2 да Цімафея 1 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, водле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце́ Ісусе, —
Паўла, апостал Хрыста Ісуса, з волі Бога, паводле абяцання жыцця, якое ёсць у Хрысце Ісусе,
Цімахве́ю, умілаванаму сыну: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
Цімафею, найдаражэйшаму сыну: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумле́ньнем, што безперастанку ўспамінаю аб табе́ ў малітвах маіх уначы і ўдзе́нь,
Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленнем, што ў маіх малітвах уночы і днём без перапынку маю ў памяці цябе,
жадаючы бачыць цябе́, помнячы аб сьлёзах тваіх, каб мне́ напоўніцца радасьцяй,
і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае слёзы, каб напоўніцца радасцю,
успамінаючы некрывадушную ве́ру тваю, якая ране́й жыла ў бабцы тваёй Ляідзе і ў матцы тваёй Яўніцы; дый я пэўны, што і ў табе́.
і прыпамінаю тую веру не фальшывую, якая ёсць у табе, якая жыла найперш у бабулі тваёй Лаідзе і маці тваёй Эўніцы, ды я перакананы, што і ў табе.
Дзеля гэтае прычыны напамінаю табе́, каб падаграваў дар Божы, які ёсьць у табе́ праз узлажэньне рук маіх,
Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб ажывіў ты дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне рук маіх.
бо даў нам Бог ня духа страху, але сілы й любві і мудрасьці.
Бо не даў нам Бог духа страху, але сілы, любові і цвярозага мыслення.
Дык ня стыдайся сьве́дчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ані мяне́, вязьня Яго; але цярпі муку разам з Эвангельлем водле сілы Бога,
Дык не саромейся тады сведчання Госпада нашага, ані мяне, вязня Яго, але працуй дзеля Евангелля моцы Бога,
што вы́бавіў нас і паклікаў прызваньнем сьвятым, ня водле ўчынкаў нашых, але водле пастановы Свае́й і ласкі, да́дзенае нам у Хрысьце́ Ісусе перад ве́чнымі часамі,
Які збавіў нас і паклікаў святым пакліканнем не паводле нашых спраў, але паводле пастановы Сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысце Ісусе спрадвеку,
а цяпе́р вы́яўленае праз зьяўле́ньне Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, што зьнішчыў сьме́рць і асьвяціў жыцьцё і нятле́ннасьць праз Эвангельле,
а цяпер аб’явілася праз з’яўленне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвяціў жыццё і несмяротнасць праз Евангелле,
для якога я пастаўлены за прапаве́дніка і Апостала ды вучыцеля паганаў.
дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, і апосталам, і вучыцелем [паганаў].
З гэтае прычыны я і цярплю гэтае; але не саромлюся, бо ве́даю, у Каго я ўве́раваў, і пэўны, што Ён дуж захаваць залог мой на гэны дзе́нь.
З гэтай прычыны пераношу цярпенні, але не саромеюся, бо ведаю, Каму паверыў, і маю пэўнасць, што Ён мае моц захаваць скарб мой на той дзень.
Дзяржыся прыкладу здаровых слоў, што ты чуў ад мяне́, у ве́ры й любві, што ў Хрысьце́ Ісусе.
За аснову вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, адносна веры і любові, што ў Хрысце Ісусе.
Хавай добры залог Духам Сьвятым, што жыве́ ў нас.
Беражы добры скарб Духа Святога, Які прабывае ў нас.
Ты ве́даеш тое, што адвярнуліся ад мяне́ ўсе́, што ў Азіі, між імі Фігел і Гармаге́н.
Ці ведаеш тое, што ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
Няхай дасьць Госпад міласьць дому Анісіфара, бо ён часта прымаў мяне́ і ня стыдаўся путаў маіх,
Хай дасць міласэрнасць Госпад дому Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданоў маіх,
але як быў у Рыме, з вялікай рупнасьцяй шукаў мяне і знайшоў.
але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.
Няхай дасьць яму Госпад знайсьці міласьць у Госпада ў гэны дзе́нь; а колькі ён служыў мне́ у Эфэсе, ты ле́пей ве́даеш.
Хай дасць яму Госпад знайсці міласэрнасць у Госпада ў той дзень. А колькі ён служыў у Эфесе, ты лепей ведаеш.