Да Рымлянаў 8 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча
Дык вось няма цяпе́р ніякага асуджэньня тым, што́ ў Хрысьце Ісусе не паводле це́ла, але паводле духа ходзяць,
І вось цяпер няма ніякага асуду тым, што ў Хрыстусе Езусе не паводле цела, а паводле духа ходзяць;
бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе звольніў мяне́ ад закону грэху й сьме́рці.
Закон бо духа жыцьця ў Езусе Хрыстусе звольніў мяне ад закону граху і сьмерці.
Як закон, аслаблены це́лам, быў бяссільны, дык Бог, паслаўшы Сына Свайго ў кшталце це́ла грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у це́ле,
Што было немагчымым для Закону аслабленага целам, тое умагчыміў Бог, пасылаючы Сына свайго ў форме грэшнага цела на ахвяру за грэх і асудзіў грэх у целе;
каб апраўданьне закону выпаўнілася ў нас, каторыя ня водле це́ла, але водле духа ходзім.
каб у нас паступаючых ня водле цела, а паводле духа, споўнілася апраўданне Закону.
Бо тыя, што водле це́ла жывуць, аб цяле́сным думаюць; а тыя, што водле духа, — аб духоўным.
Тые, што ёсьць паводле цела, аб цялесным і подумкі маюць, а тые, што паводле духа — аб духовым.
Бо думкі цяле́сныя ёсьць сьме́рць, а думкі духоўныя — жыцьцё і мір,
Бо мудрасьцю цела ёсьць сьмерць, а мудрасьцю духа — жыцьцё й супакой;
бо цяле́сныя думкі ёсьць варожасьць да Бога: бо не пакараюцца закону Божаму дый ня могуць.
цялесная мудрасьць варожая Богу: не паддаецца, дый ня можа паддавацца, Божаму праву.
Тыя-ж, што жывуць водле це́ла, Богу дагадзіць ня могуць.
Тые, што ў целе, Богу падабацца ня могуць.
Але вы ня ў це́ле, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве́ ў вас. Калі-ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той і не Ягоны.
Але вы не паводле цела жывяце, а водле духа, калі толькі Дух Божы ў вас прабывае; каліж хто Хрыстовага Духа ня мае, той ня ёсьць Ягоны.
Калі-ж у вас Хрыстос, дык це́ла мёртва дзеля грэху, а дух жывы дзеля праведнасьці.
А калі ў вас ёсьць Хрыстус, дык хоць цела мяртвае дзеля граху, але дух жывы дзеля праведнасьці.
Калі-ж Дух Таго, Хто ўскрасіў із мёртвых Ісуса, жыве́ ў вас, дык Той, Хто ўскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы сьмяротныя це́лы Духам Сваім, што жыве́ ў вас.
І калі Дух Таго, Які збудзіў ад сьмерці Езуса, у вас прабывае, дык Той, Хто ажывіў зь мяртвых Хрыстуса, ажывіць і вашы сьмяротныя целы прабываючым у вас Духам сваім,
Дык вось, браты, мы — даўжнікі ня це́ла, каб жыць водле це́ла;
Дык вось, браты, ня цела мы даўжнікі, каб жыць водле цела;
бо, калі жывецё водле це́ла, то памрэцё; а калі духам цяле́сныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце.
бо каліб жылі паводле цела, то памраце; а як духам будзеце ўтаймоўваць паступкі цела, жыць будзеце.
Бо ўсе́, Духам Божым ве́дзеныя, ёсьць Сыны Божыя;
Тые бо, што кіруюцца Духам Божым, ёсьць сынамі Божымі;
бо вы ня прынялі духа няволі ізноў на страх, але прынялі Духа ўсынаўле́ньня, у якім і клічам: Авва, Ойча!
таму што вы-ж ня духа няволі атрымалі зноў на страх, а прынялі Духа усынаўлення, якім і клічам Абба (Ойча)!
Гэты самы Дух сьве́дчыць духу нашаму, што мы — дзе́ці Божыя,
Гэты самы Дух сьветчыць нашаму духу, што мы сыны Божыя.
а калі дзе́ці, дык і насьле́днікі: насьле́днікі Божыя, насьле́днікі супольне з Хрыстом, калі і це́рпім з Ім мукі, дык каб з Ім і ўславіцца.
А калі сыны, дык і насьледнікі Бога, а сунасьледнікі Хрыстуса: як разам зь Ім мукі церпім, каб разам зь Ім і уславіцца.
Бо думаю, што мукі цяпе́рашняга часу недастойныя тае́ славы, што мае выявіцца ў нас.
Бо, думаю, цяперашніх дачасных горкіх дакудаў нельга й параўняць з будучай хвалою, што аб’явіцца ў нас.
