1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, —
 
Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачамі, што разглядалі, ды чаго дакраналіся нашы рукі, — аб Слове жыцця, —

бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, —
 
і жыццё аб’явілася, і мы ўбачылі, і сведчым, і прапаведуем вам жыццё вечнае, якое было ў Айца і аб’явілася нам, —

тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом.
 
весцім і вам, што мы ўбачылі і пачулі, каб і вы мелі супольнасць з намі. А супольнасць наша — з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

Гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай.
 
І мы гэта пішам, каб наша радасць была поўнаю.

Навіну, якую мы пачулі ад Яго, абвяшчаем вам, што Бог ёсць Святло і няма ў Ім ніякай цемры.
 
Такая вось вестка, якую мы пачулі ад Яго ды абвяшчаем вам, што Бог ёсць святло і няма ў Ім ніякае цемры.

Калі мы кажам, што маем еднасць з Ім, а ходзім у цемры, то мы хлусім і паступаем не па праўдзе.
 
Калі мы будзем казаць, што маем супольнасць з Ім, а ходзім у цемры, мы хлусім і размінаемся з праўдай.

А калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць паміж сабою, і кроў Езуса, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага граху.
 
Калі ж мы будзем хадзіць у святле, так як Ён у святле, тады маем супольнасць адны з аднымі, і Кроў Ісуса [Хрыста], Сына Яго, ачышчае нас ад усякага граху.

Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды.
 
Калі мы будзем казаць, што не маем граху, дык падманваем саміх сябе і праўды няма ў нас.

Калі ж вызнаём нашыя грахі, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці.
 
Калі вызнаём свае грахі, дык Ён — верны і справядлівы, каб адпусціць нам грахі ды ачысціць нас ад усякае несправядлівасці.

Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас Ягонага слова.
 
Калі мы будзем казаць, што не грашым, дык робім Яго ашуканцам, і слова Яго няма ў нас.