3 Яна 1 разьдзел

Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Старшы — улюбленаму Гаю, каторага я люблю запраўды.
 
Старэйшы — дарагому Гаю, якога я люблю ў праўдзе.

Умілаваны! Малюся, каб ты быў здароў і пасьпяваў ува ўсім, як пасьпявае душа твая.
 
Улюбёны, малюся, каб ты быў спраўны і здаровы так, як спраўная душа твая.

Бо я дужа ўце́шыўся, калі прыйшлі браты і засьве́дчылі тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.
 
Вельмі ўзрадаваўся я з прыбыцця братоў, якія засведчылі праўду тваю ды як ты жывеш у праўдзе.

Для мяне́ няма большай радасьці, як чуць, што дзе́ці мае́ ходзяць у праўдзе.
 
Для мяне няма большай радасці, як пачуць, што дзеці мае жывуць у праўдзе.

Улюблены! ты робіш ве́рнае, што робіш для братоў і для чужакоў,
 
Ты, улюбёны, па веры робіш, калі рупішся дзеля братоў і дзеля падарожных,

якія засьве́дчылі перад царквою тваю любоў; ты добра зробіш, калі адправіш іх, як трэба дзеля Бога,
 
якія аддалі сведчанне тваёй любові перад царквою. Ты добра зробіш, калі выправіш іх у дарогу па-божаску.

бо яны дзеля іме́ньня Яго пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад паганаў.
 
Бо выправіліся яны ў дарогу ў імя [Яго], не прымаючы нічога ад паганаў.

Дык мы павінны прымаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.
 
Таму мусім гасцінна прымаць такіх, каб быць саўдзельнікамі праўды.

Я напісаў царкве́; але Дыатрэф, што любіць у іх старшынстваваць, ня прымае нас.
 
Я напісаў крыху для царквы, але той, які хоча мець першынство сярод іх, Дыятрэф, не прымае нас.

Дзеля гэтага, калі я прыду, то напомню пра ўчынкі, якія ён робіць, абмаўляючы нас благімі словамі; і, не здаволіваючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і не дае хочучым ды выганяе з царквы.
 
Таму вось, калі прыбуду, нагадаю пра яго ўчынкі, што ён зрабіў, плявузгаючы на нас ліхімі словамі; і быццам яму яшчэ гэтага не хапае, сам не прымае братоў і тым, якія прымаюць, перашкаджае і выганяе з царквы.

Улюблены! не патурай ліху, але дабру. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць зло, ня бачыў Бога.
 
Улюбёны, не наследуй ліхому, але таму, што добрае. Хто добрае робіць, ёсць ад Бога, а хто робіць благое, той не бачыў Бога.

Пра Зьмітра засьве́дчана ўсімі і самой праўдаю; сьве́дчым таксама і мы, і вы ве́даеце, што пасьве́дчаньне нашае праўдзівае.
 
Пра Дэметра ўсе добра сведчаць, і нават сама праўда; і мы таксама сведчым, і ты ведаеш, што сведчанне наша праўдзівае.

Шмат ме́ў я пісаць; але не хачу пісаць да цябе́ чарніламі і трысьцінай,
 
Шмат я меў табе напісаць, але не хачу пісаць табе атрамантам і пяром;

але спадзяюся борзда пабачыць цябе́ і пагутарыць вуснамі ў вусны.
 
спадзяюся, што хутка цябе ўбачу і тады пагаворым з вуснаў у вусны.

Мір табе́! Вітаюць цябе́ сябры; прывітай сяброў паіме́нна.
 
Супакой табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай сяброў пайменна.