Бо надзея стварэньня чакае адкрыцьця сыноў Божых,
Стварэнне бо прагна чакае аб’яўлення сыноў Божых:
бо стварэньне пакарылася марнасьці не самахоць, але па волі пакарыўшага, у надзе́і,
бо яно пакарылася нікчомасьці не самахоць, але з волі таго, які абнадзеіў яго,
што й само стварэньне вызвалена будзе з няволі тле́ньня на волю славы дзяце́й Божых.
што й само яно (стварэнне) будзе вызвалена зь няволі тлення на вольнасьць хвалы Божых сыноў.
Бо ве́даем, што ўсё стварэньне разам стогне й мучыцца дагэтуль,
Бо-ж ведаем, што ўсё стварэнне стогне й мучыцца;
дый ня толькі яно, але й мы самі, што маем зачатак Духа, і мы ў сабе́ стогнем, ждучы ўсынаўле́ньня, выкупленьня це́ла нашага.
дый ня толькі яно, але і мы самы, маючыя задатак Духа, і мы ўсабешне ўздыхаем, вычэкваючы ўсынаўлення выкуплення нашага цела.
Бо мы вызвалены надзе́яй. Надзе́я-ж бачаная ня ёсьць надзе́я; бо калі хто бачыць, дык чаго яму й спадзявацца?
Мы бо збаўлёныя надзеяй; надзея-ж бачучая ня ёсьць надзеяй; калі бо ўжо хто бачыць, дык чаго яму йшчэ спадзявацца?
Але, калі спадзяе́мся таго, чаго ня бачым, дык чакаем цярпліва.
А вось, як спадзяёмся таго, чаго ня відзім, дык цярпліва чакаем.
Гэтак сама й Дух дапамагае ў слабасьцях нашых; бо мы ня ве́даем, аб чым маліцца, як трэба, але Сам Дух стараецца за нас стагнаньнямі нявымоўнымі.
Такжа й Дух падтрымоўвае нашу немач; бо ня ведаем яксьлед чаго маліць; але сам Дух зя нас моліць нявыказнымі ўздыханнямі.
Хто-ж выве́дывае сэрцы, Той ве́дае, якая думка ў Духа, бо Ён стараецца за сьвятых па волі Божай.
Той, што пранікае сэрцы, ведае чаго просіць Дух: Ён па волі Божай рупіцца аб сьвятых.
Дый ве́даем, што тым, хто любіць Бога, пакліканым па Яго пастанове, усё памагае на дабро;
Дый ведаем, што любячым Бога з празначэння пакліканым усё на дабро абяртаецца;
бо, каго Ён напе́рад пазнаў, тым наперад і празначыў быць падобнымі да абраза Сына Свайго, каб Ён быў першако́м між многімі братамі;
каго бо Ён прадузнаў, тым і прызначыў стацца падобнымі вобразу ягонага Сына, які меў быць першародным між многімі братамі;
а каго напе́рад празначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і уславіў.
а каго Ён празначыў, тых і паклікаў; каго-ж паклікаў, тых і апраўдаў; каго апраўдаў, тых і ўславіў.
Дык што-ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
І штож скажам на гэта? Калі за нас Бог, дык хтож насуперак нам?
Той, які Сына Свайго пе пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго?
Ён, што Сына свайго не пашчадзіў, а выдаў за ўсіх нас, якжаб і нам разам зь Ім не дараваў усяго?
Хто будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, які апраўдывае.
Хтож будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, які апраўдывае?
Хто асуджае? Хрыстос, які памёр, але-ж і ўваскрос. Ён і праваруч Бога, Ён і просіць за нас.
Хто асуджаціме? Езус Хрыстус, які ўмёр, алеж і згробуўстаў ды праваруч Бога за нас заступаецца?
Хто адлучыць нас ад любві Божае? Гора, ці у́ціск, ці перасьле́даваньне, ці голад, ці нагата́, ці небясьпе́ка, ці ме́ч? Водле напісанага:
Хтож тады адлучыць нас ад любасьці Божай? Гора, прыгноба, ці прасьлед? Галіта ці голад? Меч ці небясьпека?
За Цябе́ забіваюць нас кожны дзе́нь; лічаць нас за аве́чкі, ахвяраваныя на зарэз (Псальм 43:23).
Як напісана: За Цябе ўвесь дзень мораць нас; лічаць авечкамі зданымі на зарэз (Пс. 43:22).
Але ўсё гэтае перамагаем праз Палюбіўшага нас.
Але ўсё гэта паконываем праз Таго, што ўмілаваў нас.
Бо я пэўны, што ні сьме́рць, ні жыцьцё, ні ангелы, ні ўлады, ні сілы, ні цяпе́рашняе, ні будучае,
Я упэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні Анелы, ні Уладзтвы й Магуцтвы, ні цяперашнясьць,
ні вышыня, ні глыбіня, ні другое якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любві Божае, што́ ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.
ні вышыня, ні глыбіня, ані які іншы твор ня ў сіле адлучыць нас ад любасьці Бога ў Езусе Хрыстусе, Усеспадару нашым.