Юда 1 разьдзел
Пасланьне Юды
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якіх умілаваў Бог Айцец і захаваў Езус Хрыстус.
Юда, паслугач Ісуса Хрыста, брат Якуба, пакліканым, асвечаным у Богу Айцу і захаваным у Ісусе Хрысце:
Няхай памножацца ў вас ласка, спакой і любоў.
хай памножыцца вам міласэрнасць, і супакой, і любоў.
Умілаваныя, з усёй руплівасцю пішу вам пра нашае супольнае збаўленне. Я палічыў неабходным заахвоціць вас змагацца за веру, раз перададзеную святым.
Улюбёныя, прыкладаючы ўсю стараннасць, каб напісаць вам пра супольнае наша збаўленне, я палічыў неабходным напісаць вам, каб заахвоціць змагацца за веру, раз і назаўсёды дадзеную святым.
Бо закраліся між вас нейкія людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэнне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага замянілі на разбэшчанасць і выракаюцца адзінага Валадара і нашага Пана, Езуса Хрыста.
Пралезлі бо да вас нейкія людзі, якія здаўна прызначаны на гэтае асуджэнне, бязбожныя, каторыя ласку Бога нашага замяняюць на распусту і выракаюцца адзінага Валадара і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў.
Хачу вам прыпомніць, хоць вы ўсё ведаеце, што Госпад найперш вызваліў народ з зямлі Егіпецкай, а пасля выгубіў тых, што не верылі;
Анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасці і пакінулі сваё жыллё, Ён трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага суднага дня.
анёлаў жа, што не збераглі сваёй дастойнасці, але пакінулі сваё жыллё, звязаных вечнымі путамі, затрымаў у цемрадзі да вялікага суднага дня.
Падобна Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным агнём.
Таксама Садом, і Гамора, і суседнія гарады, што падобным чынам аддаваліся жарсцям і ўлягалі за чужым целам, сталіся прыкладам, церпячы кару вечнага агню.
Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты.
Падобна будзе і тым легкадумным, што паганяць цела, зневажаюць улады ды блюзняць супраць славы [нябеснай].
Нават арханёл Міхал, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі, але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!»
Калі арханёл Міхал гаварыў з д’яблам, спрачаючыся пра цела Майсея, не адважыўся кінуць блюзнячага асуджэння, але сказаў: «Хай Госпад цябе пакарае».
А гэтыя зневажаюць тое, чаго не ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе знішчаюць.
Яны ж блюзняць на тое, чаго не ведаюць, а што па прыродзе ведаюць, як неразумныя жывёліны, гэтым самі сябе знішчаюць.
Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна. Дзеля ўзнагароды Балаама ўчынілі ашуканства і загінулі як узбунтаваны Карэй. На вашых гасцінах любові яны — ганьба, банкетуюць з вамі без страху, дагаджаючы сабе!
Гора ім, бо пайшлі яны дарогай Каіна, і паддаліся ашуканству за плату, як Балаам, і ў бунце, як Корэ, загінулі.
Гэта аблокі бязводныя, што вецер ганяе, гэта восеньскія дрэвы, бясплодныя, цалкам засохлыя і выкаранёныя,
Яны — ганьба на вашых агапах, што банкетуюць у вас без страху і пасвяць саміх сябе; воблакі без вады, што ветрам гоняцца, дрэвы асеннія бясплодныя, двойчы мёртвыя, выкарчаваныя,
гэта дзікія хвалі марскія, што пеняцца сваім сорамам, зоры блукаючыя, для якіх змрок цемры навекі наканаваны.
раз’юшаныя віры марскія, што пеняцца сваёю брыдотаю, блукаючыя зоркі, для якіх бясконцасць цемрадзі навек захавана.
Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: «Вось прыйшоў Пан з мірыядамі святых,
Вось жа, пра іх праракаваў Гэнох, сёмы па Адаме, кажучы: «Вось ідзе Госпад з мноствам Сваіх святых,
каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі грэшнікамі».
каб учыніць суд над усімі ды абвінаваціць кожную душу ва ўсіх яе нягодных учынках, у якіх яны чынілі бязбожнасць, і ва ўсіх ліхіх [словах] супраць Яго, якія яны, бязбожныя грэшнікі, прамаўлялі».
Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля сваёй карысці.
Яны наракаюць і жаляцца на свой лёс ды жывуць згодна сваёй пажадлівасці, і вусны іх гавораць напышліва, і дзеля карысці бываюць ліслівыя да людзей.
Вы ж, умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней Апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста,
Вы ж, улюбёныя, майце ў памяці словы, сказаныя апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста,
які кажа вам, што ў апошнія часы з’явяцца насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваіх бязбожных жаданняў.
якія казалі вам: «У апошні час аб’явяцца насмешнікі, якія будуць жыць паводле бязбожнай пажадлівасці сваёй».
Гэта тыя, хто сее падзелы, кіруецца інстынктамі і не мае Духа.
Гэта тыя, што самі сябе адлучаюць, душэўныя; яны не маюць Духа.
Але вы, умілаваныя, будуйцеся на найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым.
Вы ж, улюбёныя, грунтуючыся на найсвяцейшай веры вашай, молячыся ў Духу Святым,
Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага.
у любові Божай захоўвайце саміх сябе, чакаючы міласэрнасці Госпада нашага Ісуса Хрыста на жыццё вечнае.
Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя;
Да тых, што сумняваюцца, будзьце міласэрнымі,
другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; яшчэ іншым спачувайце асцярожна, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.
іх ратуйце, вырываючы з агню, да іншых будзьце міласэрнымі з бояззю, брыдзячыся нават тым апаганеным адзеннем, якое ёсць на целе.
А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі,
А Таму, Хто можа ўсцерагчы вас ад граху і паставіць беззаганнымі і ў радасці на віду Сваёй славы,
Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана — слава, веліч, панаванне і ўлада перад усімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.
адзінаму [мудраму] Богу, Збаўцы нашаму, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, — слава, веліч, моц ды ўлада перад усімі вякамі, і цяпер, і ў векі вечныя. Амін.