Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Адкрыццё 14 Адкрыццё Яна 14 разьдзел

1 І глянуў я: і вось, Ягня стаіць на гары Сіён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх напісанае імя Яго і імя Айца Яго.
2 І пачуў я голас з неба, быццам голас многіх водаў і быццам рэха магутных грымот; і голас, які чуў я, гучаў як голас гусляроў, што граюць на гуслях сваіх.
3 І яны спяваюць быццам новую песню перад пасадам, і перад чатырмя жывёлінамі, і перад старымі. І ніхто не мог спяваць гэтай песні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.
4 Гэта тыя, што не спляміліся з жанчынамі і ёсць чыстыя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з людзей як першынцы Богу і Ягняці,
5 і ў вуснах іх не знойдзена хлусні; без заганы яны [перад пасадам Божым].
6 І бачыў я іншага анёла, які пралятаў праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Евангелле, каб абвяшчаць жыхарам зямлі, усякаму племю, і роду, і мове, і народу,
7 усклікваючы гучным голасам: «Бойцеся Бога і аддайце Яму славу, бо надыходзіць час суда Яго, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водныя».
8 І другі анёл ляцеў за ім, кажучы: «Паў, паў Бабілон той вялікі, які паіў усе народы віном гневу распусты сваёй».
9 І трэці анёл ляцеў за ім, гамонячы зычным голасам: «Калі хто паклоніцца зверу і абразу яго і атрымае меціну на чале сваім або на руцэ сваёй,
10 той будзе піць віно гневу Божага, якое змяшана без дадатку [вады] ў келіху гневу Яго. Агнём і серкай будзе мучаны той перад святымі анёламі і перад Ягнём.
11 І дым пакут іх узнімаецца на векі вечныя. Ані днём, ані ўночы не маюць супакою тыя, якія пакланяюцца зверу і абразу яго і калі хто будзе насіць меціну імя яго».
12 Тут вось цярплівасць святых, якія захоўваюць прыказанні Божыя і веру Ісуса.
13 І пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Напішы: шчасныя памерлыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, кажа Дух, яны супачынуць ад працы сваёй, бо ўчынкі іх ідуць за імі».
14 І ўбачыў я: і вось, воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залаты вянец, а ў руцэ трымаў востры серп.
15 І іншы анёл выйшаў са святыні, усклікаючы гучным голасам да Таго, Хто сядзіць на воблаку: «Пашлі серп Твой і жні, бо прыйшоў час, каб жаць, бо даспела жніво зямлі».
16 І Той, што сядзеў на воблаку, пусціў серп Свой на зямлю, і зжата была зямля.
17 І выйшаў іншы анёл са святыні нябеснай, трымаючы таксама серп востры.
18 І яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, [выйшаў] ад ахвярніка і ўсклікнуў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: «Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі ягады яго».
19 І кінуў анёл серп свой востры на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і ссыпаў гронкі ў вялікую ступу гневу Божага.
20 І выціснулі ў ступе вінаград за горадам, і пацякла кроў са ступы аж да цугляў коней на тысячу шэсцьсот стадый.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Святога Апостала Яна Багаслова, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012