1 Сталася ж, калі Санабалат, і Тобія, і арабы, і аманіцяне ды азотцы пачулі, што мур ерузалімскі паспяхова адбудоўваецца і што пашкоджанні пачалі выпраўляцца, то ўзлаваліся дужа;
2 і змовіліся яны ўсе разам пайсці, і ваяваць супраць Ерузаліма, і асароміць яго.
3 І малілі мы Бога нашага, і паставілі варту супраць іх і ўдзень, і ўначы.
4 Але юдэі сказалі: «Не стала моцы ў нясучага, і зямлі вельмі шмат; і мы не зможам адбудаваць мур».
5 І ворагі нашы казалі: «Не даведаюцца яны і не ўбачаць, як уварвёмся мы між іх, і знішчым іх, і спынім работу іх».
6 Сталася ж, калі прыходзілі юдэі, якія пражывалі ў суседстве з імі, і гаварылі нам аб гэтым дзесяць разоў з розных мясцовасцей, з якіх яны прыйшлі да нас,
7 тады за мурам у нізінах, на адкрытай мясцовасці, сталі мы, і паставіў я людзей паводле родаў з мечамі іх, і дзідамі іх, і лукамі іх.
8 І ўбачыў я, і падняўся, і сказаў магнатам, і кіраўнікам, і іншаму народу: «Не бойцеся перад абліччам іх: памятайце пра Госпада, магутнага і страшнага, ды ваюйце за братоў вашых, за сыноў вашых і дачок вашых, і за жонак вашых, і за дамы вашы».
9 Сталася ж, калі нашы ворагі пачулі, што нам вядомы намер іх, тады Бог перашкодзіў задуме іх, і мы ўсе вярнуліся да мура, кожны да свайго занятку.
10 І сталася з гэтага дня, што палова юнакоў маіх займалася работай, і палова трымала дзіды, і шчыты, і лукі, і кальчугі; і кіраўнікі знаходзіліся ззаду ўсяго дома Юды.
11 Тыя, хто будаваў мур, і насіў цяжары, і накладваў іх, адной рукой працавалі, і другой трымалі меч;
12 бо кожны з будаўнікоў таксама быў падпяразаны мечам і так яны працавалі; і каля мяне стаяў трубач.
13 І казаў я князям, кіраўнікам ды іншаму народу: «Праца вялікая і разнастайная, і мы рассеяны на муры, і далёка адзін ад аднаго;
14 у якім-колечы месцы пачуеце гук трубы — туды збягайцеся да нас. Бог наш будзе змагацца за нас».
15 І так працавалі мы; і палова з нас трымала дзіду ад світання аж да з’яўлення зорак.
16 Таксама ў гэты час я загадаў народу: «Хай кожны з паслугачом сваім начуе ў Ерузаліме, і будзе ў нас варта ноччу, і днём — праца».
17 А я, і браты мае, і паслугачы мае, і вартаўнікі, якія былі са мною, не здымалі адзення свайго; кожны трымаў у сваёй правай руцэ меч.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Нэгэміі, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012
