Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Да Гебраяў 13 Ліст да Гебраяў 13 разьдзел

1 Няхай трывае між вамі братняя любоў.
2 Не забывайцеся пра гасціннасць, бо дзякуючы ёй некаторыя, не ведаючы, анёлам аказалі гасціннасць.
3 Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра тых, што ў бедах і хваробах, бо і вы самі маеце цела.
4 Няхай ва ўсіх будзе ў пашане сужэнства і сужыццё беззаганнае, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог.
5 Хай будуць норавы без сквапнасці; будзьце задаволены тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адхінуся ад цябе і не пакіну цябе».
6 Дык трэба, каб з даверам казалі: «Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?»
7 Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае і, бачачы вынікі іх жыцця, будзьце [іх] пераймальнікамі ў веры.
8 Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёння і навекі.
9 Не дайцеся звесціся рознымі чужымі вучэннямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а не ежаю, якая не дапамагла тым, што ганяюцца за ёю.
10 Маем ахвярнік, з якога не маюць права есці тыя, якія паслугуюць у палатцы.
11 Бо целы тых жывёлін, кроў якіх за грахі прыносіцца першасвятаром у святое, паляцца за лагерам.
12 Таму і Ісус, каб усвяціць народ Сваёй Крывёю, быў замучаны за брамаю.
13 Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім здзекі,
14 бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага.
15 Дык праз Яго заўсёды будзем складаць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, што праслаўляюць Яго імя.
16 Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць, бо такія ахвяры мілыя Богу.
17 Слухайце старэйшых вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя разрахавацца. Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам.
18 Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены ў тым, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім рабіць добра.
19 Асабліва прашу вас зрабіць так, каб чым хутчэй быў я вернуты вам.
20 Бог жа супакою, Які ўваскрасіў з мёртвых вялікага Пастыра авечак у Крыві вечнага запавету, Госпада нашага Ісуса,
21 хай пакіруе вас да ўсякага дабра, каб спаўнялі вы Яго волю, выконваючы ў нас, што Яму падабаецца, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на векі вечныя. Амін.
22 Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвочвання, бо толькі трохі напісаў я вам.
23 Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас.
24 Прывітайце ўсіх вашых старэйшых і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што ў Італіі.
25 Ласка з вамі ўсімі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Гебраяў, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012