Да Габрэяў 11 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

А вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным.
 
Вера — гэта зарука чаканага і пэўнасць у рэчах, якіх не бачым.

У ёй засьведчаны продкі.
 
Дзякуючы ёй продкі атрымалі сведчанне.

Вераю спазнаём, што вякі створаны словам Божым, так што зь нябачнага пайшло бачнае.
 
Праз веру пазнаём, што словам Божым наладжаны вякі і што з нябачных паўсталі рэчы, якія мы бачым.

Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ.
 
Праз веру Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сведчанне, што ён справядлівы. Бо Бог засведчыў пра яго дары, і праз яе нават памерлы гаворыць.

Вераю Энох пераселены быў так, што ня бачыў сьмерці; і ня стала яго, таму што Бог перасяліў яго. Бо раней перасяленьня свайго атрымаў ён сьведчаньне, што дагадзіў Богу.
 
Праз веру Гэнох перанесены быў, каб не бачыў смерці, і не стала яго, бо забраў яго Бог; бо перад перанясеннем атрымаў сведчанне, што ён мілы Богу.

А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць.
 
А без веры немагчыма падабацца Богу. Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсць і шукаючым Яго дае ўзнагароду.

Вераю Ной, атрымаўшы абвешчаньне пра тое, што яшчэ ня было бачна, богабаязна збудаваў каўчэг на выратаваньне дому свайго; ёю асудзіў ён (увесь) сьвет і зрабіўся спадкаемцам праведнасьці па веры.
 
Праз веру атрымаў Ной аб’яўленне аб тым, што яшчэ было нябачным, і з боязі пабудаваў арку на выратаванне сям’і сваёй. Праз яе асудзіў ён свет і стаўся спадкаемцам справядлівасці праз веру.

Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе.
 
Праз веру пакліканы Абрагам паслухаўся пайсці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.

Вераю жыў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у намётах зь Ісаакам і Якавам, супольнымі спадкаемцамі таго самага абяцаньня;
 
Праз веру асеў ён у зямлі абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцання.

бо ён чакаў горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога Бог.
 
Бо спадзяваўся на горад, які мае моцныя падмуркі, будаўнічы якога і творца — Бог.

Вераю і сама Сарра (будучы бясплодная) атрымала сілу на прыняцьце семені і не па часе ўзросту нарадзіла; бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.
 
Праз веру тая самая Сара, бясплодная, нягледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацце нашчадка [і нарадзіла], бо паверыла, што верны Той, Які даў абяцанне.

І таму ад таго, і прытым амярцьвелага, паўстала так многа, як многа зорак на небе і як безьліч пяску на беразе марскім.
 
Дзеля таго і ад аднаго, прытым амярцвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.

Усе гэтыя памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, а толькі здалёк глядзелі, і радаваліся, і казалі пра сябе, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі;
 
Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы яго, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госці.

бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
 
Бо якія так кажуць, паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыны.

І калі б яны мелі наўме тую бацькаўшчыну, зь якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца;
 
Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б час у яе вярнуцца.

але яны імкнуліся да лепшага, гэта значыцца, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іхнім Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.
 
Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць Сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.

Вераю Абрагам, будучы спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага,
 
Праз веру ахвяраваў Абрагам Ізаака, калі выпрабоўваўся, і адзінага сына склаў у ахвяру той, які атрымаў абяцанне

пра якога было сказана: «у Ісааку табе семя»;
 
і якому было сказана: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».

бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці.
 
Верыў жа ён, што і мёртвага можа Бог уваскрасіць; таму і атрымаў яго як знак.

Вераю ў будучыню Ісаак дабраславіў Якава і Ісава.
 
Праз веру ў будучыню дабраславіў Ізаак Якуба і Эзава.

Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся, абапершыся на жазло сваё.
 
Праз веру Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго.

Вераю Язэп пры сконе нагадаў пра выхад сыноў Ізраілевых, наказаў пра косьці свае.
 
Праз веру Язэп, паміраючы, нагадваў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.

Вераю Майсей пасьля нараджэньня тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі; бо бачылі яны, што дзіця цудоўнае, і не спалохаліся царскага загаду.
 
Праз веру Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэння, бо бачылі, што прыгожае дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона.

Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай,
 
Вырасшы, Майсей праз веру адмовіўся называцца сынам дачкі фараона,

і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду,
 
лепш выбіраючы быць пераследаваным разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасць граху.

і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку.
 
Бо лічыў за большае багацце знявагі Хрыстовы, чым скарбы егіпецкія, бо памятаў аб узнагародзе.

Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, як бы бачачы Нябеснага, быў цьвёрды.
 
Праз веру пакінуў ён Егіпет, не збаяўшыся злосці царскай; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага.

Вераю справіў ён пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.
 
Праз веру справіў Пасху і апырскванне крывёй, каб не крануў іх той, які пазабіваў першароднае.

Вераю перайшлі яны Чэрмнае мора, як па сушы, — на што рызыкнуўшы, Егіпцяне патанулі.
 
Праз веру перайшлі яны Чырвонае мора, як быццам па сухой зямлі; калі ж спрабавалі гэта зрабіць егіпцяне, патапіліся.

Вераю ўпалі сьцены Ерыхонскія пасьля сямідзённай аблогі.
 
Праз веру паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.

Вераю Рааў-распусьніца, мірна прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула зь нявернымі.
 
Праз веру блудніца Рахаб не прапала разам з няверуючымі, бо ў супакоі прыняла выведчыкаў.

І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў,
 
Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Яфтаха, Давіда, Самуэля і прарокаў,

якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,
 
якія вераю перамагалі царствы, аказвалі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,

тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;
 
тушылі полымя агню, усцерагаліся смерці ад меча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў;

жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;
 
жонкі атрымлівалі сваіх памерлых уваскрослымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрэсенне;

іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.
 
іншыя ж нацярпеліся здзекаў і біцця ды яшчэ кайданоў ды астрогу,

Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;
 
каменавалі іх і секлі, гінулі яны ад меча, туляліся ў авечых і казліных скурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.

тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.
 
Не варты быў іх свет, а блукалі [яны] па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.

І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,
 
І ўсе гэтыя, атрымаўшы сведчанне праз веру, не атрымалі абяцанага,

таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.
 
дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягнулі дасканаласці.