2 Яна 1 разьдзел
Другое пасланьне Яна
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Старшы — выбра́най пані і дзе́цям яе́, каторых я запраўды люблю, (і ня толькі я, але і ўсе́, што праўду пазналі),
Старэйшы — абранай гаспадарыні і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я сам, але і ўсе, што пазналі праўду,
дзе́ля праўды, якая прабывае ў нас і будзе з намі наве́кі,
дзеля праўды, што захоўваецца ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасці.
няхай будзе з вамі ласка, зьмілаваньне, мір ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у праўдзе і любві!
Ласка, міласэрнасць, супакой ад Бога Айца і ад Ісуса Хрыста, Сына Айца, хай будзе з намі ў праўдзе і любові.
Я дужа ўце́шыўся, што знайшоў сярод дзяце́й тваіх такіх, што ходзяць у праўдзе паводле таго, як мы дасталі запаведзь ад Айца.
Я быў вельмі рады, што сярод дзяцей тваіх знайшоў такіх, што жывуць у праўдзе, як мы атрымалі пастанову ад Айца.
І сягоньня прашу цябе́, пані, не як новую запаведзь пішучы табе́, але тую, што маем ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго.
І цяпер прашу цябе, гаспадарыня, не як новае прыказанне пішучы табе, але як тое, што мелі мы ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго.
І тое ёсьць любоў, каб мы жылі паводле запаведзяў Яго. Гэта — тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб паводле яе́ хадзілі.
І тое ёсць любоў, каб мы жылі паводле пастаноў Яго; гэта тое прыказанне, якое вы чулі ад пачатку, каб вы жылі па ім.
Бо многа зводнікаў увайшло ў сьве́т, якія не вызнаваюць Ісуса Хрыста, што ў це́ле прыйшоў: гэткі чалаве́к ёсьць зводнік і антыхрыст.
Бо з’явілася на свеце многа зводнікаў, якія не вызнаюць, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе; гэткі ёсць зводнік і антыхрыст.
Глядзе́це за сабою, каб нам ня згубіць таго, над чым мы працавалі, але каб атрымаць поўную нагароду.
Глядзіце самі на сябе, каб не страцілі вы таго, над чым папрацавалі, але каб атрымалі плату поўную.
Кожын, хто пераступае навуку Хрыстовую і не прабывае ў ёй, ня мае Бога; хто-ж прабывае ў навуцы Хрыстовай, той мае і Айца, і Сына.
Кожны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і не трымаецца яе, не мае Бога; а хто трымаецца навукі, той мае і Айца, і Сына.
Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтае навукі, таго ня прымайце ў дом і ня вітайце яго;
Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтай навукі, не прымайце яго ў дом і не вітайце яго.
бо хто вітае яго, той прымае ўдзе́л у благіх учынках яго.
Бо хто яго вітае, стаецца саўдзельнікам яго злачынства.
Шмат маю пісаць да вас, але не хачу на папе́ры ды чарніламі, але спадзяюся прыйсьці да вас і гаварыць вуснамі ў вусны, каб радасьць вашая была поўная.
Шмат маю я вам напісаць, але не хачу на паперы і атрамантам, бо спадзяюся, што да вас прыйду і з вамі пагавару з вуснаў у вусны, каб радасць наша была поўнаю.
Вітаюць цябе́ дзе́ці сястры твае́ выбра́нае. Амін.
Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй абранай.