Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

Да Ціта 2 Ліст да Ціта 2 разьдзел

1 Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.
2 Старыя [павінны быць] людзьмі цвярозымі, сціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўнымі любові і цярплівасці.
3 Падобна і старыя жанчыны [павінны] апранацца, як дастойна святых, высцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,
4 разумна вучыць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,
5 былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зневажалася імі слова Божае.
6 Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.
7 Ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы — непарушнасць, паважнасць,
8 у здаровым слове — беззаганнасць, каб той, хто супрацівіцца, асароміўся, не могучы нічога благога пра нас сказаць.
9 Хай паслугачы слухаюць сваіх гаспадароў, ва ўсім дагаджаюць, а не пярэчаць,
10 не ашукваюць, але ва ўсім добрую волю аказваюць, каб ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, услаўлялі.
11 Бо з’явілася ласка Бога, выратавальная для ўсіх людзей,
12 якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і пажаданняў свету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым свеце,
13 чакаючы шчаслівай надзеі і прыйсця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14 Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысціць Сабе народ асаблівы, рупны пра добрыя ўчынкі.
15 Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. Ніхто цябе не папракне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Ціта, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012