Да Рымлянаў 8 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Дык вось няма цяпе́р ніякага асуджэньня тым, што́ ў Хрысьце Ісусе не паводле це́ла, але паводле духа ходзяць,
 
Значыць, няма цяпер ніякага асуджэння тым, што ў Хрысце Ісусе [не паводле цела, а паводле Духа ходзяць];

бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе звольніў мяне́ ад закону грэху й сьме́рці.
 
бо закон Духа жыцця ў Хрысце Ісусе вызваліў цябе ад закону граху і смерці.

Як закон, аслаблены це́лам, быў бяссільны, дык Бог, паслаўшы Сына Свайго ў кшталце це́ла грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у це́ле,
 
Бо што было немагчымым для закону, у якім была нядужасць праз цела, Бог, пасылаючы Сына Свайго ў падобнасці грэшнага цела ды дзеля граху, асудзіў грэх у целе,

каб апраўданьне закону выпаўнілася ў нас, каторыя ня водле це́ла, але водле духа ходзім.
 
каб апраўданне закону споўнілася ў нас, што жывём не паводле цела, але паводле Духа.

Бо тыя, што водле це́ла жывуць, аб цяле́сным думаюць; а тыя, што водле духа, — аб духоўным.
 
Бо тыя, што жывуць паводле цела, думаюць пра цялеснае, а тыя, што жывуць паводле Духа, — пра духоўнае.

Бо думкі цяле́сныя ёсьць сьме́рць, а думкі духоўныя — жыцьцё і мір,
 
Бо задумы цела ёсць смерць, а задумы Духа — жыццё ды супакой;

бо цяле́сныя думкі ёсьць варожасьць да Бога: бо не пакараюцца закону Божаму дый ня могуць.
 
бо задумы цела варожыя Богу, таму што не скараюцца закону Божаму, дый не могуць.

Тыя-ж, што жывуць водле це́ла, Богу дагадзіць ня могуць.
 
І тыя, што жывуць паводле цела, не могуць падабацца Богу.

Але вы ня ў це́ле, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве́ ў вас. Калі-ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той і не Ягоны.
 
Вы, аднак, не жывяце паводле цела, але паводле Духа, калі толькі Божы Дух жыве ў вас. А калі хто не мае Духа Хрыстова, той не Яго.

Калі-ж у вас Хрыстос, дык це́ла мёртва дзеля грэху, а дух жывы дзеля праведнасьці.
 
А калі Хрыстос ёсць у вас, то хоць цела смяротнае з-за граху, але дух жывы з-за справядлівасці.

Калі-ж Дух Таго, Хто ўскрасіў із мёртвых Ісуса, жыве́ ў вас, дык Той, Хто ўскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы сьмяротныя це́лы Духам Сваім, што жыве́ ў вас.
 
А калі ў вас жыве Дух Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, дык Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і смяротныя целы вашы праз Духа Свайго, Які знаходзіцца ў вас.

Дык вось, браты, мы — даўжнікі ня це́ла, каб жыць водле це́ла;
 
Дык вось, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.

бо, калі жывецё водле це́ла, то памрэцё; а калі духам цяле́сныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце.
 
Бо калі будзеце жыць паводле цела, памраце, а калі духам памярцвіце ўчынкі цела, будзеце жыць.

Бо ўсе́, Духам Божым ве́дзеныя, ёсьць Сыны Божыя;
 
Бо ўсе тыя, якіх вядзе Дух Божы, ёсць сыны Божыя.

бо вы ня прынялі духа няволі ізноў на страх, але прынялі Духа ўсынаўле́ньня, у якім і клічам: Авва, Ойча!
 
Вы ж не атрымалі духа няволі, ізноў на страх, але атрымалі вы Духа ўсынаўлення, у Якім клічам: «Абба, Ойча!»

Гэты самы Дух сьве́дчыць духу нашаму, што мы — дзе́ці Божыя,
 
Той Самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы — сыны Божыя.

а калі дзе́ці, дык і насьле́днікі: насьле́днікі Божыя, насьле́днікі супольне з Хрыстом, калі і це́рпім з Ім мукі, дык каб з Ім і ўславіцца.
 
А калі сыны, дык і спадкаемцы: спадкаемцы Бога, суспадчыннікі Хрыста; калі толькі з Ім разам церпім, каб разам з Ім і ўславіцца.

Бо думаю, што мукі цяпе́рашняга часу недастойныя тае́ славы, што мае выявіцца ў нас.
 
Бо мяркую, што цяперашніх цярпенняў нельга параўнаць з будучай славай, якая мае аб’явіцца ў нас.

Бо надзея стварэньня чакае адкрыцьця сыноў Божых,
 
Стварэнне бо прагна чакае аб’яўлення сыноў Божых.

