Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Дык кажу: няўжо-ж Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я — Ізраільцянін ад насе́ньня Аўраамавага, з кале́на Бэніямінавага.
Дык пытаюся: няўжо адкінуў Бог народ Свой? Ніякім чынам! Бо і я ізраэлец з нашчадкаў Абрагама, з пакалення Бэньяміна.
Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён напе́рад ве́даў. Ці ня ве́даеце, што́ кажа Пісаньне (у апавяданьні) аб Ільлі? як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
Не адкінуў Бог народа Свайго, які ведаў загадзя. Ці не ведаеце, што Пісанне кажа аб Іллі? Як ён скардзіцца Богу на Ізраэль:
Госпадзе! прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Тваі зруйнавалі; астаўся я адзін, і душу маю шукаюць (3 Царств 19:14).
«Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Твае паразвальвалі, застаўся я толькі адзін, і на маю душу цікуюць».
Што-ж кажа яму (Божы) адказ? Я пакінуў Сабе́ сем тысячаў чалаве́каў, што ня ўкле́нчылі перад Ваалам (3 Царств 19:18).
А што ж кажа яму адказ Божы? «Пакінуў Я Сабе сем тысяч мужоў, якія не ўкленчылі перад Баалам».
Вось гэтак і ў цяпе́рашні час, па выбару ласкі, захавалася рэшта.
Так вось і ў наш час захавалася рэшта, выбраная ласкай.
Калі-ж праз ласку, дык не праз учынкі; іначай ласка ня была-б ужо ласкай. А калі праз учынкі, дык гэта ўжо ня ласка: іначай учынак ня ёсьць ужо ўчынак.
А калі з ласкі, дык не за ўчынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай. [А калі за ўчынкі, то гэта ўжо не ласка, інакш учынак не ёсць ужо ўчынкам.]
Што-ж? Ізраіль чаго шукаў, таго не дастаў; выбраныя дасталі, а рэшта разьлютавалася,
Дык што ж? Чаго шукаў Ізраэль, таго не дасягнуў, дасягнулі толькі абраныя; іншыя ж аслеплі,
як напісана: Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, ажно па сяньняшні дзе́нь (Ісая 29:10; Другазаконьне 29:4).
як напісана: «Даў ім Бог духа атупення, вочы, каб не бачылі, і вушы, каб не чулі, аж па сённяшні дзень».
І Давід кажа: Хай будзе ім стол іх се́ткаю і цянётамі, і спакусай і адплатаю;
І Давід кажа: «Хай стол іх станецца ім сілом, і каменем спатыкнення, і згаршэннем, і адплатаю ім.
няхай зацьмяцца вочы іх, каб ня бачыць, і хрыбе́т іх няхай будзе сагнуты назаўсёды (Псальм 68:23−24).
Хай вочы іх зацемрацца, каб не бачылі, і сцёгны іх абнясіль назаўсёды».
Дык кажу: няўжо-ж яны спаткнуліся, каб зусім упасьці? Няхай ня станецца. Але ад іх упадку збаўле́ньне паганам, каб збудзіць у іх рупнасьць.
Дык я кажу: няўжо яны спатыкнуліся каб упасці? Ніякім чынам! Але іх упадак стаўся для паганаў збаўленнем, каб прынукаць іх да руплівасці.
Калі-ж упадак іх — багацьце сьве́ту, і абядне́ньне іх — багацьце паганам, дык колькі-ж бале́й іх поўня?
Калі іх упадак стаўся багаццем для свету і паніжэнне іх — багаццем для паганаў, дык тым больш іх паўната.
Вам-жа кажу, паганам: як Апостал паганаў, я ўслаўлю служэньне мае́,
Вам жа, паганам, кажу: пакуль застаюся апосталам паганаў, ганаруся сваёй паслугай,
ці ня збуджу рупнасьці ў сваякоў маіх на це́лу і ці ня збаўлю некаторых з іх?
бо, можа, як-небудзь паклічу да руплівасці кроўных маіх і хоць некаторых прывяду да збаўлення.
Бо, калі забракаваньне іх — замірэньне сьве́ту, дык што́ прыняцьце, як ня жыцьцё з мёртвых?
Бо калі іх адрынутасць ёсць прымірэнне свету, то чым жа будзе далучэнне, калі не жыццём з мёртвых?
Калі рашчына сьвятая, дык і ме́сіва; і калі корань сьвят, дык і гальлё.
Бо калі рошчына святая, дык і цеста, і калі корань святы, то і галіны.
Калі-ж некаторыя з галін адламаліся, а ты-ж, быўшы дзікай аліўкай, прышчапіўся заме́ст іх і стаўся злучом караня й соку аліўкі,
Калі ж некаторыя галіны былі адламаны, а на іх месца ты быў прышчэплены, што быў аліўнай дзічкай, ты стаўся супольнікам тлустасці кораня алівы,
дык не вывышшайся перад галінамі; калі-ж вывышшаешся, дык ня ты дзе́ржыш корань, але корань — цябе́.
