Да Рымлянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля абвяшчэння Евангелля Бога,
Паўла, паслугач Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, прызначаны на абвяшчэнне Евангелля Божага,
якое перад гэтым было абяцана праз Яго прарокаў у святых Пісаннях,
якое ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях
пра Ягонага Сына, які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы,
пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда
паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага,
і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу Святому праз уваскрэсенне мёртвых праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы,
Праз Яго атрымалі мы ласку і апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,
сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом.
да якіх належыце і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,
Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!
Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас, бо вашая вера абвяшчаецца па ўсім свеце.
Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;
Маім сведкам ёсць Бог, якому служу ў маім духу праз Евангелле Ягонага Сына, што я пастаянна ўспамінаю пра вас.
сведка мне Бог, Якому служу духам маім, абвяшчаючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,
Кожную хвіліну ў сваіх малітвах прашу, каб мне — калі будзе на гэта Божая воля — пашчасціла калі-небудзь прыйсці да вас.
у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце меў шчасце аднойчы выбрацца ў дарогу адведаць вас.
Прагну пабачыць вас, каб пераказаць вам духоўны дар дзеля вашага ўмацавання,
Я прагну бачыць вас, каб надаць вам штосьці ад ласкі духоўнай і падмацаваць вас,
але больш, каб парадавацца разам з вамі дзеля ўзаемнага суцяшэння праз супольную веру, вашую і маю.
гэта значыць суцешыцца супольна з вамі гэтай верай, вашаю і маёю.
Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што я шмат разоў збіраўся прыйсці да вас, каб які-небудзь плён сабраць і ў вас, як і сярод іншых народаў, але аж дагэтуль меў перашкоды.
Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.
Я даўжнік грэкаў і чужаземцаў, мудрых і неразумных.
Я даўжнік грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.
Таму таксама вельмі прагну і вам, жыхарам Рыма, абвяшчаць Евангелле.
Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.
Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая для збаўлення кожнага, хто верыць, спярша юдэя, а потым і грэка.
Бо я не саромеюся Евангелля [Хрыстова]: яно ёсць моц Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш юдэю, і грэку.
Бо ў ім адкрываецца Божая справядлівасць з веры для веры, як напісана: «Праведны жыць будзе вераю».
Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».
Гнеў жа Божы аб’яўляецца з неба супраць усялякай бязбожнасці і несправядлівасці людзей, якія стрымліваюць праўду несправядлівасцю.
Гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,
Бо тое, што можна ведаць пра Бога, відавочнае сярод іх, таму што Бог адкрыў ім.
бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.
Ад стварэння свету Яго нябачныя рысы — адвечная Яго моц і Боскасць — бачныя ў заўважальных чынах, таму няма ім апраўдання.
Ды ад стварэння свету нябачнае [Божае] і спрадвечная Яго магутнасць і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца [ад віны].
Яны ж, пазнаўшы Бога, не як Бога праслаўлялі Яго і дзякавалі Яму, але сталі нікчэмнымі ў сваіх разважаннях, і зацямнілася іх неразумнае сэрца.
Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.
Называючы сябе мудрымі, яны сталі неразумнымі
Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,
і славу нятленнага Бога замянілі на вобраз тленнага чалавека, птушак, чатырохногіх і паўзуноў.
нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.
Таму і аддаў іх Бог праз пажадлівасць іхніх сэрцаў нячыстасці, каб яны самі зняславілі свае целы.
Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.
Яны замянілі праўду Божую на фальш і пачалі пакланяцца і служыць стварэнню, а не Стварыцелю, які благаслаўлёны навекі. Амэн.
Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які дабраславёны навечна. Амін.
Таму выдаў іх Бог ганебным страсцям. Іх жанчыны змянілі згоднае з натурай жыццё на тое, што супраць натуры.
Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іх замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.
Таксама і мужчыны, пакідаючы натуральнае сужыццё з жанчынай, запалалі пажадлівасцю адзін да аднаго. Мужчыны з мужчынамі чынячы нягоднае, самі на сябе наклікалі належную кару за вычварэнне.
Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.
А паколькі не палічылі патрэбным мець пазнанне Бога, выдаў іх Бог няздольнаму розуму, каб чынілі неадпаведнае.
А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,
Яны поўныя ўсялякай несправядлівасці, нягоднасці, прагнасці, злосці, напоўненыя зайздрасцю, забойствам, спрэчкай, подступам, зласлівасцю, абмовай.
і напоўнены яны ўсякаю нягоднасцю, [чужаложствам], ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці,
Яны паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, пыхлівыя, самахвалы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
плеткары, паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любові, бязлітасныя.
неразумныя, падступныя, бязлітасныя і неміласэрныя.
Яны ведаюць наказ Бога, што той, хто так чыніць, варты смерці, аднак не толькі самі так робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто так робіць.
Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і спрыяюць тым, што так робяць.