзе, і паслугачы Яго Яму служыць будуць,
4 і будуць аглядаць аблічча Яго, і імя Яго будуць насіць на чолах сваіх.
5 І ночы ўжо не будзе, і не трэба будзе ўжо святла лямпы, ані святла сонца, бо Госпад Бог асветліць іх, і будуць яны валадарыць на векі вечныя.
6 І сказаў мне: «Словы гэтыя самыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў прарочых, паслаў Свайго анёла, каб паказаць паслугачам Сваім, што павінна стацца неўзабаве.
7 І вось, прыходжу хутка. Шчасны, хто захоўвае словы прарочыя гэтае кнігі».
8 І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І, калі гэта пачуў і ўгледзеў, паў да ног анёла, што мне гэта паказаў, каб пакланіцца яму.
9 І ён кажа мне: «Глядзі, не рабі! Бо я толькі саслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся».
10 І кажа мне: «Не запячатвай прарочых слоў гэтай кнігі, бо час ужо блізкі.
11 Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто апаганены, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ павялічвае справядлівасць [сваю], і святы няхай яшчэ больш усвячаецца.
12 Вось, прыходжу хутка, і ўзнагарода Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў яго.
13 Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
14 Шчасныя, што мыюць вопраткі свае, яны будуць мець уладу над дрэвам жыцця і ўвойдуць у горад праз брамы.
15 За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распуснікі, забойцы, балванахвальцы і ўсе тыя, што любяць хлусіць і хлусяць.
16 Я, Ісус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сведчанне ў цэрквах. Я — Корань і Род Давідаў, Зорка светлая і ранішняя».
17 І Дух і нявеста клічуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай кажа: «Прыйдзі!» І хто смягне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцця дарма.
18 Вось, сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто да іх дадасць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе,
19 і, калі хто адыме ад слоў прароцтва гэтай кнігі, у таго Бог адыме долю яго з дрэва жыцця, і з горада святога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана.
20 Той, Хто пра гэта сведчыць, кажа: «Так, прыйду неўзабаве!» Амін. Прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
21 Ласка Госпада Ісуса з усімі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Адкрыццё Святога Апостала Яна Багаслова, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012