дык не ганарыся адносна галін, бо калі будзеш ганарыцца, [то ведай,] што не ты трымаеш корань, але ён цябе.
Дык скажаш: галіны адламаліся, каб мне́ прышчапіцца.
Можа скажаш: «Адламаны галіны, каб я быў прышчэплены».
Добра. Яны адламаліся няве́рыем, а ты дзе́ржышся ве́раю; ня пышайся, але бойся.
Слушна; адламаны яны дзеля нявер’я, а ты трымаешся верай. Таму не мудруй, але сцеражыся.
Бо, калі Бог прыродных галін не пашкадаваў, дык глядзі, ці й цябе́ пашкадуе.
Бо калі Бог не пашкадаваў галін прыродных, можа таксама не пашкадаваць і цябе.
Дык бачу дабрату і срогасьць Божую: срогасьць да адпаўшых, а дабрата да цябе́, калі будзеш у дабраце́ (Божай); іначай і ты будзеш адцяты.
Дык уважай на добрасць ды суровасць Божую: на суровасць адносна тых, што ўпалі, і добрасць Божую да цябе, калі толькі вытрываеш у добрасці [Божай], бо інакш і ты будзеш адкінуты.
І тыя, калі не астануцца у няве́рыі, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх.
Але і яны, калі не будуць трываць у нявер’і, будуць прышчэплены, бо Бог мае моц ізноў іх прышчапіць.
Бо, калі ты адсе́чаны ад дзікое па прыродзе аліўкі і, насупраць прыродзе, прывіўся да добрае аліўкі, колькі-ж бале́й тыя, што́ згодны з прыродай, прышчэпяцца да свае́ аліўкі?
Бо калі быў ты адсечаны ад прыроднай табе аліўнай дзічкі і насупраць прыроды прышчэплены да добрай алівы, дык тым лягчэй могуць быць прышчэплены да сваёй алівы тыя, што прыродныя.
Бо не хачу пакінуць вас, браты, у няве́даньні аб гэтай тайне, (каб вы былі мудрымі праз сябе́), — што разьлютаваньне сталася ў Ізраілю часткова, да часу, пакуль увойдзе поўная лічба паганаў,
Не хачу, браты, каб вы не ведалі гэтай таямніцы, каб вы не мудравалі залішне, бо слепата закранула Ізраэля толькі часткова, пакуль увойдзе паўната паганаў.
ды гэтак уве́сь Ізраіль спасён будзе, як напісана: прыдзе з Сыону Збавіцель і адве́рне бязбожнасьць ад Якуба;
І тады ўвесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца, Ён адверне бязбожнасць ад Якуба.
і гэта ім ад мяне́ запаве́т, калі зьніму з іх грахі іхнія (Ісая 59:20−21; 27:9).
І гэта ім ад Мяне запавет, калі здыму з іх грахі іх».
Паводле-ж Эвангельля яны — ворагі вам; а паводле выбраньня — умілаваныя Божыя дзеля айцоў.
Паводле Евангелля яны — ворагі для вас, а паводле абрання — умілаваныя дзеля бацькоў.
Бо дары і прызваньне Божае нязьменныя.
Бо дары і пакліканне Божае нязменныя.
Як і вы не́калі былі непаслухмянымі, а цяпер памілаваны праз ненаслухмянасьць іхнюю,
Як і вы калісьці не верылі Богу, а цяпер даступіліся міласэрнасці дзеля іх нявер’я,
гэтак і яны цяпе́р непаслухмяныя, каб праз зьмілаваньне над вамі і самі яны памілаваны былі.
так і яны цяпер не ўверылі дзеля міласэрнасці для вас, каб і самі цяпер даступіліся міласэрнасці.
Бо ўсіх Бог замкнуў у непаслухмянасьць, каб усіх памілаваць.
Бо замкнуў Бог усіх у нявер’е, каб усім аказаць Сваю літасць.
О, глыбіня багацьця і мудрасьці і ве́даньня Божага! Як недасяжныя прысуды Яго і нявысьле́дны шляхі Ягоныя!
О глыбіня багацця, і мудрасці, і ведання Божага! Як недаследныя суды Яго і непрасачальныя шляхі Яго!
Бо хто пазнаў розум Госпада? Ці хто быў райцам Яму? (Ісая 40:13.)
Бо хто калі пазнаў думку Госпада? Або хто быў дарадчыкам Яго?
Ці кто даў Яму напе́рад, каб Ён аддаў яму? (Ісая 40:13−14.)
Або хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў таму назад?
Бо ўсё з Яго і праз Яго і ў Яго. Яму слава наве́кі. Амін.
Бо ўсё ад Яго, праз Яго і для Яго. Яму хвала навечна! Амін.