2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу, Айцу нашым, і Пану Езусе Хрысце:
Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Ісусе Хрысце:
ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, і гэта слушна, таму што ўзрастае вера вашая і павялічваецца любоў кожнага з усіх вас адзін да аднаго.
Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як і належыць, бо вера ваша вельмі ўзрастае ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца,
Таму мы самі ганарымся вамі сярод Касцёлаў Божых з прычыны вытрываласці вашай і веры ва ўсіх ганеннях вашых і ўціску, якія вы зносіце.
так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасці і веры ва ўсіх пераследаваннях вашых і прыгнётах, якія пераносіце,
Гэта доказ справядлівага Божага суда, каб вы аказаліся вартымі Божага Валадарства, дзеля якога і церпіце.
на доказ справядлівага суда Божага, каб былі вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і церпіце.
Бог справядліва адплаціць уціскам тым, хто вас уціскаў.
Бо справядліва ёсць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,
І вам, якія церпіце ўціск, а таксама нам дасць адпачыць падчас аб’яўлення з нябёсаў Пана Езуса разам з анёламі моцы Ягонай.
і вам, якія прыгнёт пераносіце, даць супачынак з намі ў час аб’яўлення з неба Госпада нашага Ісуса з анёламі магутнасці Яго,
Полымем агню Ён пакарае тых, хто не пазнаў Бога і не слухаецца Евангелля Пана нашага Езуса.
у полымі агню, несучы адплату тым, што не ведаюць Бога і не слухаюць Евангелля Госпада нашага Ісуса [Хрыста].
Яны будуць пакараныя вечнай пагібеллю і не змогуць убачыць аблічча Пана і хвалы моцы Ягонай,
Яны атрымаюць пакаранне вечнай пагібеллю ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго,
калі Ён прыйдзе ў той дзень праславіцца ў сваіх святых ды здзівіць усіх, хто паверыў. Вы ж прынялі з вераю нашае сведчанне.
калі Ён прыйдзе праславіцца ў Сваіх святых ды ў той дзень задзівіць усіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сведчанню ў гэты дзень.
Мы заўсёды молімся за вас, каб наш Бог прызнаў вас годнымі паклікання і з моцаю здзейсніў усялякі добры намер і справу веры,
Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі Свайго паклікання і напоўніў вас моцай ва ўсякім жаданні добрага і ўчынках веры,
каб праславілася імя Пана нашага Езуса ў вас, а вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Пана Езуса Хрыста.
каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.