1 да Карынфянаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Паўла, воляй Божай пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, і Состэн, брат, —
Паўла, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, ды брат Састэн
царкве́ Божай, што ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце́ Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, што́ прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім ме́сцы, у іх і ў нас:
Божай царкве, што ў Карынце, асвечаным у Ісусе Хрысце ды пакліканым святым разам з усімі, што прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў кожным месцы, сваім і нашым:
ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, да́нае вам у Хрысьце́ Ісусе,
Дзякую заўсёды за вас Богу майму, за ласку Божую, дадзенаю вам у Хрысце Ісусе,
бо ўсім абагаціліся вы ў Ім, усякім словам і ўсякаю ве́даю, —
бо ў Ім вы ва ўсім сталіся багатымі, усякім словам і ўсякім веданнем,
бо сьве́дчаньне Хрыстовае ўмацавалася ў вас, —
бо сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,
дзеля чаго вы ня маеце нястачы ні ў якім дары, ждучы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
так што не маеце ніякай нястачы ласкі ў чаканні аб’яўлення Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Які і ўгрунтуе вас да канца, каб быць вам бязьвіннымі ў дзе́нь Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Які і ўмацуе вас да канца, [каб былі] без заганы ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Ве́рны Бог, якім вы пакліканы ў лучнасьць Сына Яго, Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
Малю вас, браты, іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе́ вы гаварылі адно, і ня было-б між вамі падзе́лаў, але каб вы злучаны былі ў адным розуме і ў аднэй думцы.
Браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі дасканалымі, аднаго духа і аднае думкі.
Бо ад Хлоіных сталася мне́ ве́дама аб вас, браты мае́, што між вамі есьць спрэчкі.
Бо тыя, што ў Хлоі, паведамілі мне пра вас, браты мае, што здараюцца між вамі спрэчкі.
Кажу-ж аб тым, што кожны ў вас кажа: я — Паўлавы, я — Апалёсавы, я — Кіфавы, а я — Хрыстовы.
Я кажу тое, што кожны ў вас кажа: «Я Паўлаў», «Я Апалосаў», «Я Кіфаў», «А я Хрыстоў».
Ці-ж разьдзяліўся Хрыстос? Ці-ж Паўла раскрыжаваўся за вас? Ці ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?
Ці ж Хрыстос падзяліўся? Ці ж Паўла быў за вас укрыжаваны? Ці ў імя Паўлы вы ахрышчаны?
Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, апрача Крыспа і Гайя,
Дзякую Богу, што, апрача Крыспа і Гая, я нікога з вас не ахрысціў,
каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.
каб ніхто не казаў, што ў імя маё быў ён ахрышчаны.
Ахрысьціў я таксама Сьцяпанавы дом, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ве́даю.
Праўда, ахрысціў я таксама дом Сцяпана. А больш не ведаю, ці ахрысціў яшчэ каго.
Бо і Хрыстос паслаў мяне́ не хрысьціць, а абвяшчаць Эвангельле; не ў прамудрасьці-ж слова, каб не панізіць крыжа Хрыстовага;
Бо не паслаў мяне Хрыстос хрысціць, але несці добрую вестку; не ў мудрасці слова, каб не адмяніць крыжа Хрыстова.
бо слова, што аб крыжу, для пагібаючых ёсьць вар’яцтва, а для нас, якія спасаюцца, — сіла Божая.
Бо слова крыжа для тых, што ідуць у пагібель, ёсць вар’яцтва, а тым, што ідуць у збаўленне, — сіла Божая.
Бо напісана: загублю мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну (Ісая 29:14).
Бо напісана: «Загублю мудрасць мудрых і кемлівасць разумных знішчу».
Гдзе́ мудрэц? гдзе́ кніжнік? гдзе́ дасьледчык гэтага ве́ку? Ці не ператварыў Бог мудрасьць сьве́ту гэтага ў вар’яцтва? (Ісая 33:18.)
Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасць гэтага свету неразумнай?
Бо, калі сьве́т свае́ю мудрасьцяй не пазнаў Бога ў прамудрасьці Божай, дык угодна было Богу праз дурасьць пропаведзі збавіць ве́руючых.
Калі ж свет мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, дык спадабалася Богу праз вар’яцтва прапаведніцтва збавіць веруючых.
Бо і Юдэі трэбуюць цудаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;
Бо юдэі дамагаюцца знакаў, і грэкі шукаюць мудрасці;
а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў спакусу, а для Грэкаў дурасьць,
а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — згаршэнне, а для паганаў — вар’яцтва,
для самых жа пакліканых, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасьць;
для тых жа, што пакліканы, ці з юдэяў, ці з грэкаў, Хрыстос — моц Божая ды мудрасць Божая.
бо дурное Божае мудрэйшае за людзе́й, і слабое Божае дужэйшае за людзе́й.
Бо тое, што неразумнае ў Бога, мудрэйшае за людзей, а што кволае ў Бога — мацнейшае за людзей.
Бо паглядзе́це, браты, на пакліканьне вашае: ня многа мудрых паводле це́ла, ня многа дужых, ня многа дабрародных;
Дык вы, браты, паглядзіце на ваша пакліканне, што няшмат з вас мудрых паводле цела, нямнога магутных, няшмат высакародных;
але Бог выбраў дурноту сьве́ту, каб асароміць мудрых, і бяссільнае сьве́ту выбраў Бог, каб асароміць дужо́е;
але Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і кволае свету, каб пасароміць магутных,
і бязроднае сьве́ту, і пагарджанае і няістотнае выбраў Бог, каб зьнішчыць істотнае,
і невысакароднае свету, і пагарджанае выбраў Бог — тое, што нікчэмнае, каб знішчыць тое, што нечым ёсць,
дзеля таго, каб ніводнае це́ла не хвалілася перад Ім.
каб ніводнае цела не выхвалялася перад Богам.
З Яго і вы ў Хрысьце́ Ісусе, які стаўся для нас прамудрасьцяй ад Бога, і праведнасьцяй, і асьвячэньнем, і адкупле́ньнем,
Дзякуючы Яму і вы ёсць у Хрысце Ісусе, Які ад Бога стаўся для нас мудрасцю, справядлівасцю, пасвячэннем і адкупленнем,
каб было, як напісана: хто хваліцца, хваліся ў Госпадзе (Ерамія 9:24).
каб было, як напісана: «Хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца».