Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Да Гебраяў 10 Ліст да Гебраяў 10 разьдзел

1 Закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыступаюцца [з імі].
2 Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, не мелі б ужо аніякага ўсведамлення грахоў.
3 Аднак у іх прыпамінанне грахоў штогод усё ж застаецца.
4 Бо немагчыма крывёй валоў і казлоў ачысціцца ад грахоў.
5 Таму, прыходзячы на свет, кажа [Хрыстос]: «Ахвяры і прынашэння не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.
6 Цэласпаленні і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе.
7 Тады сказаў Я: вось, іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю».
8 Сказаўшы раней: «Ахвяр і прынашэнняў, цэласпаленняў і ахвяр за грэх не захацеў Ты, і не спадабаліся яны Табе», хоць і складаюцца паводле закону,
9 потым сказаў: «Вось, іду, каб выканаць волю Тваю». Касуе першую, каб устанавіць другую.
10 На моцы той волі асвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Ісуса Хрыста.
11 І кожны святар штодзень служыць і часта складае тыя самыя ахвяры, якія ніяк не могуць зняць грахоў.
12 Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,
13 чакаючы, аж дакуль непрыяцелі Яго будуць пакладзены пад ногі Яго.
14 Вось, Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на векі тых, якія асвечаны.
15 Сведчыць нам аб гэтым і Дух Святы, бо пасля таго Ён сказаў:
16 «Вось якім будзе запавет, які Я размяшчу ў іх сэрцы і ў нутры іх упішу іх,
17 дыграхоў і беззаконняў іх ужо ўспамінаць не буду».
18 А дзе адпушчэнне [грахоў], там ужо больш не трэба ахвяры за грэх.
19 Дык, маючы тады, браты, пэўнасць увайсці ў святое праз кроў Ісуса,
20 Які праклаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела Сваё,
21 і вялікага Першасвятара над домам Божым,
22 прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.
23 Трымаймася непарушнага вызнання надзеі, бо верны ёсць Той, Які даў абяцанне;
24 і зважайма адзін на аднаго, заклікаючы да любові і да добрых учынкаў.
25 Не прапускайма нашых супольных сходаў, як сталася звычкай некаторых, але суцяшаймася, і тым больш, чым больш вы бачыце надыходзячы дзень.
26 Бо калі мы добраахвотна грашым, прыняўшы пазнанне праўды, дык не застаецца ўжо ахвяры за грэх,
27 але толькі нейкае страшнае чаканне суда і жар агню, які павінен будзе паліць супраціўнікаў.
28 Хто не падпарадкоўваецца закону Майсея, таго без ніякай міласэрнасці караюць смерцю пры двух або трох сведках.
29 Падумайце самі, як шмат страшнейшых кар варты той, які Сына Божага патаптаў, ці кроў запавету, якой быў асвечаны, за звычайную лічыў і Духа ласкі зняважыў?
30 Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «Мне помста, і Я дам адплату», [— кажа Госпад, —] або зноў: «Сам Госпад будзе судзіць Свой народ».
31 Страшна трапіць у рукі Бога жывога.
32 Прыпомніце мінулыя дні, у якія вы, асвечаныя, перанеслі вялікую навалу пакут,
33 іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зняваг і цярпенняў або іншы раз быўшы сучаснікамі тых, што падобнае перажывалі.
34 Бо пакутавалі вы разам з увязненымі, і з радасцю прынялі вы рабунак вашай маёмасці, ведаючы, што маеце [ў небе] багацце лепшае, трывалае.
35 Дык не пакідайце спадзявання вашага, якое мае вялікую ўзнагароду.
36 Цярплівасць жа вам патрэбна, каб, спаўняючы волю Божую, дачакаліся абяцання.
37 Яшчэ вось крыху, крыху і прыйдзе Той, Які павінен прыйсці, і не замарудзіць.
38 Бо “справядлівы з веры жыве; калі бхто хістаўся, не спагадная да таго душа Мая”.
39 Мы ж не з’яўляемся хісткімі на загубу, але веруючымі на збаўленне душы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Гебраяў, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012