бо стварэньне пакарылася марнасьці не самахоць, але па волі пакарыўшага, у надзе́і,
 
Бо стварэнне паддалося марнасці не самахоць, але па волі Таго, Хто паддаў, з надзеяй,

што й само стварэньне вызвалена будзе з няволі тле́ньня на волю славы дзяце́й Божых.
 
што і стварэнне таксама будзе вызвалена з няволі сапсаванасці на волю славы дзяцей Божых.

Бо ве́даем, што ўсё стварэньне разам стогне й мучыцца дагэтуль,
 
Бо ведаем, што ўсё стварэнне дагэтуль стогне і пакутуе супольна.

дый ня толькі яно, але й мы самі, што маем зачатак Духа, і мы ў сабе́ стогнем, ждучы ўсынаўле́ньня, выкупленьня це́ла нашага.
 
Ды не толькі, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ўнутры сябе ўздыхаем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага.

Бо мы вызвалены надзе́яй. Надзе́я-ж бачаная ня ёсьць надзе́я; бо калі хто бачыць, дык чаго яму й спадзявацца?
 
Бо мы ўжо збаўлены надзеяй, аднак надзея бачная — гэта не надзея; бо калі хто бачыць, дык хіба спадзяецца хтосьці на тое, што бачыць?

Але, калі спадзяе́мся таго, чаго ня бачым, дык чакаем цярпліва.
 
Калі, аднак, мы спадзяёмся на тое, чаго не бачым, то з цярплівасцю чакаем.

Гэтак сама й Дух дапамагае ў слабасьцях нашых; бо мы ня ве́даем, аб чым маліцца, як трэба, але Сам Дух стараецца за нас стагнаньнямі нявымоўнымі.
 
Падобна і Дух успамагае нашай кволасці; бо мы не ведаем, пра што маліцца, як трэба, але Сам Дух заступаецца за нас у невымоўных уздыханнях.

Хто-ж выве́дывае сэрцы, Той ве́дае, якая думка ў Духа, бо Ён стараецца за сьвятых па волі Божай.
 
Той жа, Хто пранікае сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па [волі] Божай.

Дый ве́даем, што тым, хто любіць Бога, пакліканым па Яго пастанове, усё памагае на дабро;
 
Ведаем таксама, што ўсё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога ды якія пакліканы па [Яго] пастанове.

бо, каго Ён напе́рад пазнаў, тым наперад і празначыў быць падобнымі да абраза Сына Свайго, каб Ён быў першако́м між многімі братамі;
 
Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына Свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі.

а каго напе́рад празначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і уславіў.
 
Тых жа, якіх прызначыў, тых і паклікаў, а якіх паклікаў, тых і апраўдаў, а якіх апраўдаў, тых і ўславіў.

Дык што-ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
 
Дык што на гэта скажам? Калі Бог за нас, дык хто супраць нас?

Той, які Сына Свайго пе пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго?
 
Той, Хто не пашкадаваў Сына Свайго, але выдаў Яго за ўсіх нас, як жа Ён не даруе і нам разам з Ім усяго?

Хто будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, які апраўдывае.
 
Хто будзе вінаваціць выбраннікаў Божых? Бог, Які апраўдвае?

Хто асуджае? Хрыстос, які памёр, але-ж і ўваскрос. Ён і праваруч Бога, Ён і просіць за нас.
 
Хто той, які іх асудзіць? Хрыстос Ісус, Які памёр, але Які і ўваскрос, і Які сядзіць праваруч Бога ды Які заступаецца за нас?

Хто адлучыць нас ад любві Божае? Гора, ці у́ціск, ці перасьле́даваньне, ці голад, ці нагата́, ці небясьпе́ка, ці ме́ч? Водле напісанага:
 
Дык хто ж можа адлучыць нас ад любові Хрыстовай? Прыгнёт, ці ўціск, ці пераследаванне, ці голад, ці нястача, ці небяспека, ці меч?

За Цябе́ забіваюць нас кожны дзе́нь; лічаць нас за аве́чкі, ахвяраваныя на зарэз (Псальм 43:23).
 
Як напісана: «Дзеля Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі на зарэз».

Але ўсё гэтае перамагаем праз Палюбіўшага нас.
 
Але ва ўсім гэтым атрымліваем перамогу праз Таго, Хто палюбіў нас.

Бо я пэўны, што ні сьме́рць, ні жыцьцё, ні ангелы, ні ўлады, ні сілы, ні цяпе́рашняе, ні будучае,
 
Бо я ўпэўнены, што ані смерць, ані жыццё, ані анёлы, ані першынствы, ані сённяшні дзень, ані будучыня, ані магутнасці,

ні вышыня, ні глыбіня, ні другое якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любві Божае, што́ ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.
 
ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.