2 да Цімафея 1 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Павал, апостал Ісуса Хрыста воляй Божай, паводле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце Ісусе, —
Паўла, апостал Хрыста Ісуса, з волі Бога, паводле абяцання жыцця, якое ёсць у Хрысце Ісусе,
Цімафею, улюбёнаму дзіцяці: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
Цімафею, найдаражэйшаму сыну: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
Дзякую Богу, Якому служу ад бацькоў з чыстым сумленьнем, што няспынна ўзгадваю пра цябе ў просьбах маіх уночы і ўдзень,
Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленнем, што ў маіх малітвах уночы і днём без перапынку маю ў памяці цябе,
жадаючы бачыць цябе, памятаючы пра сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,
і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае слёзы, каб напоўніцца радасцю,
прыводзячы на памяць некрывадушную веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Ляідзе і ў маці тваёй Эўніцы, і я перакананы, што і ў табе.
і прыпамінаю тую веру не фальшывую, якая ёсць у табе, якая жыла найперш у бабулі тваёй Лаідзе і маці тваёй Эўніцы, ды я перакананы, што і ў табе.
Дзеля гэтае прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсьць у табе праз ускладаньне рук маіх,
Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб ажывіў ты дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне рук маіх.
бо даў нам Бог ня духа палахлівасьці, але сілы, і любові, і цьвярозага мысьленьня.
Бо не даў нам Бог духа страху, але сілы, любові і цвярозага мыслення.
Дык не саромся сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але перанось цяжкасьці разам з Эвангельлем паводле сілы Бога,
Дык не саромейся тады сведчання Госпада нашага, ані мяне, вязня Яго, але працуй дзеля Евангелля моцы Бога,
Які збавіў нас і паклікаў пакліканьнем сьвятым, не паводле ўчынкаў нашых, але паводле вызначэньня Свайго і ласкі, дадзенае нам у Хрысьце Ісусе перад вечнымі часамі,
Які збавіў нас і паклікаў святым пакліканнем не паводле нашых спраў, але паводле пастановы Сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысце Ісусе спрадвеку,
а цяпер выяўленае праз зьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які зьнішчыў сьмерць і зьявіў жыцьцё і незьнішчальнасьць праз Эвангельле,
а цяпер аб’явілася праз з’яўленне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвяціў жыццё і несмяротнасць праз Евангелле,
для якога я пастаўлены весьнікам, і апосталам, і настаўнікам паганаў.
дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, і апосталам, і вучыцелем [паганаў].
Дзеля гэтае прычыны я і цярплю гэтак, але не саромлюся, бо ведаю, у Каго я паверыў, і перакананы, што Ён моцны, каб захаваць перададзенае праз мяне на той дзень.
З гэтай прычыны пераношу цярпенні, але не саромеюся, бо ведаю, Каму паверыў, і маю пэўнасць, што Ён мае моц захаваць скарб мой на той дзень.
Мей за прыклад здаровыя словы, якія ты чуў ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Ісусе.
За аснову вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, адносна веры і любові, што ў Хрысце Ісусе.
Захоўвай тое добрае, што перададзена [табе], праз Духа Сьвятога, Які жыве ў нас.
Беражы добры скарб Духа Святога, Які прабывае ў нас.
Ты ведаеш, што адвярнуліся ад мяне ўсе, якія ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген.
Ці ведаеш тое, што ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
Няхай дасьць Госпад літасьць дому Анісіфора, бо ён часта падмацоўваў мяне і не саромеўся ланцугоў маіх,
Хай дасць міласэрнасць Госпад дому Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданоў маіх,
але, калі быў у Рыме, дужа шукаў мяне і знайшоў.
але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.
Няхай дасьць яму Госпад знайсьці літасьць у Госпада ў той дзень; і колькі ён служыў у Эфэсе, ты лепей ведаеш.
Хай дасць яму Госпад знайсці міласэрнасць у Госпада ў той дзень. А колькі ён служыў у Эфесе, ты лепей ведаеш.