Да Габрэяў 7 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга, — той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў,
 
Гэты вось Мэльхісэдэх, цар Салема, святар Бога Найвышэйшага, выйшаў насустрач Абрагаму, які вяртаўся пасля разгрому цароў, і дабраславіў яго.

якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, — па-першае, згодна са значэньнем імя — цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае — цар сьвету,
 
Яму таксама даў Абрагам дзесяціну з усяго. Імя яго абазначае, па-першае, цар справядлівасці, а потым і цар Салема, што значыць: цар Супакою.

бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
 
Без бацькі, без маці, без радаводу, без пачатку дзён і не маючы канца жыцця, ён упадобніўся Сыну Божаму і застаецца святаром навекі.

Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх.
 
Дык бачыце, які той, каму патрыярх Абрагам даў дзесяціну са здабычы.

Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь — браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых.
 
Вось і тыя з сыноў Левія, што атрымліваюць святарства, маюць наказ браць дзесяціны з народа паводле закону, значыць ад братоў сваіх, хоць і яны выводзяцца са сцёгнаў Абрагама.

Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабраславіў таго, хто меў абяцаньні.
 
Той жа не залічаўся да іх роду, узяў, аднак, дзесяціну ад Абрагама і таго, які меў абяцанне, дабраславіў.

Бяз усякага супраціву меншага дабраслаўляе большы.
 
Без ніякай супярэчнасці, тое, што меншае, дабраслаўляецца большым.

І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там той, хто мае пра сябе сьведчаньне, што ён жыве.
 
І тут людзі смяротныя бяруць дзесяціны, а там Той, Хто мае сведчанне, што жыве.

І, можна сказаць, сам Левій, які бярэ дзесяціну, у асобе Абрагама даў дзесяціну:
 
І, калі можна так сказаць, таксама і Леві, які бярэ дзесяціны, аддаў дзесяціну праз Абрагама,

бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах у бацькі, калі Мелхісэдэк спаткаў яго.
 
бо ён яшчэ быў у сцёгнах бацькі, калі Мэльхісэдэх выйшаў яму насустрач.

І вось, калі б дасканаласьць дасягалася празь лявіцкае сьвятарства, — бо зь ім спалучаны закон народу, — дык якая яшчэ была б патрэба зьяўляцца іншаму сьвятару па чыне Мелхісэдэка, а не па чыне Абрагамавым звацца?
 
Калі б дасканаласць дасягальнай была праз святарства левітаў, бо народ атрымаў закон ад яго, то нашто было ўстанаўляць яшчэ іншага святара на ўзор Мэльхісэдэха, а не на ўзор Аарона называцца?

Бо зь пераменаю сьвятарства павінен перамяніцца і закон,
 
Бо са зменай святарства павінен змяніцца і закон.

бо Той, пра Якога гаворыцца гэта, належаў да іншага роду, зь якога ніхто ня служыў каля ахвярніка;
 
Той, пра Якога тут гаворыцца, паходзіць з іншага пакалення, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку.

бо вядома, што Гасподзь наш зазьзяў з роду Юдавага, пра які Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
 
Ведама ж, што з Юды паходзіць наш Госпад, а Майсей нічога не казаў аб святарах з гэтага пакалення.

І гэта яшчэ ясьней відаць з таго, калі ў падабенстве Мелхісэдэкавым паўстае сьвятар іншы,
 
Дык гэта яшчэ больш выразным становіцца, калі на ўзор Мэльхісэдэха выступае іншы святар,

які стаўся такім не паводле закона запаведзі цялеснай, а з моцы жыцьця няспыннага.
 
які не паводле закону цела стаўся такім, але паводле магутнасці нязменнага жыцця.

Бо засьведчана: «Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка».
 
Бо прыводзіцца сведчанне: «Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».

А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці,
 
Такім чынам касуецца папярэдні закон дзеля яго кволасці і некарыснасці.

бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.
 
Бо нічога не давёў той закон да дасканаласці, але быў уступам лепшай надзеі, праз якую набліжаемся да Бога.

А як гэта было не бяз прысягі, —
 
Тым больш, што сталася гэта не без прысягі, бо тыя станавіліся святарамі без прысягі,

бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: «прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка»,
 
а Гэты — з прысягаю Таго, Які сказаў Яму: «Прысягнуў Госпад і не пашкадуе: Ты — Святар навекі [на ўзор Мэльхісэдэха]».

дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус.
 
Вось чаму Ісус стаў Паручыцелем лепшага запавету.

Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму;
 
І тых многа станавіліся святарамі паводле запавету, таму што смерць не дазваляла трываць [аднаму];

а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае,
 
Гэты праз тое, што трывае вечна, мае святарства непераходзячае.

таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх.
 
Дзеля таго і збаўляць можа Ён заўсёды тых, якія прыступаюць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб за іх заступацца.

Такі і павінен быць у нас Першасьвятар: сьвяты, несаўдзельны злу, беззаганны, далёкі ад грэшнікаў і ўзьнесены вышэй за нябёсы,
 
Такога вось належала мець нам Першасвятара, святога, нявіннага, беззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над неба,

Які ня мае патрэбы, як тыя першасьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; бо Ён гэта зрабіў аднаго разу, ахвяраваўшы Самім Сабою.
 
Які не павінен, як першасвятары, складаць штодзень ахвяры перш за свае злачынствы, а пасля — за злачынствы народа, бо гэта Ён зрабіў раз назаўсёды, складаючы Самога Сябе.

Бо закон устаноўлівае першасьвятарамі людзей немачных; а слова прысяжнае, пасьля закона, паставіла Сына, навек дасканалага.
 
Бо закон стаўляе першасвятарамі людзей кволых, слова ж прысягі, што пасля закону, — Сына, дасканалага навекі.