1 І пачуў я магутны голас са святыні, які казаў сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чар гневу Божага на зямлю».
2 І пайшоў першы, і выліў сваю чару на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія насілі меціну звера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго.
3 І другі выліў сваю чару ў мора; і сталася мора як кроў памерлага, і кожная жывая душа, што была ў моры, памерла.
4 І трэці выліў сваю чару на рэкі і крыніцы водаў, і сталіся яны крывёй.
5 І пачуў я, як казаў анёл водаў: «Справядлівы Ты, Які ёсць, Які быў, Святы, што такі прысуд выдаў,
6 бо яны пралівалі кроў святых і прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны».
7 І пачуў я голас іншы з ахвярніка, які казаў: «Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны».
8 І чацвёрты выліў сваю чару на сонца; і дадзена яму моц нішчыць людзей спякотаю і агнём.
9 І пякліся людзі ад вялікай спёкі, і зневажалі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, і не аддалі Яму хвалы.
10 І пяты выліў сваю чару на пасад звера; і тады цемрай ахуталася яго валадарства, і кусалі сабе людзі языкі ад болю,
11 і блюзнілі на Бога нябёсаў за пакуты свае і скулы свае, але не навярнуліся ад спраў сваіх.
12 І шосты выліў чару сваю на раку знакамітую і вялікую, што завецца Еўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым была падрыхтавана дарога царам з усходу.
13 І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з пашчы дракона, з пашчы звера і з пашчы фальшывага прарока.
14 Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да ўсіх валадароў зямлі, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога.
15 Вось, іду як злодзей. Шчасны той, хто чувае і сцеражэ адзежу сваю, каб не застацца голым і каб не паказаць сораму свайго.
16 І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Хармагедон.
17 І сёмы выліў сваю чару ў паветра; і пачуўся магутны голас са святыні [нябеснай] ад пасада, які казаў: «Споўнілася!»
18 І сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і пачалося страшнае трасенне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі сталі жыць на зямлі, такога землятрусу вялікага.
19 І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі знішчаны. І прыйшоў на памяць Богу вялікі Бабілон, і даў яму піць келіх віна лютага гневу Свайго.
20 І кожны востраў знік, і ніводнай гары не знайшлося.
21 І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за пакаранне градам, бо вельмі вялікай плягай быў той град.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Адкрыццё Святога Апостала Яна Багаслова, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012
