2 да Карынфянаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат, — царкве́ Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі па ўсёй Ахайі:
 
Паўла, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, Царкве Божай, што ў Карынце, з усімі святымі, што ва ўсёй Ахаі:

ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.

Багасла́ўлены Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, Аце́ц міласэрдзя і Бог усякага пацяшэньня,
 
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,

што пацяшае нас у кожным горы нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, што ў усялякім горы, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас самых!
 
Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі суцяшаць тых, што ў якой-колечы бядзе, суцяшэннем, якім самі суцяшаемся ад Бога.

Бо, водле таго, як памнажаюцца ў нас мукі Хрыстовыя, гэтак памнажаецца Хрыстом і паце́ха нашая.
 
Бо як у нас памнажаюцца цярпенні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваецца суцяшэнне наша.

Ці тужым мы, дык дзеля вашае паце́хі і збаўле́ньня, якое дзе́ецца перажываньнем тых жа мук, якія й мы це́рпім; ці ўцяшаемся, дык дзеля вашае паце́хі і збаўле́ньня.
 
І, калі мы смуткуем, дык для суцяшэння вашага і для збаўлення; а калі мы суцяшаемся, дык для вашага суцяшэння, каб вы цярпліва пераносілі гэтыя самыя пакуты, якія і мы церпім.

І надзе́я нашая аб вас цьвёрдая, бо ве́даем, што вы ўчасьнікі як мук нашых, так і пацяшэньня.
 
І надзея наша на вас цвёрдая, бо ведаем, што вы ёсць супольнікі як пакут, так і суцяшэння.

Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ве́далі аб нашым горы, што сталася нам у Азіі, бо бязьме́рна цяжка было нам праз сілу, ажно не спадзяваліся астацца жывымі.
 
Не хочам, браты, каб вы не ведалі пра наша гора, якое сталася ў Азіі, бо нас страшна прыціснула звыш сілы, так што не спадзяваліся жыць.

Але самыя ў сабе ме́лі прыгавор сьмяротны, каб спадзявацца не на самых сябе́, а на Бога, што мертвых ускрашае.
 
Але мы самі ў сабе мелі прысуд смерці, каб не пакладаліся на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых.

Які і выбавіў нас ад гэткае сьме́рці і выбаўляе, і на Якога спадзяе́мся, што й яшчэ выбаўляць будзе
 
Ён і выбавіў нас ад такой смерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць,

пры дапамозе і вашай малітве за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
 
за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за той дар, што мы маем ад многіх людзей, многія падзяку складалі за нас.

Бо пахвала нашая гэткая: пасьве́дчаньне сумле́ньня нашага, што мы ў прастаце́ й яснаце́ Божай, не ў цяле́снай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі на сьве́це, асабліва-ж у вас.
 
Бо пахвала наша — гэта сведчанне сумлення нашага, што ў прастаце ды ў шчырасці перад Богам, і не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.

І мы пішам вам ня іншае, як тое, што вы ці чытаеце, ці разуме́еце, дый спадзяюся, што даканца́ зразуме́еце,
 
Не пішам вам нічога, як толькі тое, што вы чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце разумець.

як вы часткова і зразуме́лі ўжо ў нас, што будзем пахвалой вашай, таксама, як і вы нашай, у дзень Госпада Ісуса.
 
Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы ёсць пахвала ваша, а вы — наша ў дзень Госпада нашага Ісуса.

І з гэтай пэўнасьцяй ме́ўся я прыйсьці да вас ране́й, каб вы другі раз ме́лі ласку,
 
І з такім даверам я ўжо раней хацеў прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,

ды праз вас прайсьці ў Македонію, з Македоніі-ж ізноў прыйсьці да вас, а вы правялі-б мяне́ ў Юдэю.
 
і ад вас прайсці ў Мацэдонію, а з Мацэдоніі зноў прыйсці да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.

Маючы гэткае жаданьне, ці-ж я лёгкадумна не́шта зрабіў? Ці, што я надумываю, водле це́ла надумываю, каб было ў мяне́ то так, так, то не́, не́?
 
Калі я меў гэткі намер, ці рабіў гэта легкадумна? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне: «так — так» і «не — не»?

Ве́рны-ж Бог, што слова нашае да вас ня было так і не́!
 
Верны Бог, што слова наша, якое было ў вас, — не было «так» і «не»!

Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, пра Якога мы ў вас абвяшчалі, — і я, і Сілуан, і Цімахве́й, — ня быў так і не́, але было ў Ім так.
 
Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы вам прапаведавалі, — я, і Сіліван, і Цімафей, — не быў: «так» і «не», але ў Ім было «так».

Бо колькі ёсьць абяцаньняў Божых, у Ім так і ў Ім амін, на славу Богу праз нас.
 
Бо колькі абяцанняў Божых, у Ім — «так». Таму таксама праз Яго «Амін» Богу на хвалу праз нас.

Той жа, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце́ і памазаў нас, ёсьць Бог,
 
А Той, Хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысце ды Хто нас намасціў, ёсць Бог,

Які і запячатаў нас, і даў задатак Духа ў сэрцах нашых.
 
Які пазначыў нас ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.

Я-ж Бога клічу ў сьве́дкі на душу маю, што, ашчаджаючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт
 
Дык прызываю ў сведку Бога і душу маю, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт

не затым, што пануем над ве́раю вашай, — але мы дапамагаем радасьці вашай: бо ве́рай вы цьвёрдыя.
 
не з-за таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасці, бо ў веры вы трывалыя.