Да Габрэяў 10 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.
Закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыступаюцца [з імі].
Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.
Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, не мелі б ужо аніякага ўсведамлення грахоў.
Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;
Аднак у іх прыпамінанне грахоў штогод усё ж застаецца.
бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.
Бо немагчыма крывёй валоў і казлоў ачысціцца ад грахоў.
Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.
Таму, прыходзячы на свет, кажа [Хрыстос]: «Ахвяры і прынашэння не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.
Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.
Цэласпаленні і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе.
Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа»;
Тады сказаў Я: вось, іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю».
сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні ўсеспаленьняў, ні ахвяры за грэх, — якія прыносяцца паводле закона, — Ты не захацеў і не ўпадабаў,
Сказаўшы раней: «Ахвяр і прынашэнняў, цэласпаленняў і ахвяр за грэх не захацеў Ты, і не спадабаліся яны Табе», хоць і складаюцца паводле закону,
потым дадаў: «вось, іду выканаць волю тваю, Божа». Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.
потым сказаў: «Вось, іду, каб выканаць волю Тваю». Касуе першую, каб устанавіць другую.
Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.
На моцы той волі асвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Ісуса Хрыста.
І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.
І кожны святар штодзень служыць і часта складае тыя самыя ахвяры, якія ніяк не могуць зняць грахоў.
А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,
чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены «падножжам ног Ягоных».
чакаючы, аж дакуль непрыяцелі Яго будуць пакладзены пад ногі Яго.
Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.
Вось, Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на векі тых, якія асвечаны.
Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:
Сведчыць нам аб гэтым і Дух Святы, бо пасля таго Ён сказаў:
«вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,
«Вось якім будзе запавет, які Я размяшчу ў іх сэрцы і ў нутры іх упішу іх,
і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш».
дыграхоў і беззаконняў іх ужо ўспамінаць не буду».
А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.
А дзе адпушчэнне [грахоў], там ужо больш не трэба ахвяры за грэх.
І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым,
Дык, маючы тады, браты, пэўнасць увайсці ў святое праз кроў Ісуса,
які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз плоць Сваю,
Які праклаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела Сваё,
і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
і вялікага Першасвятара над домам Божым,
прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю,
прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.
будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў;
Трымаймася непарушнага вызнання надзеі, бо верны ёсць Той, Які даў абяцанне;
будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках;
і зважайма адзін на аднаго, заклікаючы да любові і да добрых учынкаў.
ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго.
Не прапускайма нашых супольных сходаў, як сталася звычкай некаторых, але суцяшаймася, і тым больш, чым больш вы бачыце надыходзячы дзень.
Бо, калі мы, атрымаўшы спазнаньне ісьціны, самахоць грэшым, дык не застаецца больш ахвяры за грахі,
Бо калі мы добраахвотна грашым, прыняўшы пазнанне праўды, дык не застаецца ўжо ахвяры за грэх,
а нейкае страшнае чаканьне суду і лютасьці вагню, гатовага зжэрці супраціўцаў.
але толькі нейкае страшнае чаканне суда і жар агню, які павінен будзе паліць супраціўнікаў.
Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью,
Хто не падпарадкоўваецца закону Майсея, таго без ніякай міласэрнасці караюць смерцю пры двух або трох сведках.
дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавета, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?
Падумайце самі, як шмат страшнейшых кар варты той, які Сына Божага патаптаў, ці кроў запавету, якой быў асвечаны, за звычайную лічыў і Духа ласкі зняважыў?
Мы ведаем Таго, Хто сказаў: «у Мяне адпомста, Я аддам, кажа Гасподзь». І яшчэ: «Гасподзь будзе судзіць народ Свой».
Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «Мне помста, і Я дам адплату», [— кажа Госпад, —] або зноў: «Сам Госпад будзе судзіць Свой народ».
Страшна трапіць у рукі Бога жывога!
Страшна трапіць у рукі Бога жывога.
Успомніце ранейшыя дні вашыя, калі вы, дасьведчаныя, вытрымалі вялікі подзьвіг пакутаў,
Прыпомніце мінулыя дні, у якія вы, асвечаныя, перанеслі вялікую навалу пакут,
то самі сярод глумленьня і зьдзекаў, служачы відовішчам іншым, то будучы супольнікамі тых, што гэта зазналі;
іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зняваг і цярпенняў або іншы раз быўшы сучаснікамі тых, што падобнае перажывалі.
бо вы і маім кайданам спагадалі, і рабунак маёмасьці вашай прымалі з радасьцю, ведаючы, што ёсьць у вас на нябёсах маёмасьць лепшая і непрамінушчая.
Бо пакутавалі вы разам з увязненымі, і з радасцю прынялі вы рабунак вашай маёмасці, ведаючы, што маеце [ў небе] багацце лепшае, трывалае.
Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое мае атрымаць вялікую аддзяку.
Дык не пакідайце спадзявання вашага, якое мае вялікую ўзнагароду.
Цярплівасьць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае;
Цярплівасць жа вам патрэбна, каб, спаўняючы волю Божую, дачакаліся абяцання.
«яшчэ крыху, зусім крыху, і Той, Хто мае прыйсьці, прыйдзе і не забавіцца.
Яшчэ вось крыху, крыху і прыйдзе Той, Які павінен прыйсці, і не замарудзіць.
Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, ня хінецца да таго душа Мая».
Бо “справядлівы з веры жыве; калі бхто хістаўся, не спагадная да таго душа Мая”.
А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы.
Мы ж не з’яўляемся хісткімі на загубу, але веруючымі на збаўленне душы.