Да Габрэяў 5 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
 
Бо ўсякі першасвятар, з людзей абраны, для людзей ставіцца ў тым, што Божае, каб складаў дары і ахвяры за грахі,

каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу,
 
каб мог спачуваць тым, што не ведаюць і заблукалі, бо ён і сам апанаваны нядужасцю,

і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
 
і з-за яе ён павінен нейкім чынам як за народ, так і за сябе самога складаць ахвяры за грахі.

І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
 
Ніхто сам сабе не возьме гэтай пашаны, але той, хто пакліканы Богам, як Аарон.

Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»;
 
Так і Хрыстос не Сам Сябе ўславіў, каб стацца Першасвятаром, але Той, Які сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»,

як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка».
 
як у іншым [месцы] Ён кажа: «Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».

Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць;
 
Ён у дні цела Свайго моцным голасам і са слязамі прыносіў малітвы і просьбы Свае Таму, Які мог збавіць Яго ад смерці, і выслуханы быў дзеля Сваёй богаадданасці.

хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству;
 
І вось, хоць быў Сынам, навучыўся з таго, што перацярпеў, паслухмянасці

і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму,
 
і, выканаўшы [ўсё], стаўся для ўсіх паслухмяных Яму прычынай збаўлення вечнага,

і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка.
 
названы Богам Першасвятаром на ўзор Мэльхісэдэха.

Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць.
 
Пра Яго многа нам трэба было б гаварыць, але цяжка выказаць гэта, бо сталіся вы няздольнымі слухаць.

Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа.
 
Адносна часу вы павінны б быць настаўнікамі, а вось вы зноў патрабуеце, каб хто вас вучыў пачаткам слоў Божых, і вы такія, што вам малако належыцца, а не цвёрдая страва.

Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця;
 
Кожны з вас, хто корміцца малаком, несвядомы ў слове справядлівасці, бо ён — дзіцятка.

а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.
 
Для дарослых жа цвёрдая страва, для тых, хто праз ужыванне маюць спрактыкаваны розум, каб разабрацца, што добрае, а што благое.