Да Рымлянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Паўла, раб Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, выбраны дзеля абвяшча́ньня Эвангельля Божага,
 
Паўла, паслугач Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, прызначаны на абвяшчэнне Евангелля Божага,

(якое Бог напе́рад абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях,)
 
якое ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях

аб Сыне Яго, (які це́лам радзіўся ад насе́ньня Давідавага па це́лу
 
пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда

і адкрыўся, як Сын Божы, у сіле, духам сьвятасьці праз уваскрасе́ньне з мёртвых) аб Ісусе Хрысьце́, Госпадзе нашым,
 
і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу Святому праз уваскрэсенне мёртвых праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.

(праз Якога мы атрымалі ласку й апостальства, каб у імя Яго прыдбаць дзеля ве́ры ўсе́ народы,
 
Праз Яго атрымалі мы ласку і апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,

між якімі і вы, сягоньня Ісусам Хрыстом пакліканыя), —
 
да якіх належыце і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,

усім, што ёсьць у Рыме, улюбленым Богам, пакліканым сьвятым: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!

Найпе́рш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што ве́ра ваша абвяшчаецца па ўсім сьве́це;
 
Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;

сьве́дка мне́ Бог, якому служу духам маім у дабраве́шчаньні Сына Яго, што ўсьцяж успамінаю аб вас,
 
сведка мне Бог, Якому служу духам маім, абвяшчаючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,

заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб калі-не́будзь давялося мне́ прыйсьці да вас паводле волі Божае.
 
у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце меў шчасце аднойчы выбрацца ў дарогу адведаць вас.

Бо я ве́льмі жадаю ўгле́дзіць вас, каб даць вам не́йкі падарунак духоўны дзеля ўмацаваньня вашага,
 
Я прагну бачыць вас, каб надаць вам штосьці ад ласкі духоўнай і падмацаваць вас,

ці то парадавацца з вамі супольнаю ве́раю вашаю і мае́ю.
 
гэта значыць суцешыцца супольна з вамі гэтай верай, вашаю і маёю.

Не хачу, браты, пакінуць вас у няве́даньні, што я часта думаў прыйсьці да вас (ды сустракаў перашкоды яжно па сягоньняшні дзе́нь), каб ме́ць не́йкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.
 
Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.

Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным;
 
Я даўжнік грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.

дык, што да мяне́, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме.
 
Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.

Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсьць на збаўленьне кожнаму, хто ве́руе, сьпярша Жыду, а потым і Грэку.
 
Бо я не саромеюся Евангелля [Хрыстова]: яно ёсць моц Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш юдэю, і грэку.

Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад ве́ры да ве́ры, як напісана: праведны жыць будзе ве́раю (Авак 2:4).
 
Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».

Бо адкрываецца гне́ў Божы з не́ба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзе́й, што маюць праўду ў няпраўдзе.
 
Гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,

Бо што́ можна ве́даць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім;
 
бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.

бо нявідомае Яго, ве́чная сіла Яго і Божства ад стварэньня сьве́ту праз разважаньне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўданьня
 
Ды ад стварэння свету нябачнае [Божае] і спрадвечная Яго магутнасць і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца [ад віны].

за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаньнях сваіх, і прыцьмілася неразумнае сэрца іх:
 
Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.

кажучы аб сабе́, што яны мудрыя, яны адурэлі
 
Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,

і славу нятле́ннага Бога замянілі на ўзор абраза тле́ннага чалаве́ка і птушак, і чацьвёраногіх, і га́даў.
 
нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.

Дык і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іх нячыстасьці, каб яны апаганілі це́лы свае́ міжы сабою.
 
Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.

Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэньню заме́ст стварыцеля, які багаслаўлены наве́кі, амін.
 
Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які дабраславёны навечна. Амін.

Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпе́ць ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае.
 
Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іх замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.

Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстаньне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасьцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе́ нале́жную адплату за свой блуд.
 
Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.

І, як яны ня рупіліся ме́ць Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну,
 
А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,

і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй, напоўнены зайздрасьцяй, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі;
 
і напоўнены яны ўсякаю нягоднасцю, [чужаложствам], ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці,

яны — зьвяглівыя манюкі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацьком,
 
плеткары, паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,

неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя.
 
неразумныя, падступныя, бязлітасныя і неміласэрныя.

Яны ве́даюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты сьме́рці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але й пахваляюць тых, хто робіць.
 
Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і спрыяюць тым, што так робяць.