Да Габрэяў 6 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
Дзеля таго, мінуўшы пачаткі слова Хрыстова, уздымемся да спраў больш дасканалых, не беручыся зноў закладваць падмуркі адносна навяртання ад мёртвых учынкаў і адносна веры ў Бога,
вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
навукі аб хросце, а таксама ўскладанні рук, уваскрэсенні і вечным судзе.
І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
Бо немагчыма, каб тыя, што ўжо раз былі асвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Святога,
і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
якія добра пакаштавалі Божае слова і магутнасць будучага веку
і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
ды адпалі, крыжуючы зноў у саміх сабе Сына Божага і зневажаючы Яго, маглі быць адноўлены да навяртання.
Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
Бо зямля, што напойваецца частым дажджом і родзіць расліны на карысць тым, якія абрабляюць яе, атрымлівае дабраславенне ад Бога.
а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
А калі родзіць церні і пустазелле, дык яна непрыдатная і на праклён, і канец яе — спаленне.
А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
Спадзяёмся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і бліжэйшыя да збаўлення, хоць мы і гаворым гэтак.
Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
Бо Бог справядлівы і не забудзе ўчынкаў вашых і любові, якую выказалі вы дзеля імя Яго, вы, якія паслугавалі і паслугуеце святым.
А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
Жадаем, каб кожны з вас выявіў такую ж руплівасць ва ўдасканаленні надзеі аж да канца,
каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
каб не сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі паслядоўнікамі тых, якія вераю і цярплівасцю бяруць у спадчыну абяцанне.
Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
Бо Бог, даючы абяцанне Абрагаму, не маючы нікога вышэйшага, каб мог ім прысягнуць, прысягнуў Самім Сабою,
кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
кажучы: «Дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе».
І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
І так, доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае.
Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
Бо людзі вышэйшым ад сябе прысягаюць, і кожная спрэчка між імі канчаецца прысягаю на сцвярджэнне.
Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
Дзеля таго і Бог, хочучы для спадкаемцаў абяцання больш выявіць непарушнасць Свайго намеру, скарыстаўся прысягай,
каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
каб праз дзве нязменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную ўцеху, мы, што збягаемся, каб узяць дадзеную нам надзею,
якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
якую маем як якар душы, бяспечны і пэўны, які пранікае аж за заслону,
куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.
куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасвятаром навек.